Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 пытаньняў пра беларускі бязьвізавы рэжым для замежнікаў


Алег Ляшук
Алег Ляшук

1. На каго распаўсюджваецца ўказ — на грамадзянаў якіх краінаў?

Указ распаўсюджваецца на грамадзянаў 39 краін Эўропы, у тым ліку на ўвесь Эўразьвяз, а таксама на ЗША, Канаду, Японію, Паўднёвую Карэю, Бразылію, Інданэзію і іншыя дзяржавы. Новыя правілы ахопліваюць таксама такія катэгорыі, як неграмадзяне Латвіі і асобы без грамадзянства Эстоніі.

Як патлумачыў начальнік галоўнага консульскага ўпраўленьня МЗС Беларусі Ігар Фісенка, у гэтым сьпісе краіны — стратэгічныя партнэры РБ, а таксама тыя дзяржавы, якія ўжо далі беларускім грамадзянам бязьвізавы рэжым уезду.

Поўны сьпіс краінаў:

2. Ці ёсьць нейкія выключэньні або дадатковыя патрабаваньні?

Так, для грамадзянаў Віетнаму, Гаіці, Гамбіі, Гандурасу, Індыі, Кітаю, Лібану, Намібіі, Самоа ёсьць абавязковае дадатковае патрабаваньне — каб у у дакумэнце для выезду за мяжу была сапраўдная шматразовая віза дзяржаў ЭЗ або Шэнгенскай зоны з адзнакай пра ўезд на іх тэрыторыю, а таксама каб гэтыя грамадзяне мелі авіябілеты з пацьверджаньнем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорту «Менск» на працягу 5 дзён з даты ўезду.

3. Зь якімі дакумэнтамі павінен ехаць у Беларусь замежны грамадзянін?

Для ўезду бязь візы трэба мець пры сабе сапраўдны пашпарт ці іншы дакумэнт для выезду за мяжу, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжаньня — суму ў валюце або ў беларускіх рублях, эквівалентную ня менш як дзьвюм базавым велічыням, то бок каля 25 эўра на дзень), дзейны ў Беларусі страхавы поліс на суму ня менш як 10 тысяч эўра.

Гаворка ідзе толькі пра асобаў, якія маюць агульнаграмадзянскія пашпарты (турысты, бізнэсоўцы, прыватныя асобы).

Ніякія ID-карткі не падыходзяць. Указ не распаўсюджваецца на замежнікаў, якія ажыцьцяўляюць афіцыйныя паездкі, маюць дыпляматычныя, службовыя ці прыроўненыя да іх пашпарты.

Ігар Фісенка
Ігар Фісенка

4. Бязь візы ўяжджаць можна толькі праз Нацыянальны аэрапорт «Менск» або ёсьць іншыя пункты пропуску?

Так, пакуль толькі праз Нацыянальны аэрапорт «Менск».

Чаму так — дакладнага адказу пакуль няма. Але, прыкладам, міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заўважыў, што «такі парадак уезду — толькі праз Нацыянальны аэрапорт „Менск“ — ня надта актуальны для літоўцаў, бо ў Беларусь яны часьцей падарожнічаюць наземным, а не паветраным транспартам».

5. Ці можна прыляцець у аэрапорт Менску, а выехаць цягніком ці аўтамабільным транспартам?

Не, нельга. Нават калі, да прыкладу, паляк прыляцеў у Менск, абʼезьдзіў Мір, Нясьвіж і завяршае сваё падарожжа ў Берасьці або Горадні, вярнуцца на радзіму аўтамабільным транспартам або цягніком ён ня можа — яму давядзецца зноў ехаць у Менск і адтуль ужо ляцець дадому.

6. Ці можна вяртацца праз Расею?

Праз Расею вяртацца таксама нельга, калі замежнік прыбыў у Беларусь бязь візы на тэрмін да 5 дзён.

«Важны аспэкт, што гэты парадак бязьвізавага ўезду не распаўсюджваецца на асобаў, якія прыбываюць у Рэспубліку Беларусь з аэрапортаў Расейскай Фэдэрацыі або якія зьбіраюцца вяртацца праз аэрапорты РФ», — удакладніў начальнік консульскага ўпраўленьня МЗС Ігар Фісенка. Гэта зьвязана з тым, што рэйсы ў Расею лічацца ўнутранымі і памежнага кантролю на іх няма.

Такім чынам, грамадзянін Японіі ня можа прыляцець бязь візы ў Беларусь праз Маскву.

7. Што рабіць, калі замежнік губляе дакумэнты?

Калі дакумэнты зь нейкай прычыны страчаныя, замежнік павінен зьвярнуцца ў сваю консульскую ўстанову, атрымаць пасьведчаньне на вяртаньне і вярнуцца бязь візы (калі ўкладаецца ў тэрмін 5 дзён).

Калі тэрмін перабываньня замежніка перавышае 5 дзён, ён павінен зьвярнуцца ў органы ўнутраных спраў, і там атрымае выязную візу, па якой вернецца дадому, сказаў Алег Ляшук, начальнік упраўленьня памежнага кантролю Дзяржаўнага памежнага камітэту.

8. Ці можна прыехаць бязь візы, а пасьля з прычыны нейкіх форс-мажорных акалічнасьцяў працягнуць перабываньне ў Беларусі?

