Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст
Карбалевіч: Заснавальнік і дырэктар кампаніі «Сармат-Тэрма-Інжынірынг» Аляксандр Кныровіч быў арыштаваны 26 студзеня. Разам зь ім затрыманыя 11 чалавек. Паводле прэс-рэлізу КДБ, злачынная схема складалася ў продажы арганізацыям ЖКГ тэрмаізаляваных труб па завышаных цэнах, а атрыманы прыбытак бізнэсмэн, нібыта, дзяліў з кіраўнікамі структураў камунальнай гаспадаркі.
Цяжка зараз абмяркоўваць ступень віны арыштаваных. Магу толькі зьвярнуць увагу на камэнтар юрыста Сяргея Балыкіна, які зазначыў, што калі ў камэрцыйныя зносіны уступаюць дзяржаўныя і прыватныя суб’екты гаспадараньня, то гэта заўсёды стварае сытуацыю, якая штурхае да крыміналу.
Але тут важны і цікавы сацыяльна-палітычны аспэкт гэтай справы. Найперш, зьвяртае ўвагу тое, што ўлады з гэтай справы спрабуюць з дапамогай інфармацыйна-прапагандысцкай кампаніі атрымаць немалыя піяраўскія дывідэнды. КДБ даў падрабязную інфармацыю, а дзяржаўныя СМІ даюць рэпартажы пра гэтую справу.
КДБ падрабязна распавядае, з прозьвішчамі арыштаваных, быццам злачынства даказана.
Паводле закону, матэрыялы крымінальнай справы да суду зьяўляюцца сакрэтнымі, усе фігуранты даюць падпіску аб неразгалошваньні тайны сьледзтва. А тут КДБ падрабязна распавядае, з прозьвішчамі арыштаваных, быццам злачынства даказана.
І галоўным застрэльшчыкам кампаніі стаў сам А. Лукашэнка. 27 студзеня, на наступны дзень пасьля арышту Кныровіча, ён пракамэнтаваў гэтую справу: «На ім кляйма ставіць няма дзе, разам з тым дзесяткам, каго арыштавалі ... Ён жа зараз плачацца аб памілаваньні, просіць, аказваецца, ён гатовы да мяне бегчы і плаціць, кампэнсаваць сваю шкоду, прызнаць сваю віну... Злодзей павінен сядзець у турме. Вось такую рэзалюцыю толькі што я наклаў на даклад старшыні КДБ. Усе, хто да гэтага датычныя — пасярэднікі, хто даваў хабар, хто браў хабар, — усе будуць сядзець, усе... Якое памілаваньне? Ім трэба плакацца, каб неадкладна ў трох-дзесяціразовым памеры вярнуць скрадзенае. у ЖКГ купілі па двайной цане. А куды гэтыя выдаткі потым пайшлі? На тарыфы. На людзей. Вось адкуль, у тым ліку, у ЖКГ у нас высокія тарыфы».
Прысуд арыштаваным людзям ужо вынесены. Бязь сьледзтва і суду.
У гэтай абуранай прамове некалькі вельмі важных момантаў. Перш за ўсё, прысуд арыштаваным людзям ужо вынесены. Бязь сьледзтва і суду. І гэта ёсьць парушэньне Канстытуцыі і законаў.
Гэты выступ А. Лукашэнкі знамянальна тым, што наглядна паказвае, як у Беларусі працуе сыстэма, прабачце за выраз, «правасудзьдзя». Дастаткова старшыні КДБ прадставіць дакладную запіску кіраўніку дзяржавы ў дачыненьні да любога грамадзяніна, той ставіць рэзалюцыю, і ўсё. Лёс чалавека вырашаны. Апраўдацца ў яго няма ніякіх шанцаў. Суд — гэта інсцэніроўка, фікцыя, ня больш за тое, апраўдальных прысудаў ён не выносіць. Праўда, калі ёсьць грошы, то можна адкупіцца, што многія багатыя і робяць.
