Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што пляны ўвесьці бязьвізавы рэжым Беларусь узгадніла з Расеяй.
«Я не магу вам сказаць, калі і як (было ўзгоднена гэтае рашэньне. — РС), але, безумоўна, паколькі нашы адпаведныя службы знаходзяцца ў пастаяннай, штодзённай каардынацыі, у тым ліку і ў рамках Саюзнай дзяржавы, таму тут ніякіх сумневаў быць не павінна», — сказаў ён, перадае РИА Новости.
«Гэта абсалютна ўнутраная справа Беларусі, і, вядома, існуе тут аспэкт менавіта нашай Саюзнай дзяржавы. Але мы перакананыя, што тут усе неабходныя рэжымы былі ўзятыя пад увагу пры прыняцьці такога рашэньня», — сказаў Пяскоў, адказваючы на просьбу патлумачыць пазыцыю Крамля наконт рашэньня Менску.
Паводле ягоных слоў, цяпер «адбудоўваецца ўвесь працэс такім чынам, каб выключыць праецыраваньне такога бязьвізавага рэжыму ўжо на расейскую мяжу».