Як заявіў у аўторак дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан, ЗША гатовыя да перамоваў з Паўночнай Карэяй у любы час, аднак Пхэньян павінен праявіць гатоўнасьць да зьмены курсу ў пытаньні аб сваёй ядзернай і ракетнай праграмах, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Выступаючы ў адным з вашынгтонскіх аналітычных цэнтраў, Тылерсан адзначыў, што ЗША гатовыя адказаць на любую пагрозу з боку Паўночнай Карэі і што ўзброеныя сілы ЗША атрымалі загад трымаць напагатове ўсе наяўныя сродкі на выпадак падобнага разьвіцьця падзей.
«Мы гатовыя да перамоваў у любы момант, калі да перамоваў будуць гатовыя яны», — сказаў Тылерсан, дадаўшы, што Паўночная Карэя павінна быць гатовая «зрабіць выбар».
Раней дзяржсакратар ЗША выказваў гатоўнасьць выкарыстоўваць каналы камунікацый з Пхэньянам, аднак прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у гэтай сувязі, што кіраўнік Дзярждэпартамэнту дарма марнуе час.
Сёлета КНДР ужо правяла сэрыю выпрабаваньняў балістычных ракет і ядзернай зброі. Апошняе выпрабаваньне балістычнай ракеты было праведзенае 28 лістапада, пасьля яго КНДР заявіла, што яе ракета здольная даляцець да ЗША, выклікаўшы чарговы віток напружанасьці ў стасунках са Злучанымі Штатамі і іх саюзьнікамі ў рэгіёне.
Запуск балістычнай ракеты асудзілі генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг і кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыка Магерыні.