Рада па правах чалавека ААН вырашыла правесьці комплекснае незалежнае расьсьледаваньне меркаваных парушэньняў міжнароднага прызнаных правоў чалавека ў сырыйскім горадзе Алепа.
Пасьля надзвычайнага аднадзённага пасяджэньня, скліканага з мэтай абмеркаваць сытуацыю ва ўсходняй частцы Алепа, Рада ўхваліла рэзалюцыю: 24 дзяржаваў яе падтрымалі, сем (Алжыр, Балівія, Бурундзі, Кітай, Куба, Расея і Вэнэсуэла) прагаласавалі супраць, і 16 — устрымаліся.
Рэзалюцыя заклікае правесьці расьсьледаваньне з удзелам экспэртаў і выявіць вінаватых у зьдзяйсьненьні злачынстваў супраць чалавечнасьці ва ўсходняй частцы Алепа і прыцягнуць іх да адказнасьці. Напярэдадні галасаваньня, Расея, якая зьяўляецца саюзьнікам сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада, спрабавала ўнесьці папраўкі ў рэзалюцыю, перамясьціўшы фокус з сырыйскага ўрада і яго саюзьнікаў на паўстанцаў, якія, на думку прадстаўнікоў Расеі, зьяўляюцца тэрарыстамі.
Аднак Рада ААН адмовілася прымаць расейскія папраўкі і прагаласавала за тое, каб асудзіць напад на цывільных асобаў і інфраструктуру. Таксама Рада запатрабавала, каб рэжым Башара Асада і яго саюзьнікі «неадкладна спынілі паветраныя бамбаваньні і ваенныя палёты над горадам Алепа».
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зэйд Раад аль-Хусэйн заявіў, што аблога і бамбаваньне ўсходняга Алепа «ўяўляюць сабой злачынства гістарычных прапорцыяў». Ён падкрэсьліў, што нястомныя бамбаваньні Алепа ператварылі старажытны горад у «бойню».
Не згадаўшы Расею наўпрост, вярхоўны камісар ААН абвінаваціў «ўрадавыя войскі і іх саюзьнікаў» у невыбіральных паветраных ударах па захопленай паўстанцамі ўсходняй частцы Алепа, якія прывялі да большасьці ахвяр сярод цывільнага насельніцтва і назваў іх «ваеннымі злачынствамі».
Старшыня Незалежнай камісіі па расьсьледаваньні падзеяў у Сырыі Паола Сэрджыа Пінэйра пагадзіўся з тым, што ўсе вінаватыя ў зьдзяйсьненьні злачынстваў павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці.