Палітоляг Аляксандар Класкоўскі ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды назваў прагрэсіўным указ Аляксандра Лукашэнкі пра пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў.
«З улікам іміджу і таго, што рэжым не дэмакратычны, краіна была да апошняга часу даволі закрытай, гэта крок у патрэбным кірунку. І гэта прадыктавана суровымі рэаліямі, бо кепская эканамічная сытуацыя і краіне патрэбныя грошы. А ўсё ж такі такія паслабленьні дазваляюць спадзявацца, што больш людзей будзе прыяжджаць у Беларусь і будзе тут пакідаць грошы. Па-першае, як турысты. А па-другое, будуць завязвацца і нейкія бізнэс-стасункі, што будзе зьвязана з большымі сумамі грошай.
Адна рэч — напісаць нейкія законы нібыта правільныя, а іншая рэч — калі бізнэсоўцы глядзяць, як тут сёньня пускаюць, а заўтра могуць кайданкі надзець
Але ж магчымасьці, якія дае ўказ, даволі абмежаваныя. Бо гэта толькі на пяць дзён і для тых, хто ўяжджае праз аэрапорт. А калі гэта суседзі, палякі, літоўцы? Цяжка ўявіць, што нейкі літовец будзе ляцець празь менскі аэрапорт, калі амаль за дзьве гадзіны можна даехаць цягніком. Таму для тых, хто побач і хто мае найбольшы інтарэс, гэта ня вельмі зручна.
Для турыстаў трэба яшчэ ўмець „прадаць“ краіну. У гэтым сэнсе ў нас конь не валяўся.
А калі казаць пра дзелавыя кантакты, дык тут трэба паляпшаць бізнэс-клімат. Адна рэч — напісаць нейкія законы нібыта правільныя, а іншая рэч — калі бізнэсоўцы глядзяць, як тут сёньня пускаюць, а заўтра могуць кайданкі надзець. Такіх прыкладаў шмат.
Таму, каб зьмяніць адмоўны імідж беларускай улады, якая ў любы момант можа з маўзэрам да гэтага інвэстара прыйсьці і ўсё забраць, спатрэбіцца вялікі час, і ўказамі гэта ня вырашыш. Гэта трэба мяняць усю палітыку ў краіне. Але сам па сабе ўказ — гэта крок у патрэбным кірунку. Але толькі адзін невялікі крок».