Уласна кажучы, вялікага сакрэту Лукашэнка не адкрыў. Проста яшчэ раз нагадаў, хто ў гэтай краіне на самай справе чыніць суд. Ён замяняе і пракуратуру, і сьледчы камітэт, і само судовае дзейства.
Лукашэнка спрабуе патлумачыць насельніцтву, хто вінаваты ў росьце камунальных тарыфаў у апошні год.
Ну а далей пайшоў прымітыўны і танны піяр. Лукашэнка спрабуе патлумачыць насельніцтву, хто вінаваты ў росьце камунальных тарыфаў у апошні год. Зь яго выступу вынікае, што ў гэтым вінаваты А. Кныровіч і ягоная крымінальная кампанія. Вось на каго павінен быць накіраваны праведны гнеў працоўнага народа. Як пісалі савецкія газэты 1930-х гадоў, «з усёй пралетарскай нянавісьцю».
Але, паводле такой лёгікі, цяпер, калі вінаватыя ў росту камунальных тарыфаў сядзяць за кратамі, цэны на паслугі ЖКГ не павінны расьці і нават павінныя панізіцца. А калі не, то можа ня тых саджаюць? Але, зразумела, у піяраўскай кампаніі свая лёгіка.
Дракахруст: Хачу зьвярнуць увагу спачатку на камэнтар, падлікі кіраўніка Эўрарадыё, вядомага беларускага блогера Віктара Малішэўскага. Беларускія афіцыйныя СМІ абвінавачвалі кампаніі Кныровіча ў махінацыях на тэндэрах, але Малішэўскі проста адкрыў сайты, дзе адлюстроўваюцца вынікі гэтых самых тэндэраў, і высьвятліў, што кампанія Кнаровіча, прынамсі па многіх з гэтых тэндэраў, паводзіла сябе абсалютна прыстойна і сумленна.
Так, бывалі тэндэры, дзе гэтая кампанія прапаноўвала вялікую цану, але яна прайгравала іх, выігрывалі тыя, хто прапаноўваў менш. Ці наадварот — гэтая кампанія выйгравала, калі яна прапаноўвала больш нізкую цану, як звычайна і адбываецца падчас тэндэраў.
Так што невялічкае дасьледваньне спадара Малішэўскага паказала, што характарыстыка, якую Лукашэнка даў Кныровічу — «кляйма там няма дзе ставіць» — мякка кажучы, вынікамі тэндэраў не пацьвярджаецца.
Спадар Кныровіч быў адным з самых вядомых эканамічных аглядальнікаў у Беларусі.
Але я лічу, што ўвогуле грамадзкая ўвага да гэтай справы, а таксама рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на яе, тлумачыцца зусім не маштабамі абвінавачваньняў і нават ня тым, што спадар Кныровіч у вачах беларускіх уладаў такі ўжо вялікі злодзей. Усім зразумела чым — тым, што спадар Кныровіч быў адным з самых вядомых эканамічных аглядальнікаў у Беларусі.
Такой «гаваркой галавой», якая шырока камэнтавала эканамічныя падзеі, трэнды, і камэнтавала даволі крытычна, прычым на розных пляцоўках — у незалежных СМІ, у дзяржаўных СМІ. Ён выступаў на ОНТ, распавядаў пра гаротны стан беларускай эканомікі і віну ў гэтым урадоўцаў, камэнтаваў эканамічную сытуацыю ў Беларусі на расейскіх інфармацыйных пляцоўках.
У мяне такое ўражаньне, што пакаралі яго за гэта. За язык.
І вось у мяне такое ўражаньне, што пакаралі яго за гэта. За язык. Літаральна тыдзень таму я рабіў перадачу пра стан беларускага ІТ, пра адукацыю. Я зьвярнуўся да аднаго вельмі вядомага беларускага ІТ-шніка і папрасіў паўдзельнічаць. Прычым я зусім не прасіў яго ганіць рэжым ці нешта крытыкаваць.
