Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка пра бізнэсоўца Кныровіча: «Злодзей павінен сядзець у турме»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў інфармацыю пра затрыманьне вядомага бізнэсоўца і блогера, заснавальніка групы кампаній «СарматТэрма-Інжынірынг» Аляксандра Кныровіча.

«Гэтае пытаньне было на кантролі, і я даручыў без усялякіх адтэрміновак і боязі раскруціць яго. Як акунуліся — там сотні тысяч даляраў круцяцца. Выявілі ўсю цёмную бухгальтэрыю. Самае галоўнае, ён жа цяпер плачацца аб памілаваньні, гатовы кампэнсаваць шкоду, прызнаўшы сваю віну. Паблажлівасьці да жулікаў ніякай ня будзе. Злодзей павінен сядзець у турме — вось такую рэзалюцыю я наклаў на даклад старшыні Камітэту дзяржбясьпекі. Усе, хто да гэтага датычны, будуць сядзець», — цытуе БелТА Аляксандра Лукашэнку.

Кіраўнік краіны таксама загадаў вывучыць працу кіраўнікоў раёнаў, дзе чыніліся гэтыя злачынствы.

«Чаму яны дапусьцілі? Чаму яны закуплялі прадукцыю па завышаных цэнах? Сутнасьць гэтага злачынства: куплялі для ЖКГ прадукцыю па завышаных цэнах, гэтую завышаную цану дзялілі паміж тымі, хто купляў, хто быў пасярэднікам. Павязалі дзясяткі людзей хабарам. Адкрывалі рахункі ў Расіі, Літве, Латвіі. Туды гналі грошы, адтуль чамаданамі вывозілі, або на картцы, і дзялілі тут. Цэлая злачынная схема. Якая тут можа быць паблажлівасьць да гэтых людзей, якое памілаваньне?»

27 студзеня КДБ пацьвердзіў, што паводле падазрэньня ў дачы хабару былі затрыманыя кіраўнік групы кампаніяў «СарматТэрма-Інжынірынг» Аляксандар Кныровіч і яшчэ 10 чалавек, датычных да справы.

Бізнэсовец Аляксандар Кныровіч таксама вядомы як блогер і вядучы спадарожнікавага тэлеканалу. У студзені 2017 году Аляксандар Кныровіч камэнтаваў для «Белсату» зьвесткі пра рэзыдэнцыю «Шаршуны» пад Радашкавічамі, якую некаторыя мэдыі называлі «17-й рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі». Гэтыя зьвесткі былі абвергнутыя афіцыйнымі крыніцамі.

Пра затрыманьне Аляксандра Кныровіча, які вярнуўся ў Беларусь са Швайцарыі, стала вядома 26 студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG