У 2005 годзе Ўкраіна разарвала савецкі стэрэатып у стаўленьні да іншаземцаў, скасаваўшы візавы рэжым для грамадзян краін Эўрапейскага Зьвязу і ЗША. Але на пачатку гэта быў экспэрымэнт — афармленьне дазволаў на ўезд у краіну прыпынілі на час правядзеньня песеннага конкурсу Эўрабачаньня, які ў Кіеў прывезла ўкраінская сьпявачка Руслана.
Фактычна Ўкраіну адкрылі Аранжавая рэвалюцыя і выканаўца «Дзікіх танцаў». Праз некалькі месяцаў пасьля часовага скасаваньня абмежаваньняў гэты падыход выявіўся эканамічна і палітычна мэтазгодным: за час правядзеньня песеннага конкурсу Ўкраіну наведалі больш як 3,5 мільёнаў грамадзян краін ЭЗ, а гэта было на 10,7% больш, чым за ўвесь 2004 год, даходы гатэльнага бізнэсу павялічыліся на траціну, і таксама на траціну павялічылася колькасьць унутраных і міжнародных перавозак. І ўжо зь 1 верасьня 2005 году ўкраінскія ўлады наагул адмовіліся ад візавых абмежаваньняў для грамадзян Эўрапейскага Зьвязу, Швэйцарыі ды Ліхтэнштэйну, а некалькімі месяцамі раней — і для ЗША.
У адказ адразу некалькі краінаў — Чэхія, Славаччына, Эстонія, Літва і Латвія — пачалі выдаваць украінцам нацыянальныя візы на бясплатнай аснове, а Эўразьвяз заявіў пра намер пачаць у 2005 годзе перамовы па ўвядзеньні спрошчанага візавага рэжыму для грамадзян Украіны. Што праўда, перамовы дагэтуль трываюць.
Поўны «бязьвіз»
Скасоўваючы візы, Украіна не вызначала ніякіх іншых абмежаваньняў. Трапіць ва Ўкраіну і праехаць транзытам празь яе тэрыторыю замежны грамадзянін мог аўтамабільным, чыгуначным і паветраным транспартам на падставе дакумэнту, неабходнага для замежных паездак.
На час знаходжаньня ва Ўкраіне не патрэбна было нават пацьвярджэньня фінансавага забесьпячэньня — яно было ўведзенае толькі ў 2014 годзе і складае дваццаць памераў пражытачнага мінімуму на 30 дзён. Цяпер гэтая сума складае 30 тысяч 880 грыўняў (афіцыйны курс 1 даляр = 27,02 грыўні).
Пры гэтым замежнік можа знаходзіцца ва Ўкраіне ня больш як 90 дзён — у іншым выпадку візу ўсё ж давядзецца афармляць — міграцыйную або працоўную, у залежнасьці ад мэты прыезду ў краіну.
Рэдактар украінскага Інтэрнэт-выданьня «Эўрапейская праўда» Сяргей Сідоранка ўпэўнены ў пазытыўным эфэкце скасаваньня віз Украінаю для замежных грамадзян.
«Ёсьць такі стэрэатып, што выдача віз — гэта прыбытковы від дзейнасьці, маўляў, консульства зьбірае шмат грошай, таму дзяржаве выгадна выдаваць шмат віз. Гэта абсалютна неапраўданае меркаваньне, бо выдача віз для любой дзяржавы абыходзіцца даволі дорага — гэта зарплаты дыпляматаў, арэнда памяшканьняў, камунікацыя паміж органамі ўлады і гэтак далей. Пры адмене віз вызваляюцца людзі, якія могуць займацца іншай працай, напрыклад, больш эфэктыўна абслугоўваць сваіх жа грамадзян за мяжой», — кажа журналіст.
Эфэкт не імгненны
Паводле экспэртаў, скасаваньне віз не прынесла Ўкраіне імгненнага эфэкту. Але найперш на пазытыўныя зьмены адрэагаваў турыстычны сэктар. Паводле справаздачы Ўсясьветнай турыстычнай арганізацыі, Украіна ўжо ў 2006 годзе істотна прасунулася ў рэйтынгу прывабнасьці для замежных турыстаў — з 27-га месца ў 1995 годзе на 11-е ў 2006-ым, калі Ўкраіну наведалі 18,9 мільёнаў замежных грамадзян. У 2009 годзе колькасьць замежных турыстаў павялічылася да 20,8 мільёнаў.
