Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць 3 гады пазбаўленьня волі для Лукашэвіча, пасьля ўдару якога памёр Міхаіл Пішчэўскі


Дзьмітры Лукашэвіч у судзе, фота студзеня 2015 года
Дзьмітры Лукашэвіч у судзе, фота студзеня 2015 года

Адвакат падсумавала, што Лукашэвіч ня злосны злачынца, а чалавек, які выпадкова трапіў у такую сытуацыю.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаліся судовыя спрэчкі ў паўторным працэсе над жыхаром Менску Дзьмітрыем Лукашэвічам. Падсудны Лукашэвіч абвінавачваецца ў злосным хуліганстве, наступствам якога стала сьмерць Міхаіла Пішчэўскага, і ненаўмысным забойстве.

Пракурор просіць 3 гады, але ня бачыць у Лукашэвіча нянавісьці да людзей зь іншай сэксуальнай арыентацыяй

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы Максіма Чупрыса, віна Дзьмітрыя Лукашэвіча ў судзе была цалкам даказаная, пракурор просіць асудзіць яго на 3 гады пазбаўленьня волі.

«Відавочна, што Лукашэвіч ня меў намеру забіць Пішчэўскага, але пры гэтым ён яўна дзейнічаў з выклікам адносна нормаў маралі. Ён сам наблізіўся да пацярпелага і сьвядома нанёс яму ўдар, ад якога той у выніку памёр», — казаў пракурор у судовых спрэчках.

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, адказнасьць падсуднага павялічвае тая акалічнасьць, што ён быў нападпітку. Але пракурор ня ўбачыў у матывах дзеяньняў Дзьмітрыя Лукашэвіча нянавісьці да людзей зь іншай сэксуальнай арыентацыяй. Абарона ж пацярпелых настойвае менавіта на такой кваліфікацыі.

Па частцы 1 артыкула 144 пракурор прасіў суд асудзіць Лукашэвіча на 3 гады зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму, па частцы 1 артыкула 339 — на 2 гады.

Праз складаньне пакараньняў, паводле пракурора, Лукашэвіча варта асудзіць на 3 гады зьняволеньня — і пры гэтым задаволіць пазовы да яго з боку сваякоў Пішчэўскага, якіх суд прызнаў пацярпелымі. Гэта маці, сястра і брат загінулага Міхаіла Пішчэўскага. Разам яны выставілі Дзьмітрыю Лукашэвічу пазовы на 200 тысяч рублёў: маці на 100 тысяч, сястра і брат — па 50 тысяч.

Адвакат: «Лукашэвіч ня злосны злачынца, а чалавек, які выпадкова трапіў у такую сытуацыю»

Абаронца Дзьмітрыя Лукашэвіча адзначыла ў спрэчках, што канфлікт паміж Лукашэвічам і Пішчэўскім адбыўся, калі абодва былі нападпітку. Вэрсія пра тое, што Пішчэўскі ў момант удару размаўляў па тэлефоне, не пацьвердзілася ў судзе, бо тэлефон на месцы здарэньня не знайшлі, казала абаронца падсуднага.

Адвакат таксама мяркуе, што сьмерць Міхаіла Пішчэўскага адбылася не ад удару Лукашэвіча ў галаву Пішчэўскага, а таму, што той атрымаў пералом шыі, калі ўдарыўся галавой аб зямлю ў выніку падзеньня. Пры гэтым адвакат спаслалася на паказаньні ў судзе экспэрта Лапцева.

З гэтай прычыны Лукашэвіч і не прызнае сябе вінаватым па частцы 1 артыкула 144 Крымінальнага кодэксу, сказала суду абаронца Дзьмітрыя Лукашэвіча. Адвакат заявіла, што яе падабаронны раскайваецца ў тым, што ўдарыў Пішчэўскага. Па словах адваката, Лукашэвіч таксама перажывае, спачувае сваякам Міхаіла Пішчэўскага і шмат разоў прасіў у іх прабачэньня.

Адвакат падсумавала, што Лукашэвіч ня злосны злачынца, а чалавек, які выпадкова трапіў у такую сытуацыю. Варожасьці да пэўнай сацыяльнай групы, да якой належаў Пішчэўскі, ён таксама ня меў, запэўнівала адвакат. Урэшце яна папрасіла суд абмежавацца для Лукашэвіча пакараньнем, якое той ужо адбыў. Таксама абаронца нагадала, што Лукашэвіч кампэнсаваў сваякам Пішчэўскага 155 мільёнаў рублёў (старымі грашыма).

Сваякі Пішчэўскага: «Нам дапамагалі дзясяткі незнаёмых людзей. Лукашэвіч нічым не дапамог»

Сястра Пішчэўскага Тацяна і ягоны брат Віталь выказаліся за больш суровае пакараньне Лукашэвіча, чым ён панёс паводле прысуду 2015 году. Віталь Барташэвіч, брат Пішчэўскага, распавёў, як глядзеў за братам у шпіталі тыя паўтара года, што Міхаіл быў у коме. Каб даглядаць брата, Віталь кінуў працу ў Магілёве і пераехаў у Менск, у выніку ад яго сышла жонка.

Час, калі брат быў у коме, назвала пеклам для ўсёй сям’і Пішчэўскіх родная сястра нябожчыка Тацяна Арэшка. Яны зь Міхаілам блізьняты, разам гадаваліся і хадзілі ў школу. Тацяна ня верыць, што яе брат завязаў бойку з Лукашэвічам, бо ніколі ня бачыла, каб ён з кімсьці біўся.

Жанчына зьвярнулася асабіста да Дзьмітрыя Лукашэвіча з папрокам, што ён ніяк не дапамог глядзець за Міхаілам, калі той быў у коме. «Нам дапамагалі дзясяткі людзей, у тым ліку незнаёмыя. Чаму ня ты? Ты ж такі моцны, калі б ты хоць раз прыйшоў у шпіталь і дапамог толькі перавярнуць Мішу, калі мы яго абмывалі, то гэтага сёньня не было б», — казала Тацяна Арэшка.

Пацярпелая таксама распавяла, што ў яе ў сям'і пачаліся праблемы з-за абстаноўкі і перажываньняў, зьвязаных з даглядам за братам. «Грамадзянскі муж кажа мне, што я забылася, што такое ўсьмешка. Мая малая дачка пачала хадзіць у шпітальным дворыку, іншага месца проста не знайшлося. Раней мы так добра жылі, як жыць далей?»

У судзе па справе сьмерці Міхаіла Пішчэўскага абвешчаны перапынак да 27 ліпеня. Судзьдзя Вікторыя Шабуня папярэдзіла падсуднага, што перад абвяшчэньнем прысуду ён будзе мець магчымасьць сказаць апошняе слова.

Паводле першага прысуду Лукашэвіч атрымаў 2 гады 8 месяцаў зьняволеньня, адбыў за кратамі каля году і выйшаў на волю паводле амністыі. Але пасьля таго як Пішчэўскі ад цялесных пашкоджаньняў памёр, крымінальная справа была адноўлена ў сувязі з новымі акалічнасьцямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG