Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнесоўцу Кныровічу выставілі абвінавачаньне


Аляксандар Кныровіч
Аляксандар Кныровіч

Кіраўніку групы кампаніяў «Сармат-СТІ» Аляксандру Кныровічу выстаўленае абвінавачаньне паводле 2 часткі 243 артыкула Крымінальнага кодэксу. Ён абвінавачаны ў нясплаце падаткаў у асабліва вялікім памеры, — паведаміў Свабодзе кіраўнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю КДБ Дзьмітры Пабяржын.

«Ці гэта азначае, што ранейшыя падазрэньні, пра якія паведамлялі — што Кныровіч даваў хабар — зь яго зьнятыя? Ці можа зьявіцца і такое абвінавачаньне?» — спытаў карэспандэнт Свабоды ў Дзьмітрыя Пабяржына.

«Яму абвінавачаньня па хабары ня выстаўлена. А вось па карупцыйных артыкулах, па хабары выстаўленыя абвінавачаньні ягоным намесьнікам ды іншым асобам, якія фігуравалі ў нашым паведамленьні. А яму, паўтараю, толькі па падатках», — адказаў прадстаўнік КДБ Дзьмітры Пабяржын.

Паводле Пабяржына, мера стрыманьня для Аляксандра Кныровіча засталася тая самая — утрыманьне пад вартай. Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Аляксандар Кныровіч быў затрыманы 25 студзеня неўзабаве пасьля таго, як вярнуўся з Швэйцарыі. Пазьней стала вядома, што разам з Кныровічам затрыманыя 11 чалавек, у тым ліку супрацоўнікі ягоных фірмаў, некаторых дзяржаўных структур, у тым ліку «Брэстэнэрга». Паводле афіцыйных крыніц, у справе ёсьць эпізоды з даваньнем хабару адказным супрацоўнікам ЖКГ і арганізацыя фіктыўных тэндэраў на пастаўкі труб.

Аляксандар Кныровіч таксама вядомы як блогер і вядоўца эканамічнай праграмы ў інтэрнэце. У студзені 2017 году Кныровіч камэнтаваў мэдыям сытуацыю вакол рэзыдэнцыі ў Шаршунах, адносна якой меркавалася, што гэта нібыта 18-я рэзыдэнцыя Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка ў размове з журналістамі 3 лютага гэтак выказаўся пра справу Кныровіча:

«Гэтае пытаньне было на кантролі, і я даручыў без усялякіх адтэрміновак і боязі раскруціць яго. Як акунуліся — там сотні тысяч даляраў круцяцца. Выявілі ўсю цёмную бухгальтэрыю. Самае галоўнае, ён жа цяпер плачацца аб памілаваньні, гатовы кампэнсаваць шкоду, прызнае сваю віну. Спагады да жулікаў ніякай ня будзе. Злодзей павінен сядзець у турме — вось такую рэзалюцыю я наклаў на даклад старшыні Камітэту дзяржбясьпекі. Усе, хто да гэтага датычны, будуць сядзець».

Ці ўсе затрыманыя па гэтай справе застаюцца пад вартай, прадстаўнік КДБ Дзьмітры Пабяржын не адказаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG