Ці будзе Беларусь набываць у Расеі найноўшы зьнішчальнік «Су-35С»? Паводле намесьніка міністра фінансаў Беларусі Юрыя Селіверстава, які прысутнічаў 15 верасьня ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, грошай на гэтыя самалёты ў бюджэце на 2017 год не прадугледжана.
Аднак закупы іншай авіяцыйнай тэхнікі адбываюцца, паведаміў журналістам Юры Селіверстаў.
«На закуп сродкаў узбраеньня мы прадугледзелі дастаткова, сёлета куплялі вучэбна-баявыя самалёты „Як-130“, у будучым годзе будзем купляць іншыя машыны. Ёсьць магчымасьць выкарыстоўваць іншыя сродкі. Пры атрыманьні дадатковых прыбыткаў бюджэту мы будзем фінансаваць пытаньні нацыянальнай бясьпекі», — сказаў намесьнік міністра фінансаў, якога цытуе tut.by. Пэўных сумаў тратаў на самалёты чыноўнік не паведаміў, перадае крыніца.
Ці патрэбныя Беларусі найноўшыя самалёты «Су-35С» ды іншая расейская авіятэхніка?
Незалежны ваенны экспэрт Аляксандар Алесін кажа, што ў гэтым пытаньні ёсьць некалькі складнікаў, на якія можна даць розныя адказы.
«Яшчэ калі міністрам абароны быў Юры Жадобін, дый раней, пайшлі размовы пра тое, што трэба замяніць нашы старыя „МіГ-29“ на новыя расейскія самалёты „Су-30“. Яны сэрыйна вырабляюцца, іх ужо шмат паступіла на ўзбраеньне расейскага войска, яны і таньнейшыя, і прасьцейшыя ў абслугоўваньні, хоць тэхнічна не такія дасканалыя, як „Су-35С“. Але на іх зрабілі разьлік. А тое, што цяпер пачаліся размовы пра замену часткі „Мігаў“ на „Су-35С“, — мяркую, гэта ўсё ж больш пытаньне дыскусійнае, чым па сутнасьці. „Су-35С“ — гэта перадапошні крок да зьнішчальнікаў 5-га пакаленьня, аналяг амэрыканскага F-22. Фактычна на гэтым плянэры папярэдняга пакаленьня апрабоўваюцца ўсе новыя электронныя прылады: электронная начынка рухавіка, лякатар, новая сыстэма навядзеньня. Узброены ён таксама па-новаму, таму, безумоўна, звышдарагі. Экспартны варыянт, у залежнасьці ад камплектацыі, каштуе да 85 мільёнаў даляраў. На такі самалёт, паводле адкрытых крыніц, ужо прэтэндуюць Кітай, Індыя і яшчэ некаторыя краіны, у якіх ёсьць лішнія грошы. Расея пакуль вырабіла такіх самалётаў усяго некалькі дзясяткаў, бо вельмі дорага. Таму нам марыць пра такія самалёты, мяркую, не выпадае. З нашым вайсковым бюджэтам у 1 мільярд даляраў — а гэта на ўсё, і на ўтрыманьне войска, на танкі з гарматамі, на жыльлё для вайскоўцаў — дык колькі Беларусь можа купіць такіх самалётаў?»
Нам марыць пра такія самалёты, мяркую, не выпадае
Паводле экспэрта Аляксандра Алесіна, аргумэнтамі пра адсутнасьць у дзяржаўным бюджэце грошай на «Су-35С» прадстаўнікі ўраду вырашылі спыніць размовы пра набыцьцё гэтых самалётаў Беларусьсю. Але, мяркуе экспэрт, фінансавыя аргумэнты ў гэтай тэме не адзіныя.
«Скажу больш — нам і „Су-30“ не па кішэні. Там гаворка ідзе пра кошты 45–50 мільёнаў даляраў. Нават калі нам прададуць са зьніжкай, за 30 мільёнаў — усё роўна такіх грошай у нас няма. Наш вайсковы бюджэт — недзе каля 1 мільярда даляраў у эквіваленце, а цяпер з прычыны інфляцыі і меней. Пытаньне стаіць гэтак: купляць самалёты і галадаць? Або ўсё ж неяк больш рацыянальна дзейнічаць? Выхад бачу ў падаўжэньні закупаў самалёта „Як-130“, які і вучэбны, і баявы, і можа па нізкіх цэлях працаваць. Хаця і „Як-130“ не такі ўжо і танны — да 15 мільёнаў даляраў, але, магчыма, нам крыху таньней прадаюць.
І яшчэ ёсьць меркаваньне супроць закупаў „Су-35С“. А навошта? Гэтыя цяжкія самалёты могуць добра прыдацца краіне зь вялікай тэрыторыяй. Вось Інданэзія купляла „Су-30“ і зьбіраецца купляць „Су-35“, дык там тысяча астравоў, велізарныя адлегласьці. А нам ён навошта з адлегласьцю палёта ў 4500 кілямэтраў і хуткасьцю 2,3 тысячы кілямэтраў за гадзіну? Ён праляціць і не заўважыць, што Беларусь ужо скончылася.
Таму, мяркую, гэтыя размовы пра магчымыя закупы „Су-35С“ — з галіны дыскусіяў пра нерэальныя рэчы. Наша эканамічнае становішча не паляпшаецца, а пагаршаецца, і пакуль будаваць такія пляны не выпадае. Такіх самалётаў нам не купіць. Мы пакуль і „Су-30“ ніводнага не набылі, гэта ў далёкай пэрспэктыве, разьлічанай на 20-я гады, не раней».