Летась для Ўзброеных сілаў Беларусі было закуплена больш за 250 новых узораў узбраеньня і ваеннай тэхнікі.
Пра гэта паведаміў начальнік узбраеньня генэрал-маёр Ігар Лацянкоў у інтэрвію газэце «Во славу Родины».
У ліку набытага — вучэбна-баявыя самалёты «Як-130», транспартна-баявыя верталёты «Мі-8», комплексы радыёманіторынгу, ракетныя сыстэмы залпавага агню «Палянэз», радыёлякацыйныя станцыі «Праціўнік-Г» і «Ўсход-Д», батарэя «Тор-М2» і іншае.
Паводле Лацянкова, у 2017 годзе асноўныя намаганьні плянуецца скіраваць на разьвіцьцё сыстэмаў узбраеньня ваенна-паветраных сілаў, супрацьпаветранай абароны, выведкі, радыёэлектроннай барацьбы, сувязі і сілаў спэцыяльных апэрацый.
«У 2017 годзе заплянаваная закупка самалётаў «Су-30СМ», комплексаў радыёманіторынгу, 120-мм мінамётаў 2Б23 „Нона-М1“, бесьпілётных авіяцыйных комплексаў рознага прызначэньня, а таксама сэрыйная мадэрнізацыя БТР-70МБ1», — заявіў генэрал.
Акрамя таго, плянуецца капітальны рамонт шэрагу верталётаў, самалётаў і танкаў. У 2017 таксама плянуецца завяршыць працу ў стварэньні беларускіх лёгкабраняваных аўтамабіляў «Кайман, «V-1», «Віцім».
Прыканцы 2016 году камандуючы ваенна-паветранымі сіламі Беларусі Алег Дзьвігалёў ужо заяўляў пра намер закупіць ня менш як эскадрыльлю расейскіх зьнішчальнікаў Су-30СМ. Гэты самалёт, паводле Дзьвігалёва, «добра праявіў сябе ў сырыйскім канфлікце».
Мінамёты 2Б23 «Нона-М1» знаходзяцца на ўзбраеньні расейскай арміі з 2007 году.