«Мы абмяркоўвалі ўсе бакі нашага супрацоўніцтва з ЗША, уключаючы і прадастаўленьне Ўкраіне [дапамогі] для пашырэньня нашых абаронных магчымасьцяў, супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сфэры. Але абмеркаваньне гэтых пытаньняў да прыняцьця канчатковага рашэньня патрабуе цішыні. Сёньня я не хацеў бы камэнтаваць гэтыя пытаньні, але магу сказаць, што сёньняшнім абмеркаваньнем я задаволены», — заявіў Пятро Парашэнка па выніках сустрэчы зь міністрам абароны ЗША.
У сваю чаргу Джэймс Мэтыс пацьвердзіў намер узмацніць супрацоўніцтва ЗША з Украінаю ў вайсковай сфэры. «Зусім нядаўна мы зацьвердзілі рашэньне пра пастаўку тэхнікі Ўкраіне на 175 мільёнаў даляраў, уключаючы спэцыяльнае абсталяваньне, якое можа палепшыць абароназдольнасьць Украіны», — паведаміў міністар абароны ЗША.\
«Калі казаць пра летальную зброю, мы разглядаем гэтае пытаньне. Пасьля свайго вяртаньня, з улікам таго, што я пабачыў і пра што даведаўся, я, вядома, буду інфармаваць кіраўніцтва краіны пра тое, што ёсьць рэчы, якія я буду рэкамэндаваць для ажыцьцяўленьня», — падкрэсьліў кіраўнік Пэнтагону.
Пятро Парашэнка таксама паведаміў, што падчас сустрэчы з Джэймсам Мэтысам абмяркоўвалася рэалізацыя менскіх дамоўленасьцяў для вырашэньня сытуацыі на Данбасе і магчымасьць пашырэньня міжнароднай прысутнасьці ў Луганскай ды Данецкай абласьцях, у прыватнасьці пра міратворчую місію ААН.