Аляксандар Лукашэнка падпісаў 20 верасьня ўказ № 338 «Аб падатковым кансультаваньні». Інстытуцыю падатковых кансультантаў у Беларусі абяцаюць стварыць «з улікам станоўчага замежнага досьведу».
Тэкст указу пакуль не апублікаваны, толькі камэнтар да ўказу на сайце прэс-службы Лукашэнкі.
На падатковага кансультанта будзе ўскладацца поўная матэрыяльная адказнасьць «за якасьць і вынік» іхнай дзейнасьці. Ці значыць гэта, што кліенты падатковых кансультантаў вызваляюцца ад адказнасьці за парушэньні ў сплаце падаткаў, не ўдакладняецца. Але «рызыкі ўчыненьня шкоды» пры карыстаньні іхнымі паслугамі належаць абавязковаму страхаваньню.
Зварот да падатковага кансультанта абяцаюць не рабіць абавязковым — выключна добраахвотным. Ён «ні ў якім разе ня будзе навязвацца» прадпрымальнікам і ўстановам.
Аказваць паслугі падатковага кансультаваньня змогуць індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама ўстановы, што маюць у штаце прынамсі аднаго падатковага кансультанта, пасьля здачы кансультантам іспыту ў Міністэрстве падаткаў.
У Беларусі за нясплату або ўхіленьне ад сплаты падаткаў можа пагражаць і адміністрацыйная, і крымінальная адказнасьць. За ўхіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры можа пагражаць да 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Цяпер па «справе прафсаюзаў» за кратамі знаходзіцца бухгальтар прафсаюзу РЭП Ігар Комлік, якога падазраюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, але ён прызнаны палітвязьнем — праваабаронцы мяркуюць, што «справа прафсаюзаў» палітычна матываваная. Аналягічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў жніўні 2011 году ў дачыненьні да старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, яму прысудзілі 4,5 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму (вызвалілі па амністыі ў чэрвені 2014 году).