«Замежны турыст, які прыяжджае ва Ўкраіну, і, я думаю, у Беларусі падобная сытуацыя па лічбах, пакідае за адзін дзень знаходжаньня каля 100 даляраў — гэта і гатэль, і харчаваньне, і транспарт. Гэта досыць вялікія грошы, якія прыходзяць у дзяржаву. Тут пытаньне ў тым, наколькі здолее Беларусь прывабіць турыстаў у той колькасьці, якая выклікае эфэкт у абсалютных лічбах. Украіне гэта ўдалося, але далёка не адразу. Прырост быў не імгненным, а празь некалькі гадоў, калі людзі прывыклі да таго, што віз няма і езьдзіць можна», — распавядае Сяргей Сідоранка.
У той жа час, паводле афіцыйнай статыстыкі, найбольш Украіну наведваюць грамадзяне памежных дзяржаў — Польшчы, Вугоршчыны, Румыніі, Славаччыны, хаця адзначаецца і прырост турыстаў з ЗША і Нямеччыны. Што праўда, па колькасьці лідэрамі ўсё роўна застаюцца краіны, якія гістарычна маюць з Украінаю бязьвізавы рэжым — Малдова і Беларусь. Да 2014 году найбольш ва Ўкраіну прыяжджалі расейцы.
«Цяпер адчуваецца значнае зьніжэньне турыстычнай плыні ва Ўкраіну. І гэта зьвязана зь іншымі падзеямі», — кажа намесьніца дырэктара дэпартамэнту турызму і курортаў Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Віталіна Мартыноўская.
Сыгнал для бізнэсу
Экспэрты мяркуюць, што норма пра магчымасьць знаходжаньня ва Ўкраіне бязь візы на працягу 90 дзён ёсьць дадатковым стымулам для актывізацыі бізнэс-кантактаў, але не адзінай умовай для павелічэньня замежных інвэстыцый.
«Замежныя інвэстыцыі прыходзяць ня толькі дзякуючы бязьвізаваму рэжыму. Бязьвізавы рэжым, як сродак прыцягнуць больш замежнікаў у краіну, працуе, калі адначасова разьвіваецца турыстычны сэктар, лягістыка, транспартны сэктар, для інвэстыцый патрэбны спрыяльны клімат, а гэта значыць і падатковае заканадаўства, і заканадаўства аб абароне інвэстыцый і дзелавая інфраструктура. Гэта ўсё ўпіраецца ня толькі ў пытаньне віз, але Ўкраіна чамусьці вырашыла менавіта зь віз пачаць. Уласна, гэтак жа робіць і Беларусь. Але сказаць, што Ўкраіна памыліліся, я не магу. Так, гэта не дапамагае, скажам, у перамовах пра атрыманьне бязьвізавага рэжыму для ўкраінцаў, але хто сказаў, што калі б мы цяпер мелі візавы рэжым, разгляд нашага пытаньня рухаўся б хутчэй?», — адзначыў кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Майдан замежных спраў», былы генэральны консул Украіны ў Турцыі Багдан Ярэменка.
Экспэрт у пытаньнях зьнешнеэканамічнай палітыкі Алег Бойка таксама мяркуе, што скасаваньне візавага рэжыму «вельмі апасродкавана» адбілася на патоку замежнага капіталу ва Ўкраіну. «Але на пазнавальнасьць Украіны ў сьвеце гэты крок паўплываў. Ва Ўкраіну пачалі езьдзіць людзі, якія пры візавым рэжыме ніколі б сюды не завіталі. Ведаю гэта з досьведу з былымі калегамі па працы ў замежных буйных кампаніях. Магчыма, менш езьдзяць з 2008-га і ў наступны пэрыяд, бо крызыс і ўсе іншыя нашые праблемы, затое прыватных візытаў больш», — распавядае экспэрт.
Але галоўная ўмова для атрыманьня эфэкту — сталасьць задэкляраваных крокаў. «Калі краіна бязьвізавая і даказала гэта на працягу некалькіх гадоў, што вельмі важна, то бізнэс пачынае значна больш ахвотна глядзець на пытаньні інвэстыцый. Я думаю, што Беларусь таксама мае патэнцыял атрымаць эканамічную выгаду, але для гэтага вельмі важна, не чакаць яе зь першых дзён, паколькі гэта сярэднетэрміновы праект, а па-другое, падтрымліваць яго», — перакананы Сяргей Сідоранка.