Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фармальна Беларусь нібыта незалежная, а на справе — паўкалёнія...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Нягледзячы на тое, што з часу распаду СССР мінула ўжо амаль чвэрць стагодзьдзя, пытаньне пра тое, ці ўдасца Беларусі захаваць сваю незалежнасьць, застаецца актуальным. Прычым тое, ад якой канкрэтна краіны паходзіць пагроза для дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі, пасьля ўкраінскіх падзеяў відавочнае ўжо, бадай, для ўсіх.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Дзьмітры Галінскі зь Менску піша:

«Дзіўная ў нас „саюзная дзяржава“. Пра раўнапраўныя адносіны паміж Масквой і Менскам даўно ўжо нават гаворкі няма. Лукашэнка езьдзіць у Маскву, як які-небудзь васал Залатой Арды: прыніжаецца, выпрошвае пазыкі, выслухоўвае інструкцыі, як павінен паводзіць сябе на міжнароднай арэне. Па сутнасьці, Беларусь на сёньня — расейскі васал, марыянэтка. Фармальна нібыта незалежная, а на справе — паўкалёнія.

Але Маскве, відаць, і гэтага мала. Цяпер вось на расейскіх тэлеканалах пачалася антыбеларуская хваля. Маўляў, саюзьнічак надта шмат сабе дазваляе: і беларускую мову ня надта шчэміць, і з Захадам фліртуе. Ці ня пойдзе раптам па ўкраінскай дарозе?

Падтэкст тут зразумелы: даверу беларусам няма, насьпеў час падумаць, як прыбраць да рук гэтую тэрыторыю.

Трывожна на душы ад гэтага... Я лічу, тут усё можа здарыцца. Добра, што ў нас ёсьць свая армія, свая вялікая міліцыя, спэцслужбы. Можа, і не дарэмна Лукашэнка столькі грошай накіроўваў на сілавыя структуры...».

Сілавыя структуры ў Беларусі, сапраўды, вялікія, разгалінаваныя, шматлюдныя. Але вялікае і пытаньне: ці будуць яны абараняць беларускую незалежнасьць у тым выпадку, калі рэальная пагроза экспансіі будзе паходзіць з Расеі?

Беларуская армія (як, зрэшты, і іншыя дзяржаўныя структуры) цалкам русыфікаваная, выхоўваецца на ўзорах савецкага і расейскага патрыятызму. Афіцэры, якімі яна ўкамплектаваная, — таксама ў значнай колькасьці расейскага паходжаньня. Вельмі многія прайшлі навучаньне ў расейскіх жа вучэльнях.

Падобная сытуацыя была і ў Крыме напярэдадні расейскай анэксіі. Украінскіх вайсковых злучэньняў на паўвысьпе ў 2014 годзе было нямала. Але які супраціў аказалі яны расейскай агрэсіі? Фактычна ніякага. Паслухмяна склалі зброю, як толькі ім паабяцалі, што залічаць у расейскую армію з захаваньнем вайсковых званьняў.

Аўтар наступнага ліста, наш даўні слухач Кастусь Сырэль з Вушачаў разважае пра новыя зарплатныя пэрспэктывы, якія чарговым разам разгарнуў перад суграмадзянамі незьмяняльны беларускі лідэр:

«Трэба заўважыць, што Лукашэнка ў сваёй заяве наконт 500 даляраў дужа спрытна перавёў стрэлкі — ён гэта ўмее, пераводзіць стрэлкі і пазьбягаць адказнасьці. Ён даў даручэньне вярнуць сярэдні заробак у 500 даляраў, і адразу ўдакладніў, што трэба наблізіцца да патрэбнай сумы. Так што прэзыдэнт ні за што не адказвае: даручэньне ён даў, якія да яго могуць быць прэтэнзіі, калі народ ня верне і не наблізіцца?

У нядаўняй перадачы „Трайны ўдар“ карэспандэнт Свабоды Ўладзімер Глод сказаў: „Калі Лукашэнка, як ён паабяцаў, у наступным годзе верне паўтысячы даляраў за месяц, людзі зноў стануць шчасьлівымі“. Я мяркую, што шчасьце ня можа быць сярэднім па краіне і наагул ляжыць па-за межамі статыстыкі (тут я дазволю сабе запярэчыць дасьледаваньню ААН). І, ва ўсякім выпадку, шчасьце беларусаў (як, дарэчы, і грамадзян іншых краін) не вымяраецца колькасьцю лядовых палацаў, помнікаў Леніну ці пагалоўем страўсаў на птушкафэрме прэзыдэнта. Па гэтых паказьніках мы, беларусы, у першых шэрагах, але паводле рэйтынгу ААН самая шчасьлівая краіна ў сьвеце ў бягучым годзе — Данія. Мы ж займаем сьціплае 61 месца. Ёсьць і горшыя за нас — напрыклад, Сырыя.

А расейскім журналістам, якія нядаўна прыяжджалі на запрашэньне Лукашэнкі, было б вельмі павучальна крыху зьехаць з асфальтаванай шашы і наведаць беларускую глыбінку, то бок месцы, куды ніколі ня збочвае прэзыдэнцкі картэж. Хай бы пагутарылі пра шчасьлівае жыцьцё зь сялянамі, заробак якіх часта не перавышае 50 даляраў. Або зь людзьмі, што корпаюцца ў кантэйнэрах для сьмецьця. Я штодня назіраю такіх з вакна маёй кватэры. І колькасьць іх, паводле маіх назіраньняў, апошнім часам значна ўзрасла. Гэта паказьнік чаго?».

Зразумела ж, спадар Кастусь, гэта паказьнік галечы, якая апаноўвае ўсё большую колькасьць беларускіх семʼяў. Няйначай як зьдзекам гучыць абяцаньне пра 500 даляраў заробку для тых соцень і соцень тысяч людзей, якія не зарабляюць і двухсот даляраў, а то і меней.

Зьвярну ўвагу на тое, як абяцаньне Лукашэнкі пракамэнтаваў днямі ягоны падначалены, які непасрэдна адказвае за стан беларускай эканомікі. Дык вось, міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі, адказваючы на пытаньне журналістаў у Палаце прадстаўнікоў, сказаў, што гэта «скрайне цяжкая задача». А потым яшчэ і паўтарыўся: «Ну, вельмі цяжкая...» Зрэшты, тут жа ён знайшоў і найбольш верагоднае апраўданьне, якім, без сумневу, будуць прыкрывацца чыноўнікі пасьля таго, як абяцаньня ня выканаюць. Маўляў, ёсьць асобныя галіны, дзе 500 даляраў удасца дасягнуць. Дык яны і цяпер ёсьць. Але ці лягчэй віцебскай даярцы, якая атрымлівае 30 даляраў, ад таго факту, што нейкаму менскаму праграмісту плацяць паўтары тысячы?

Паштовая скрынка

Паштовая скрынка

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG