Галоўнай падзеяй урачыстасьцяў стане ваенны парад, які пачнецца а 10:00 у цэнтры Кіева. Парад будзе прымаць прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.
З нагоды сьвята ў Кіеў прыбылі міністры абароны краінаў-партнэраў Украіны, у тым ліку міністар абароны Злучаных Штатаў Амэрыкі Джым Мэтыс, а таксама шмат гасьцей і афіцыйных дэлегацыяў, якія будуць назіраць за парадам.
23 жніўня з нагоды 26-й гадавіны незалежнасьці Ўкраіны прэзыдэнт ўрачыста адкрыў на Храшчаціку выставу ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі, якая будзе доўжыцца да 27 жніўня.
У цэнтры сталіцы адбудзецца «Хада няскораных» з удзелам чальцоў сем’яў загінулых удзельнікаў антытэрарыстычнай апэрацыі і Герояў Нябеснай сотні, а таксама сьвята ўшанаваньня валянтэраў, іншыя мерапрыемствы.
Як перадае агенцтва УНІАН, у гэты дзень заплянаваныя ўрачыстыя мерапрыемствы па ўсёй краіне, са сьвятам суайчыньнікаў павіншавалі высокапастаўленыя чыноўнікі.
Так, прэм’ер-міністар Уладзімер Гройсман раніцай разьмясьціў на сваёй старонцы ў Facebook віншаваньне і апублікаваў відэазварот.
Неўзабаве віншаваньне з гадавінай Незалежнасьці зьявілася на афіцыйнай старонцы прэзыдэнта Пятра Парашэнкі ў Facebook.
Са сьвятам Украіну таксама павіншаваў міністар абароны Сьцяпан Паўтарак.
Украіна атрымала віншаваньне ад Усясьветнага банку, які да Дня Незалежнасьці падрыхтаваў адмысловы відэаролік.
У 26-ю гадавіну незалежнасьці Ўкраіны па блаславеньні прадстаяцеля Ўкраінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) Мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны Ануфрыя ва ўсіх храмах і манастырах УПЦ адбудуцца малебны за мір у дзяржаве і ўкраінскі народ.
Як паведамляюць украінскія мэдыя, падтрымліваць правапарадак падчас урачыстасьцяў 23-24 жніўня будуць 15 тысяч супрацоўнікаў Нацыянальнай паліцыі, Нацгвардыі, Дзяржаўнай памежнай службы і Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях. Як удакладніў намесьнік міністра ўнутраных спраў Сяргей Яравых, гэта адбываецца празь верагоднасьць нападаў з мэтай дэстабілізацыі сытуацыі.