Такое рашэньне зьмяшчаецца ва ўрадавай пастанове № 606, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.
Згодна з дакумэнтам, у пералік увайшло восем арганізацый. Да лістападу бягучага году яны абавязаныя штомесяц роўнымі долямі пералічваць у рэспубліканскі бюджэт частку прыбытку за студзень—сакавік — звыш падатку, які пералічваецца ў бюджэт згодна з нацыянальным заканадаўствам.
Сумарны аб’ём пералічэньняў павінен скласьці 6 мільёнаў 324 тысячы рублёў.
У пералік уключаныя прыбытковыя акцыянэрныя таварыствы і прадпрыемствы. Сярод іх — «Беларуская ўнівэрсальная таварная біржа», РУП аэранавігацыйнага абслугоўваньня «Белаэранавігацыя», РУП нагляду за электрасувязьзю «БелДІЭ», зьнешнегандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Белзьнешпрамсэрвіс», ААТ «Завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраеньня», камунальнае прадпрыемства «Менскпраект».
Самы буйны платнік — ААТ «Гомельтранснафта „Дружба“». Прадпрыемству неабходна пералічыць 2 мільёны 678 тысяч рублёў, або 42,3% ад усёй сумы. Другім ідзе РУП «Белтэлекам» — 2,5 мільёна рублёў, або 39,5% ад агульнай сумы.