Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пачала прыцягваць вайскоўцаў КНДР да ўдзелу ў штурмах, — Зяленскі


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас аднаго зь відэазваротаў
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас аднаго зь відэазваротаў

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў 14 сьнежня, што сёньня «ўжо ёсьць папярэднія звесткі» аб выкарыстаньні Расеяй у штурмах «прыкметнай колькасьці» вайскоўцаў з Паўночнай Карэі.

«Расейцы ўключаюць іх у зводныя падразьдзяленьні і выкарыстоўваюць у апэрацыях у раёнах Курскай вобласьці. Пакуль толькі там», — сказаў Зяленскі.

Разам з тым, паводле ўкраінскага прэзыдэнта, ёсьць інфармацыя, што Расея можа прыцягнуць паўночнакарэйскіх вайскоўцаў да апэрацый і на іншых участках фронту.

«Страты сярод гэтай катэгорыі ўжо заўважныя. Фактычна Масква ўцягнула ў гэтую вайну яшчэ адну дзяржаву, прычым далучыла максымальна. І калі гэта не эскаляцыя, дык што тады эскаляцыя, пра якую шмат хто казаў?» — спытаў кіраўнік дзяржавы ў традыцыйным вечаровым відэазвароце.

Раней прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Чарняк распавёў праекту Радыё Свабода «Данбас Рэаліі», што дзьве тысячы вайскоўцаў КНДР накіравалі ў брыгаду марской пяхоты і дывізію паветрана-дэсантных войскаў арміі РФ.

У Галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны раней паведамілі, што першыя падразьдзяленьні вайскоўцаў з КНДР прыбылі ў зону баявых дзеяньняў расейска-ўкраінскай вайны 23 кастрычніка, «іх зьяўленьне зафіксавалі ў Курскай вобласьці Расеі».

  • Пра першыя баявыя сутыкненьні паміж украінскімі і паўночнакарэйскімі вайскоўцамі ў Курскай вобласьці 5 лістапада паведамілі крыніцы выданьня Financial Times і выданьня «Суспільне» ў спэцслужбах. Адзначалася, што пакуль «не ідзе гаворкі пра вялікія сутыкненьні».
  • У канцы кастрычніка заходнія выданьні паведамілі, што КНДР накіравала ў Расею вайскоўцаў для ўдзелу ў баявых дзеяньнях супраць Украіны. Паводле зьвестак Украіны і краінаў Захаду, у Курскую вобласьць прыбылі больш за 10 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. У пачатку лістапада прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведамляў, што яны панеслі першыя страты.
  • Масква і Пхэньян непасрэдны ўдзел паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у баях не пацьвярджалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG