Напэўна, усе варожыя шпіёны ведалі ня толькі пра тое, што ў Шчучыне месьціцца савецкая вайсковая авіябаза, але і асобна па мадэлях маглі пералічыць маркі ўсёй той сотні МІГаў, ЯКаў ды ІЛаў, якія адсюль выляталі патруляваць савецкую паветраную мяжу. Тым ня менш у раённай газэце катэгарычна забаранялася нават ускосна згадваць аб прысутнасьці ў горадзе вайскоўцаў. Калі я, малады журналіст, дазволіў сабе фразу «Дзяўчаты вярталіся з танцаў з Дому афіцэраў», то тут жа быў выкліканы на размову да рэдактара і атрымаў заўвагу за адсутнасьць пільнасьці. У адрэдагаваным тэксьце згадваўся ўжо ня Дом афіцэраў, а «Дом культуры на вуліцы Астроўскага».
У лётчыкаў быў ня толькі Дом афіцэраў, у якім вечарамі палявала на зайздросных заможных жаніхоў большая частка мясцовых нявест. Там былі свае крамы, свая кавярня і сталоўка. Трапіўшы туды праз КПП, у мясцовым «Ваенторгу» можна было разжыцца кавалкам таннай каўбасы альбо імпартнай кашуляй, якія былі недаступныя для мясцовых жыхароў у «цывільнай» частцы райцэнтру.
Калі пачыналіся манэўры (а яны праходзілі даволі часта), над вёскай і ўдзень, і ўначы на малых вышынях са страшным ровам праносіліся зьнішчальнікі — аж дрыжэлі шыбы ў вокнах.
А яшчэ ледзь ня кожнае лета ваколіцамі вёскі ішлі на палігон танкавыя калёны. Сотні і сотні цяжкіх гусенічных машын дашчэнту разьбівалі і без таго незайздросныя вясковыя дарогі ды масты, і аднаўляць іх потым ніхто асабліва не сьпяшаўся. Тым больш што наступным летам усё паўтаралася, так што ў дарожным будаўніцтве асаблівага сэнсу і не было.
Увогуле, азіраючыся назад, я са зьдзіўленьнем думаю, што ў такія, як мая, невялікія вёскі савецкая ўлада ў тыя гады ня ўкладвала ўвогуле ніякіх грошай. Ні ўва што абсалютна. Дарогі, крамы, дзіцячыя сады, тэлефонная сувязь, водаправод і каналізацыя — гэта было недзе далёка і недасяжна. Адзінай выгодай цывілізацыі была электрычнасьць, праведзеная ў 1967 годзе. (Праўда, і тая пэрыядычна адключалася ад перанагрузак ці непагадзі.) Да школы нават самыя малыя дзеці вымушаныя былі дабірацца пехатой, па бездарожжы, часам па калена ў гразі. Часта не ратавалі нават гумовыя боты.
Сродкаў, патрачаных на адзін такі зьнішчальнік, хапіла б, напэўна, і на дарогу, і на водаправод, і на школьны аўтобус для дзяцей. Але хто тады пра гэта адважыўся б сказаць?
Куды ж ішлі заробленыя нашымі бацькамі грошы ў рэспубліцы, якая нібыта бурна і дынамічна разьвівалася?
Калісьці гэтыя зьвесткі лічыліся вялікім сакрэтам, а цяпер яны ў адкрытым доступе. У савецкую эпоху агульная колькасьць групоўкі войскаў на тэрыторыі БССР складала больш за 280 тысяч вайскоўцаў і іншых службоўцаў. Канцэнтрацыя вайсковых часьцей і злучэньняў была самая высокая ў Эўропе. Вайскоўцы разам са сваімі семʼямі (а семʼі тады былі немалыя) складалі дзясятую частку насельніцтва Беларусі. І гэтыя семʼі трэба было забясьпечваць жыльлём, харчаваньнем, дзіцячымі садкамі, школамі, шпіталямі... Ніхто адмыслова для вайскоўцаў не завозіў мяса, малако і хлеб зь іншых рэгіёнаў СССР, усё бралася тут, на месцы. Лічылася, што Беларусь — пасьпяховы, заможны сельскагаспадарчы рэгіён, харчаваньня хопіць на ўсіх. Але пасьля адгрузак ва ўсе саюзныя фонды — не хапала. Нават у гарадах з найбуйнейшымі мясакамбінатамі каўбасы і мяса былі дэфіцытам.
Цяжка дакладна сьцьвярджаць, якая частка тагачаснага беларускага бюджэту ішла на вайсковыя патрэбы. Тым больш што ўласнага вайсковага бюджэту БССР тады ня мела: грошы цэнтралізавана пералічваліся ў Маскву. У СССР гэтыя зьвесткі былі засакрэчаныя. Калі меркаваць па ацэнках ЦРУ ЗША, якія грунтаваліся, сярод іншага, на публічных прызнаньнях Гарбачова, на абарону ў СССР выдаткоўвалася 12–13% ВУП у 1974 годзе і 15–17% — у 1988-м. Адважуся сьцьвярджаць, што для бюджэту БССР, улічваючы колькасьць вайскоўцаў на яе тэрыторыі, гэтыя лічбы былі яшчэ большыя.
А цяпер паглядзім на лічбы сучаснай незалежнай Беларусі. Да сярэдзіны «нулявых» гадоў агульная колькасьць Узброеных сілаў складала 62 тысячы чалавек. Пры гэтым вайсковыя выдаткі адносна ВУП у 2015 годзе склалі 1,2%. Годам раней гэты паказьнік быў 1,3%, у 2006 годзе — 1,7%. Для параўнаньня: Расея ў 2015 годзе траціла на абарону 5,4% усяго ВВП, Украіна — 4%. Іншыя суседзі: Польшча — 2,2%, Літва — 1,1%, Латвія — 1,0%.
І гэта не таму, што беларуская ўлада такая ўжо міралюбная і схільная да раззбраеньня. Проста ў любой маленькай краіны ваенныя мэты і стратэгічныя задачы — непараўнальныя з тымі, што ставяць перад сабой імпэрыі. Укладваць вялікія сродкі ва ўзбраеньне няма ніякага сэнсу.
...Калі прыяжджаю ў родныя мясьціны, заўважаю, як з кожным годам зьмяншаецца колькасьць апрацаваных палёў, як адна за адной занепадаюць жывёлагадоўчыя фэрмы. У савецкі час тут быў засеяны кожны лапік, а кароў і цялят было болей, чым людзей у навакольных вёсках. Пры гэтым, што адметна, у мясцовых сяльпоўскіх крамах у тыя гады не было ні мяса, ні каўбас, ні масла, ні малака — у радыюсе кілямэтраў трыццаці. Цяпер, пры зарослых быльнягом палетках і разваленых фэрмах, у любой, нават самай маленькай крамцы — дзясяткі гатункаў каўбас і вяндлін, малака, сыроў і масла. А мясцовых дзяцей з аддаленых вёсак упершыню ў гісторыі пачалі падвозіць да школы адмысловым аўтобусам.
Чаму? Можа, таму, што ў жалезабэтонных ангарах і сутарэньнях колішняга вайсковага аэрадрому цяпер замест двух авіяпалкоў — майстэрні і склады, а ў ракетных шахтах вырошчваюць шампіньёны?