Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд Талая прывёз у Беларусь яшчэ 10 украінскіх дзяцей


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларускі паралімпіец Аляксей Талай, фонд якога садзейнічаў прыезду ў Беларусь дзяцей з Данецку
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларускі паралімпіец Аляксей Талай, фонд якога садзейнічаў прыезду ў Беларусь дзяцей з Данецку

Дзесяць дзяцей з так званай «ДНР» — акупаванай Расеяй часткі Данецкай вобласьці Ўкраіны — наведалі Астрашыцкі Гарадок на запрашэньні фонду паралімпійца Аляксея Талая, вынікае з інфармацыі дзяржаўнага агенцтва «Минск-Новости».

Паведамляецца, што яны прыехалі з Данецка у суправаджэньні дарослых на «двухтыднёвае аднаўленчае лекаваньне».

3 сьнежня паведамлялі, што праўладная партыя «Белая Русь» арганізавала прывоз у санаторый «Жамчужына» (Лепельскі раён Віцебскай вобласьці) 38 дзяцей з так званай «ДНР» і што яны «прабудуць у Беларусі да 18 сьнежня».

27 лістапада паведамлялі пра сустрэчу генконсула Расеі ў Горадні Феадосія Ўладышэўскага з кадэтамі з так званай «ДНР», якіх прывезьлі ў Беларусь. Мэтай паездкі называлі «ўмацаваньне сувязяў паміж моладзьдзю Беларусі і Данбасу». Паездку арганізавалі «грамадзкія і некамэрцыйныя арганізацыі саюзнай дзяржавы, расейскі дыпляматычны корпус і Рассупрацоўніцтва», гаварылася ў паведамленьні.

На пачатку лістапада АПК паведаміў, што «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» сабрала і задакумэнтавала новыя зьвесткі пра перамяшчэньне ў Беларусь дзяцей з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыяў. Гаворка ішла пра «восем прыездаў» арганізаваных груп дзяцей з так званых «ЛНР» і «ДНР» з красавіка 2023 па верасень 2024 году.

  • Праваабаронцы ідэнтыфікавалі ўжо больш за 2,2 тысячы ўкраінскіх дзяцей, якіх вывозілі ў Беларусь для «перавыхаваньня», а таксама вызначылі 18 беларускіх інстытуцый, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
  • 5 кастрычніка праваабаронцы абнародавалі новую справаздачу «Скрадзенае дзяцінства» пра тое, як дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі па выкараненьні ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці. Ёсьць сьведчаньні, што ў Беларусі прывезеных дзяцей «перавыхоўваюць» у духу любові да Расеі.
  • «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» зьбірае зьвесткі пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з «ДНР» і «ЛНР» у Беларусь. У 2023 годзе НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, у якіх расказваецца пра ролю Беларусі ў гэтым.
  • 20 верасьня 2024 году Павал Латушка заявіў, што, паводле сабраных на той момант зьвестак, дэпартацыю на тэрыторыю Беларусі зазналі звыш 3,5 тысячы дзяцей з больш як 20 населеных пунктаў, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Украіны.
  • Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
  • Нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
  • ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
  • 24 верасьня 2024 году ўкраінскі праграмны дырэктар міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House Юры Юркевіч заявіў, што ў МКС перадалі «новыя доказы непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі» ў перамяшчэньні ў Беларусь украінскіх дзяцей.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG