Абраны прэзыдэнтам ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён засмучаны паведамленьнямі пра ціск мусульманаў і выхадцаў з Лацінскай Амэрыкі пасьля яго абраньня, і дадаў, што любы, хто зьдзяйсьняе расісцкія напады або зьнішчае маёмасьць, мусіць «спыніць гэта».
Таксама ў эфіры тэлекампаніі CBS 13 лістапада Трамп паказаў, што ня супраць аднаполых шлюбаў, і дадаў, што гэтае пытаньне «вырашана ў Вярхоўным судзе».
Між тым, у некалькіх буйных гарадах ЗША ў нядзелю тысячы людзей працягвалі пратэставаць супраць абраньня Трампа на пасаду прэзыдэнта. Сам Трамп сказаў, што гэтыя дэманстранты «ня ведаюць» яго і заклікаў іх не «баяцца», паколькі «мы маем намер вярнуць нашу краіну».
Мільярдэр Трамп таксама адзначыў, што ня будзе атрымліваць прэзыдэнцкую зарплату ў памеры 400 000 даляраў на год. Ён дадаў, што ён юрыдычна абавязаны ўзяць хоць бы адзін даляр у год, каб быць прэзыдэнтам, але ён ня будзе браць рэшту грошай.