Можна, патлумачыўшы прычыну, прыклаўшы даведкі ці іншыя дакумэнты (калі чалавек захварэў ці яшчэ якая сурʼёзная прычына).

Калі без паважнай прычыны замежнік затрымаўся больш як на 5 дзён, ён парушае заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, што прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць паводле артыкула 23.55 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях РБ. Замежніка могуць аштрафаваць (да 50 базавых велічынь, то бок на суму да 1150 рублёў, альбо 550 эўра) або папярэдзіць — з дэпартацыяй або без дэпартацыі.

9. Што будзе з тымі, каго ўжо «заварочвалі» і не ўпускалі ў Беларусь, як некалі швэдзкага праваабаронцу Марціна Углу?

Начальнік упраўленьня памежнага кантролю Дзяржаўнага памежнага камітэту палкоўнік Алег Ляшук кажа, што з прыняцьцем гэтага ўказу нарматыўная база Памежнага камітэту ніяк не зьмяняецца:

«Калі пэўнай асобе закрыты ўезд у Рэспубліку Беларусь, паводле новага ўказу бязь візы яго таксама ня пусьцяць. Мы працуем гэтаксама, як і працавалі раней. Але хто знаходзіцца ў базе непажаданых, я ня ведаю і адказаць па канкрэтнай пэрсоне не магу».

10. Ці ўзгадняўся дакумэнт з Расеяй? І ці няма асьцярогі, што празь Беларусь у Расею могуць трапіць непажаданыя для РФ асобы?

Не, з Расеяй указ не ўзгадняўся. Але адбываецца інфармаваньне адзін аднаго пра прынятыя захады, паведаміў прадстаўнік беларускага МЗС Ігар Фісенка.

Аляксей Бягун
Аляксей Бягун

Аляксей Бягун, начальнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, удакладніў:

«Сумесна з РФ рыхтуецца плян мерапрыемстваў па фармаваньні агульнай міграцыйнай прасторы, у тым ліку прапрацоўваецца комплекс пытаньняў па кантролі за рэжымам знаходжаньня замежных грамадзян на тэрыторыі саюзнай дзяржавы.

Ужо зь мінулага году дзейнічае агульнае пагадненьне аб узаемным прызнаньні рашэньняў аб адмове ва ўезьдзе, у межах якога непажаданыя асобы, якія абвешчаныя непажаданымі Расейскай Фэдэрацыяй або якім забаронены ўезд на тэрыторыю Расеі, ня могуць трапіць у Беларусь без рашэньня кампэтэнтнага органа нашай краіны, якое будзе прымацца пры звароце дадзенай асобы. Калі замежнікі ўсё ж хочуць спраўдзіць наяўнасьць сваіх пэрсанальных дадзеных у гэтым сьпісе, яны могуць зьвяртацца на сайт Міністэрства ўнутраных спраў, пісаць электронныя звароты, прыкладаць усе свае пэрсанальныя дадзеныя, скан пашпарту — і цягам трох працоўных дзён ім будзе падрыхтаваны адказ, ці ёсьць перашкоды для ўезду ў Беларусь, ці ўключаныя іх пэрсанальныя дадзеныя ў адпаведны інфармацыйны рэсурс кампэтэнтных органаў».

11. Ці ёсьць абмежаваньні па колькасьці паездак у год?

Ніякіх абмежаваньняў няма. Колькі разоў будзе жаданьне наведаць Беларусь і наколькі ў замежніка хопіць грошай, столькі можа прыяжджаць.

12. З прыняцьцем гэтага ўказу пра бязьвізавы ўезд у Беларусь замежнікаў ці разьлічвае краіна на ўзаемныя крокі з боку, напрыклад, Эўразьвязу па спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю?

Ігар Фясенка, начальнік галоўнага консульскага ўпраўленьня МЗС Беларусі, кажа:

«Наўрад ці варта чакаць, што Эўразьвяз пойдзе на такі самы крок у адказ, тым больш што ў яго няма такой практыкі. Мы разьлічваем на тое, што наша рашэньне будзе заўважана, ацэнена, і гэта будзе спрыяць агульнаму дыялёгу Эўразьвязу па цэлым комплексе пытаньняў.

Эўрапейскі Зьвяз спрашчэньне візавых працэдур увязвае з пагадненьнем аб рэадмісіі. Прычым увязвае вельмі жорстка...

Шчыра кажучы, яшчэ два гады таму, у 2015 годзе, стаўленьне да гэтага пытаньня было адно, але пасьля міграцыйнага крызісу ў Эўропе адбылася пэўная пераацэнка каштоўнасьцяў, у тым ліку і на экспэртным узроўні. У той сытуацыі, у якой мы сёньня знаходзімся, мы ня лічым, што мы здольныя выканаць пагадненьне аб рэадмісіі ў тым разуменьні, якое лічыць неабходным Эўразьвяз. У нас проста няма для гэтага адпаведнай інфраструктуры і гэтак далей. Нам патрэбны яшчэ час».

Даведка. Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь, за мінулы год у Беларусь прыбыла 6 мільёнаў 972,3 тысячы грамадзян з-за мяжы. Зь іх 5 мільёнаў 399,9 тысячы — аўтамабільным транспартам, 763,7 тысячы — на цягніках, і толькі 612,4 тысячы (менш за 10%) — паветраным шляхам.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG