Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я абавязкова паспрабую, бо мне вельмі хочацца прыехаць у Беларусь», — швэдзкі праваабаронца Марцін Угла пра бязьвізавы рэжым


Марцін Угла
Марцін Угла

Кіраўнік швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што хацеў бы скарыстацца пяцідзённым бязьвізавым рэжымам, які ўвёў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сваім указам для грамадзян 80 краінаў.

— Вельмі хочацца, канечне, і паспрабую. Але пытаньне ў тым, што гэта, магчыма, не адзіная праблема для мяне. Як я разумею, будзе праверка на мяжы, і мая праблема — гэта ня толькі візавы рэжым. Я лічыўся пэрсонай нон-грата, непажаданай у Беларусі. Але, магчыма, для мяне цяпер будзе новая магчымасьць.

— Ці выглядае гэта на тое, што Беларусь становіцца больш адкрытай краінай?

— Так, наагул я думаю, што гэта добрая навіна. А яшчэ лепш было б, каб Эўразьвяз і Швэцыя са свайго боку ўвялі бязьвізавы рэжым для беларусаў. Гэта яшчэ больш важна, каб даць магчымасьць беларусам больш свабодна, больш адкрыта падарожнічаць у Эўропе.

— Вы лічыце, што многія эўрапейцы скарыстаюцца гэтым, прыедуць у Беларусь?

— Цяпер ня вельмі многа людзей, якія насамрэч хочуць актыўна ехаць у Беларусь, бо гэта даволі невядомая краіна. Але, ва ўсякім разе, гэта ўсё стане прасьцей для людзей, і спадзяюся, што больш швэдаў будуць карыстацца гэтай магчымасьцю. Бо Беларусь — гэта краіна, якую варта адкрыць для сябе.

— А чаму, на ваш погляд, Лукашэнка менавіта цяпер прыняў такое рашэньне?

— Я думаю, што ён хоча падтрымліваць стасункі з Эўразьвязам на ўзроўні. Яму стала цяжка дамаўляцца пра нейкае супрацоўніцтва з ЭЗ, і ён хоча, каб ЭЗ больш прыязна ставіўся да яго. Гэта ў агульным рэчышчы перамоваў з Эўразьвязам.

— Апошні раз вы скарысталіся бязьвізавым рэжымам у 2014 годзе падчас чэмпіянату сьвету па хакеі. Тады вас не пусьцілі ў краіну.

— У 2006 годзе мяне таксама не пусьцілі ў Беларусь, і пасьля гэтага ніводнага разу. У 2014 годзе я мала пабачыў краіну, толькі аэрапорт. Беларускія ўлады ніяк гэта не тлумачылі. Пісалі нешта пра акцыю з плюшавымі мядзьведзікамі, але я ніякага дачыненьня да яе ня меў. Таму гэта проста прыдумалі. Наагул, ані разу не сказалі, чаму не пусьцілі — проста давалі адмову. А ў 2014 годзе сказалі, што я знаходжуся ў нейкім сьпісе непажаданых асобаў.

Марцін Угла ў менскім аэрапорце ў 2014 годзе
Марцін Угла ў менскім аэрапорце ў 2014 годзе

— Дык калі вас чакаць у Беларусі?

— Я мяркую, што ўжо ў 2017 годзе. Хацелася б, напрыклад, вясной прыехаць. Гэты было б вельмі клясна. То бок я паспрабую тады, і час пакажа — пусьцяць ці не. Я думаю, што цяпер гэта адкрытае пытаньне. Бязьвізавы рэжым — гэта адно, але ці гатовыя пусьціць мяне, калі раней я быў непажаданай асобай? То бок проста пабачым. Я абавязкова паспрабую, бо мне вельмі хочацца прыехаць у Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG