Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея фактычна пагражае суседзям», — экспэрт пра новую канцэпцыю замежнай палітыкі


30 лістапада Ўладзімір Пуцін зацьвердзіў новую канцэпцыю замежнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі на 2017 год. Паводле дакумэнту, які зьявіўся ў адкрытым доступе, адной з асноўных задач Расеі будзе «спрыяньне ліквідацыі ачагоў напружанасьці і канфліктаў на тэрыторыі сумежных дзяржаваў», — менавіта такая фармулёўка зьмешчана ў 3-м параграфе канцэпцыі.

У разьдзеле «Рэгіянальныя прыярытэты зьнешняй палітыкі РФ» ёсьць пункт, прысьвечаны Беларусі. Паводле яго, «Расея будзе пашыраць стратэгічнае ўзаемадзеяньне з Рэспублікай Беларусь у межах Саюзнай дзяржавы з мэтай разьвіцьця інтэграцыйных працэсаў ва ўсіх сфэрах».

Таксама ў дакумэнце прапісана, што Расея плянуе пашыраць уплыў сваіх сродкаў масавай інфармацыі і падтрымліваць суайчыньнікаў у замежжы.

Адразу некалькі пунктаў канцэпцыі прысьвечаныя тлумачэньню антытэрарыстычнай пазыцыі Расеі. Пры гэтым падкрэсьліваецца: барацьба з тэрарызмам мусіць ажыцьцяўляцца «без палітызацыі і папярэдніх умоваў».

У 7-м параграфе сьцьвярджаецца: «Існыя вайскова-палітычныя саюзы ня здольныя забясьпечыць супрацьдзеяньне ўсяму спэктру сучасных выклікаў і пагрозаў». Адначасова ў 52-м параграфе АДКБ называецца «найважнейшым элемэнтам сучаснай сыстэмы гарантаваньня бясьпекі на постсавецкай прасторы».

«Верагодна, кажучы пра неадэкватныя сучасным выклікам вайскова-палітычныя саюзы, Расея мае на ўвазе NATO. Калі прыгадаць вайну ў Грузіі і ва Ўкраіне, NATO ня здолела выступіць стабілізатарам сытуацыі, і гэтыя краіны засталіся безабароннымі перад Расеяй. Акрамя таго, я думаю, Пуцін меў на ўвазе і АДКБ. Бо ў Крамлі фіксуюць нежаданьне Лукашэнкі дасылаць свае войскі для ўдзелу ў расейскіх апэрацыях» — сказаў у інтэрвію Свабодзе вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

Існыя саюзы ўжо ня могуць дзейнічаць гэтак жа эфэктыўна, бо ствараліся для вялікай вайны супэрдзяржаў і іхных сатэлітаў

«Існыя саюзы ўжо ня могуць дзейнічаць гэтак жа эфэктыўна, бо ствараліся для вялікай вайны супэрдзяржаў і іхных сатэлітаў, а сёньня Расея робіць стаўку на гібрыдныя лякальныя канфлікты. У новай канцэпцыі расейскае кіраўніцтва дэ-факта прапануе сьвету набор зьдзелак з мэтай захаваць панаваньне ў рэгіёне, а таксама зрабіць так, каб NATO не падтрымлівала краіны былога СССР», — лічыць экспэрт.

Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці можна сказаць, што ў 3-м параграфе канцэпцыі Расея дакумэнтальна замацоўвае за сабой права ўмешвацца ў справы суседніх дзяржаў, Аляксандар Алесін падкрэсьліў:

«Расея не замацоўвае такога права, а хутчэй папярэджвае, можна сказаць, нават пагражае суседзям. Калі яны ня будуць уваходзіць у сфэру ўплыву Захаду, то ў іх ня зьявяцца „зялёных чалавечкаў“».

Аналітык Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Юры Царык лічыць, што новая канцэпцыя — стрыманы дакумэнт, які ўяўляе зь сябе палітычна абумоўленае памякчэньне рыторыкі Крамлю.

«Гэтую стрыманасьць можна патлумачыць зьяўленьнем у Эўропе і ЗША фігураў, якія ўспрымаюцца як прыязныя да Масквы. Зь іншага боку, некаторыя пункты супярэчаць стрыманаму тону. Напрыклад, у некаторых падпунктах 3-га параграфу ў якасьці асноўных задачаў гучыць „умацаваньне пазыцыяў Расеі ў сыстэме глябальных эканамічных сувязяў“, што прадугледжвае немагчымасьць дыскрымінацыі расейскіх тавараў, паслуг, інвэстыцыяў. Такія палажэньні гучаць даволі агрэсіўна і сьведчаць пра тое, што Расея мае намер дамагацца адмены санкцыяў супраць сябе і зьбіраецца рабіць гэта наступальным шляхам».

Юры Царык таксама адзначае, што, нягледзячы на падкрэсьленае імкненьне Расеі зацьвердзіцца ў якасьці ўплывовага цэнтру сілы, не прапісана дакладна інструмэнтаў і захадаў, якія будуць выкарыстоўвацца для дасягненьня гэтай мэты. Паводле экспэрта, гэта не выключае магчымасьці вырашэньня задачы ваенным шляхам.

«Для Беларусі асаблівую цікавасьць уяўляе 3-ці параграф, дзе Расея выказвае гатоўнасьць ліквідаваць ачагі канфліктаў у краінах-суседках. Расея рэзэрвуе за сабой права настойліва прапаноўваць ім сваю „дапамогу“ ў вырашэньні канфліктаў. Узьнікненьню каторых яна, праўда, сама і садзейнічае», — адзначыў Царык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG