Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нармандзкая чацьвёрка» выступіла за спыненьне агню на Данбасе да пачатку навучальнага году


Архіўнае фота: падчас сустрэчы кіраўнікоў у «нармандзкім фармаце» ў Парыжы 2 кастрычніка 2015 году
Архіўнае фота: падчас сустрэчы кіраўнікоў у «нармандзкім фармаце» ў Парыжы 2 кастрычніка 2015 году

Кіраўнікі Ўкраіны, Нямеччыны, Францыі і Расеі ў ходзе тэлефоннай размовы ў так званым «нармандзкім фармаце» выказалі рашучую падтрымку рашэньню аб’явіць новы рэжым спыненьня агню на Данбасе з нагоды пачатку навучальнага году, гаворыцца ў афіцыйнай заяве па выніках размовы, пра якую паведамілі яе бакі.

Гэта рашэньне, гаворыцца ў паведамленьні, як заплянавана, павінна прыняць у сераду Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляваньні сытуацыі на акупаванай частцы ўкраінскага Данбасу.

«Лідэры выказалі надзею, што гэта спыненьне агню прывядзе да ўстойлівага паляпшэньня сытуацыі бясьпекі ў інтарэсах школьнікаў і ўсяго цывільнага насельніцтва Данбасу. На аснове ўстойлівага рэжыму спыненьня агню лідэры пацьвердзілі пэрсанальную адданасьць далейшай імплемэнтацыі менскіх дамоўленасьцяў», — гаворыцца ў заяве.

У прэс-службе прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі да гэтай заявы дадалі, што кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў неадкладна вызваліць усіх украінскіх закладнікаў, які незаконна ўтрымліваюцца ў палоне.

Акрамя таго, паведамілі на Банкавай, Парашэнка «паведаміў пра сёньняшняе наведваньне горада Шчасьце, непадалёк ад акупаванага Луганска, і пра сустрэчу там з прадстаўнікамі перадавой базы СММ АБСЭ, якая на пастаяннай аснове месьціцца ў Станіцы Луганскай» і «выказаў поўную падтрымку яе кругласутачнай працы ў гэтым горадзе.

Напярэдадні гэтай размовы, падчас рабочай паездкі ў Луганск раней у аўторак, Парашэнка заяўляў, што падчас яе ўкраінскі бок будзе адзначаць неабходнасьць і ўзмацніць місію АБСЭ, стварыўшы ўзброеную місію, і ўвесьці на акупаваную частку Данбасу міратворцаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, і аб’явіць новы рэжым спыненьня агню з 25 жніўня ці, прынамсі, зь 1 верасьня — «каб дзеці, нарэшце, маглі хоць у школу пайсьці», сказаў Парашэнка.

Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Ён выказаў упэўненасьць, што гэта ініцыятыва будзе ўзгодненая з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, і «будзе зроблена ўсё магчымае, каб на Данбасе спынілі страляць». Але, падкрэсьліў тады кіраўнік дзяржавы, «затрымка толькі ў сувязі з тым, што расейскі прэзыдэнт адмаўляецца ад публічнай падтрымкі перамір’я, а значыць, і ад даваньня прамых загадаў расейскім вайскоўцам і баевікам, якія прысутнічаюць на акупаванай тэрыторыі, спыніць страляць».

«І на гэты раз вельмі важна, каб пачуўся менавіта сумесны заклік, у тым ліку і з боку расейскага прэзыдэнта, да агульнага ўстойлівага спыненьня агню. І я падкрэсьліваю, што гэты заклік павінен быць зроблены публічна», — сказаў тады Парашэнка.

Папярэдняя тэлефонная размова лідэраў краінаў «нармандзкага фармату» адбылася 24 ліпеня. Па выніках гэтай размовы стала вядома, што ў другой палове жніўня адбудзецца сустрэча зьнешнепалітычных дарадцаў кіраўнікоў дзяржаў «нармандзкага фармату». Асабістага саміту ў «нармандзкім фармаце» пакуль не плянуюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG