Беларускія праваахоўнікі затрымалі старшыню рады дырэктараў холдынгу Yaraw Эрнэста Аляксеева.
Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Сьледчым камітэце, крымінальная справа ў дачыненьні да Эрнэста Аляксеева заведзена генэральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па ч. 2 арт. 216 (Прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Падазраваны затрыманы. Праводзяцца неабходныя сьледчыя дзеяньні.
Паводле адной з крыніцаў Tut.by, Аляксеева «зрабілі ахвяярным казлом ў няпростых беларуска-туркмэнскіх адносінах», паводле іншай — у Туркмэністане мяняецца «правайдэр беларускіх інтарэсаў», а Аляксееў «проста так нічога не аддасьць».
Yaraw — афіцыйны прадстаўнік у Туркмэністане шэрагу заводаў, у тым ліку беларускіх МАЗ, БЕЛАЗ, МЗКТ і «Амкадор». Кампанія была часткай групы «Яравіт», але выйшла зь яе складу, працавала на рынку Туркмэністану з 1997. За 2010-2016 год было пастаўлена больш за 5,5 тысячы адзінак тэхнікі МАЗ на 400 млн даляраў, прыблізна столькі ж адзінак тэхнікі МТЗ. Паводле крыніцаў Tut.by, кампанія таксама займалася гандлем нафтапрадуктамі і харчамі.