Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы іранскіх вайскоўцаў уцяклі з Сырыі пасьля падзеньня рэжыму Асада — The Wall Street Journal


Новы афіцыйны сьцяг Сырыі, які вярнуўся і замяніў чырвона-бела-чорны сьцяг, які выкарыстоўваўся пры Асадзе
Новы афіцыйны сьцяг Сырыі, які вярнуўся і замяніў чырвона-бела-чорны сьцяг, які выкарыстоўваўся пры Асадзе

Амэрыканскае выданьне піша пра масавыя ўцёкі іранскіх вайскоўцаў з Сырыі пасьля таго, як уладу ў гэтай краіне страціў хаўрусьнік Тэгерану, дыктатар Башар Асад.

Пасьля зьвяржэньня рэжыму Башара Асада значная частка іранскіх вайскоўцаў пакінула Сырыю, піша The Wall Street Journal са спасылкай на заходніх дыпляматаў і чыноўнікаў. Па іх словах, тысячы іранскіх вайскоўцаў і іх хаўрусьнікаў уцякалі, пакінуўшы тэхніку і зброю. Пазьней зброю зьнішчыў Ізраіль або захапілі байцы групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам», прызнанай тэрарыстычнай у ЗША, Эўразьвязе і іншых краінах сьвету.

Большая частка войскаў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі накіравалася ў горад Эль-Каім, што ў Іраку. Частка вылецела ў Тэгеран, а члены шыіцкай групоўкі «Хэзбала», прызнанай у ЗША тэрарыстычнай, выехалі ў Лібан.

Новы ўрад Сырыі на чале з арганізацыяй «Хаят Тахрыр аш-Шам» разглядае Іран як пагрозу і мае намер не дапусьціць вяртаньня яго фармаваньняў у Сырыю. Фактычны кіраўнік Сырыі Ахмэд аль-Шараа заявіў, што параза Асада адкінула дзесяцігодзьдзі іранскага ўплыву ў рэгіёне.

Іран, які выдаткаваў мільярды на падтрымку рэжыму Асада, быў аслаблены на Блізкім Усходзе ізраільскімі авіяўдарамі і ваеннымі стратамі, дадае The Wall Street Journal.

Іран падтрымліваў рэжым Асада ў Сырыі напару з Расеяй, таксама ад Тэгерану залежаць ХАМАС і «Хэзбала» — іншыя арганізацыі, прызнаныя тэрарыстычнымі. Іран часта адмаўляе свой актыўны ўдзел у падзеях у Сырыі.

Рэжым сям'і Асада ў — сьпярша бацькі, потым сына — кіраваў Сырыяй больш за паўстагодзьдзя. Ужо ў першыя дні пасьля вызваленьня ад дыктатуры, у сьнежні 2024 году, па ўсёй Сырыі вызвалілі тысячы вязьняў палітычных, у тым ліку падземных турмаў, дзе людзі ўтрымліваліся ў нечалавечых умовах. Таксама знойдзеныя масавыя пахаваньні праціўнікаў рэжыму Асада, многіх зь іх закатавалі да сьмерці.

Сам Асад уцёк у Расею, дзе тамтэйшы кіраўнік Уладзімір Пуцін надаў яму палітычны прытулак. У той жа час прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў пра тое, што Расея гатовая супрацоўнічаць з новым урадам Сырыі, хаця за некалькі дзён да падзеньня дыктатуры называла праціўнікаў Башара Асада «тэрарыстамі». Таксама ў Крамлі заявілі пра перамовы аб захаваньні сваіх вайсковых базаў на тэрыторыі Сырыі.

Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі

  • З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
  • Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
  • 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
  • Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
  • На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
  • На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
  • У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
  • 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
  • На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
  • «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG