Падначаленае Аляксандру Лукашэнку дзяржаўнае прадпрыемства «Белтрансспэцаўта» валодае аўтапаркам каля 900 машын і распараджаецца мільёнамі бюджэтных даляраў. Расьсьледаваньне Радыё Свабода пры дапамозе журналістаў LRT (Літва), а таксама на падставе зьвестак ад «Кібэрпартызанаў», высьветліла, якія машыны пастаўляюць для кіраўніка Беларусі, ягонай сям’і, аховы і чыноўнікаў.
За сваё 30-гадовае існаваньне гэты ўрадавы гараж, які да прыходу Лукашэнкі перавозіў выключна кіраўніцтва краіны, пераўтварыўся ў вялікую транспартную кампанію з шырокай сфэрай дзейнасьці.
Свабода прааналізавала праведзеныя кампаніяй тэндэры на сайце дзяржзакупаў за апошнія некалькі гадоў, супаставіла іх з адкрытымі зьвесткамі, а таксама з унікальнымі базамі дадзеных транспартных сродкаў кампаніі «Белтрансспэцаўта», перададзеных нам «Кібэрпартызанамі».
Як выявілася, на балянсе «Белтрансспэцаўта» можа знаходзіцца каля 900 машын 296 розных мадэляў: ад лімузінаў да экскаватараў. Менавіта гэтая кампанія адказвае за люксавы «Мэрсэдэс» прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, ня менш прэстыжныя Audi А8L старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітрыя Крутога і дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вальфовіча, а таксама за машыны розных беларускіх міністраў. Апошнія купленыя для гэтых чыноўнікаў машыны каштавалі каля 120 тысяч даляраў.
Сярод усяго пералічанага падчас расьсьледаваньня мы знайшлі два браняваныя лімузіны і мінівэн, якія Лукашэнка цяпер выкарыстоўвае ў паездках па Беларусі, а таксама адразу цэлую купу машынаў для ягонай службы аховы.
Напрыклад, згодна з сайтам дзяржаўных закупаў, у 2024 годзе кампанія «Белтрансспэцаўта» купіла мікрааўтобус Volkswage Caravelle. У апісаньні тэндэру гэты аўтамабіль павінен мець танаваныя вокны і дадатковыя бакавыя шторкі, а таксама своеасаблівае разьмяшчэньне крэслаў усярэдзіне — толькі для чатырох пасажыраў. Падобныя мікрааўтобусы суправаджаюць Аляксандра Лукашэнку ў кожнай яго паездцы.
Як вынікае з дакумэнтаў, гэты канкрэтны мікрааўтобус для дзяржаўнага бюджэту абыдзецца ў амаль 500 тысяч рублёў, ці прыкладна 150 тысяч даляраў.
У Беларусі цана такой машыны ў базавай камплектацыі для юрыдычных асобаў каля 75 тысяч даляраў. З гэтага вынікае, што пераабсталяваньне такога аўтамабіля з заменай крэслаў і навешваньнем сонцаахоўных шторак будзе каштаваць столькі, колькі сам аўтамабіль.
Бізнэс за дзяржаўныя грошы
«Белтрансспэцаўта» зарабляе на аказаньні рознага тыпу паслуг. Прадпрыемства займаецца грузаперавозкамі, рамонтам аўтамабіляў, здачай транспарту ў арэнду, мае ліцэнзіі на правядзеньне дзяржаўнага тэхагляду, а таксама на сваю ўласную аўташколу.
Зарабляюць, хутчэй за ўсё, на перапродажы ці здачы ў арэнду ўжываных чыноўнікамі машын. Мы заўважылі прынамсі некалькі такіх выпадкаў, калі машынам мяняюць нумары, танаваныя шыбы на звычайныя, здымаюць спэцыяльную апаратуру і пасьля выстаўляюць на аўкцыён. Таксама ахвочыя могуць узяць у арэнду, напрыклад на вясельле, «Мэрсэдэс», вельмі падобны да машыны, якую, як мяркуецца, выкарыстоўваў Віктар Лукашэнка. Такая мадэль аўтамабіля ў «Белтрансспэцаўта», згодна з базамі «Кібэрпартызанаў», у наяўнасьці толькі адна.
Прадпрыемства «Белтрансспэцаўта» купляе люксавыя машыны для чыноўнікаў, нягледзячы на санкцыі і высокія мыты. Амаль ніводная зь іх не купляецца праз публічныя дзяржаўныя тэндэры. На просьбу патлумачыць схему куплі машын першы намесьнік дырэктара прадпрыемства Артур Александровіч адказаў нам сьцісла: «Без камэнтароў».
Усяго сёлета зь дзяржаўнага бюджэту «Белтрансспэцаўта» плянуе патраціць амаль 6 мільёнаў даляраў. Сярод заяўленых рэчаў — 7 новых аўтамабіляў, якія каштуюць ад 97 да 136 тысяч даляраў кожны, і 8 аўтобусаў на агульную суму ў амаль 1,5 мільёна даляраў. І гэта толькі пляны прадпрыемства на год.
Пры гэтым запыты кампаніі на фінансаваньне зь дзяржаўнага бюджэту за апошнія тры гады растуць, а ўкладаньне сваіх сродкаў зьніжаецца.
Пра гэта, а таксама пра іншыя дэталі расьсьледаваньня Свабоды глядзіце на нашым Youtube-канале.
Форум