Аднак атрымаў адказ: Не, дзякуй, я лепш памаўчу. Не выключаю, што гэты чалавек адказаў мне такім чынам ня толькі таму, што яму расхацелася гаварыць на публічных пляцоўках, а таму, што пайшла ўстаноўка, пайшла лінія на тое, каб лепш бы ўсе памаўчалі. Магчыма, тое, што адбылося з Кныровічам, аказалася проста вельмі красамоўнай дэманстрацыяй, што просьбы і рэкамэндацыі ўлады лепш выконваць.
Я мяркую, што справа менавіта ў гэтым — уладзе не спадабалася тое, што гэты чалавек стаў надта многа і надта крытычна гаварыць. Як мы памятаем, колькі гадоў таму Лукашэнка казаў бізнэсоўцам: хто палезеце ў палітыку — адарву галовы. А зараз ужо высьвятляецца, што плянка паніжаецца — ужо нельга нават гаварыць пра дзяржаўную палітыку, а ня толькі «лезьці» ў яе. Ну і лёс Кныровіча пра гэта сьведчыць.
Цыганкоў: Я згодны са згаданымі аспэктамі, думаю, два зь іх самыя галоўныя. Першы — калі так атрымалася, што справа была заведзеная, то і Аляксандар Лукашэнка, і дзяржаўная прапаганда будуць выкарыстоўваць яе напоўніцу, даводзячы насельніцтву, хто вінаваты ў падвышэньні камунальных паслугаў.
Значная частка паверыць, што вінаватыя нейкія камэрсанты, якія на тых загадкавых тэндэрах патрабуюць занадта вялікія грошы і ў выніку ўсё адбіваецца на жыроўках звычайных людзей.
Гэта, бадай, адна з самых гарачых тэмаў для беларускага насельніцтва. Натуральна, што пэўная частка грамадзтва на такія аргумэнты ня купіцца, але значная частка паверыць, што вінаватыя нейкія камэрсанты, якія на тых загадкавых тэндэрах патрабуюць занадта вялікія грошы і ў выніку ўсё адбіваецца на жыроўках звычайных людзей. У антырынкавай сьвядомасьці людзей усё гэта ўкладаецца ў дастаткова натуральную схему.
Ну і другі момант — Кныровіч быў вельмі нетыповы беларускі бізнэсовец. Ён пісаў артыкулы, выказваўся даволі сьмела ў самых розных СМІ, пры тым не толькі на прадпрымальніцкія тэмы ці пра стаўленьне дзяржавы да бізнэсу. Ён выказваўся пра такія сьвятыя для цяперашняй ідэалёгіі рэчы, як Другая сусьветная вайна, крытыкаваў.
Інтэрнэт-часопіс kyky.org часова быў закрыты менавіта за публікацыю артыкулу Кныровіча пра Другую сусьветную вайну. Вось такі чалавек пры гэтым яшчэ і займаўся бізнэсам. Звычайна было для бізнэсоўцаў правілам ня ўлазіць нават проста ў публічныя спрэчкі-абмеркаваньні, ня тое што ў палітыку. Гэта было ў традыцыі беларускіх прадпрымальнікаў.
Улада адчула, што на фоне цяперашніх эканамічных праблем гэты працэс можа выйсьці з-пад кантролю.
Кныровіч парушаў яе, невядома чаму — ці ён не адчуваў ніякай небясьпекі, ці проста меў такую грамадзянскую пазыцыю. Быў момант пэўнай лібэралізацыі для бізнэсу, калі лічылася, што бізнэсоўцы могуць больш актыўна выказвацца, але ўлада адчула, што на фоне цяперашніх эканамічных праблем гэты працэс можа выйсьці з-пад кантролю.
Нягледзячы на тое, што ўсе кажуць, што сацыяльны выбух немагчымы, ўлада лішні раз перасьцерагаецца. І паводзіны прадстаўнікоў бізнэсу выклікалі ў яе вялікую ўвагу. І гэтая справа, з улікам таго, як яе асьвятляюць мэдыі, і таго, што на яе зьвярнуў увагу Лукашэнка, робіцца палітычна паваротнай. Улада дае зразумець бізнэсу, што лепш яму трымацца ў тых рамках, у якіх ён быў звычайна, ня лезьці ня тое што ў палітычныя, а нават у сацыяльныя аспэкты.