Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамафоб сустрэўся з геем ці настаўнік фізкультуры — з мулярам-прыватнікам?


Дзьмітры Лукашэвіч, які зьбіў Міхаіла Пішчэўскага
Дзьмітры Лукашэвіч, які зьбіў Міхаіла Пішчэўскага

Сьмерць у менскім шпіталі гея Міхаіла Пішчэўскага — гэта вынік ягонага канфлікту толькі зь менчуком Дзьмітрыем Лукашэвічам, ці — з усім грамадзтвам, якое лічыць сябе талерантным, а насамрэч становіцца ўсё больш гамафобным?

«Праплакаў увесь дзень»

Міхаіл Пішчэўскі, якому ў жніўні споўнілася 35 гадоў, памёр а 12-й гадзіне ночы 26 кастрычніка ў 5-м шпіталі Менску. «Брат быў у прытомнасьці, ён праплакаў апошні дзень, мы мяркуем, што ён з намі разьвітваўся», — паведаміла пра сьмерць Міхаіла Пішчэўскага ягоная сястра Тацяна. Дакладную прычыну сьмерці вызначаць лекары пасьля экспэртызы. Але сваякі кажуць, што такі канец ня быў для іх нечаканасьцю, бо апошнім часам Міхаіл Пішчэўскі вельмі зьнясілеў ад перанесеных інфэкцыйных захворваньняў і наступстваў траўмы, якую атрымаў ад удару Дзьмітрыя Лукашэвіча.

Міхаіл Пішчэўскі ў шпіталі пасьля зьбіцьця
Міхаіл Пішчэўскі ў шпіталі пасьля зьбіцьця

Канфлікт адбыўся 25 траўня 2014 году каля менскай кавярні Underworld, дзе не ўпершыню зьбіраліся людзі нетрадыцыйнай арыентацыі. Пазьней у судзе мянчук Дзьмітры Лукашэвіч пацьвердзіў, што сьвядома прыйшоў да кавярні падвечар, калі наведнікі пачыналі разыходзіцца, і сьвядома абазваў аднаго зь іх зьняважлівым словам п.....с. Гэта аказаўся знаёмы Міхаіла Пішчэўскага, які ішоў за сваім сябрам сьледам. Міхаіл Пішчэўскі быў моцны ды высокі і звычайна не ўхіляўся ад абароны тых, каго пакрыўдзілі. «Хто тут п.....сы?» — пасьпеў запытаць Пішчэўскі, як Лукашэвіч падскочыў да яго і натрэніраваным ударам у галаву паваліў на зямлю. Ад удару Міхаіл Пішчэўскі ня проста паваліўся, а з усёй вышыні свайго амаль двухмэтровага росту ўдарыўся аб бэтонную пліту галавой. У выніку апэрацыі яму выдалілі частку мозгу, але з бальнічнага ложка Міхаіл Пішчэўскі ўжо не падняўся і не загаварыў.

Чамусьці суд ня стаў разьбірацца ў гамафобных матывах

У канцы 2014 году Цэнтральны суд Менску прызнаў Лукашэвіча вінаватым у злосным хуліганстве і нанясеньні Пішчэўскаму шкоды здароўю ў выніку неасьцярожнасьці ды прысудзіў злачынцу 2 гады і 8 месяцаў зьняволеньня, а таксама выплату грашовай кампэнсацыі. Сваякі і абарона Міхаіла Пішчэўскага абскардзілі прысуд. Яны даводзілі, што Лукашэвіч дзейнічаў не з хуліганскіх намераў, а з матываў нянавісьці да людзей нетрадыцыйнай арыентацыі. Больш суровага пакараньня — 7 гадоў зьняволеньня — патрабавала для Лукашэвіча і пракуратура. Але і другі разгляд справы ў Цэнтральным судзе Менску даў той самы вынік — 2 гады і 8 месяцаў зьняволеньня для Дзьмітрыя Лукашэвіча. Назіральнікі за працэсамі адзначалі, што ў абодвух выпадках розныя судзьдзі ня сталі нават вывучаць прыкметы гамафобіі ва ўчынках Лукашэвіча.

Канфлікт з праваабаронцамі і журналістамі

На ўсе працэсы над Дзьмітрыем Лукашэвічам прыходзіла ягоная «група падтрымкі»: ня толькі сваякі, але і сябры — людзі з суровымі тварамі, моцным целаскладам і рашучымі намерамі.

Яшчэ на першым судзе гэтая група накінулася на праваабаронцу з цэнтру «Вясна» Тацяну Равяку, якая паспрабавала зрабіць фота Лукашэвіча. Жанчыну ўдарылі па нагах і абражалі брыдкімі словамі. Падчас другога разгляду справы ў тым жа Цэнтральным судзе ў судовай залі здарыўся новы канфлікт. Зноў сваякі Лукашэвіча і ягоныя сябры-аднадумцы напалі на журналістаў «Белсату» і праваабаронцаў, калі тыя паспрабавалі ў перапынку зьняць Лукашэвіча ў жалезнай клетцы. Тады дасталася і карэспандэнту Радыё Свабода, які, калі ўбачыў бойку, таксама скарыстаў відэакамэру. Сястра Лукашэвіча біла журналіста па руках і па відэакамэры, не зважаючы на папярэджаньні, што яна парушае закон. Потым сваячка злачынцы паскардзілася на карэспандэнта ў міліцыю, што гэта нібыта ён яе зьбіваў, але праверка гэтага не пацьвердзіла.

Напад на журналістаў у судзе ў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:19 0:00

Як паводзіла сябе сям’я Лукашэвіча ў справе Пішчэўскага?

Яшчэ на судзе назіральнікі адзначылі, што сям’я Лукашэвічаў ніяк не кантактуе зь сям’ёй Пішчэўскага і ўвогуле паводзіць сябе гэтак, быццам гэта яны — пацярпелыя.

На пачатку кастрычніка 2015 году стала вядома, што Дзьмітры Лукашэвіч, які адбываў пакараньне ў жодзінскай турме № 8, яшчэ ў жніўні выйшаў на волю па амністыі, прымеркаванай да Дня Перамогі. Пра гэта сваякі Пішчэўскага даведаліся выпадкова ў судзе. Сваякам паведамілі, што суд прадставіў у калёнію даведку, згодна зь якой Лукашэвіч выплаціў усю прызначаную грашовую кампэнсацыю.

Паводле сястры Міхаіла Пішчэўскага Тацяны, сваякі Дзьмітрыя Лукашэвіча да ягонай амністыі ўсяляк зацягвалі выплату кампэнсацыі Міхаілу Пішчэўскаму і ніяк не цікавіліся ягоным станам здароўя. Толькі на другім працэсе па справе Дзьмітры Лукашэвіч папрасіў у сваякоў Міхаіла Пішчэўскага прабачэньня. З таго часу на сувязь зь сям’ёй Пішчэўскіх сам Лукашэвіч не выходзіў.

Маці Дзьмітрыя Лукашэвіча — былая дырэктарка дзіцячага садку. На судзе давала паказаньні сястра Лукашэвіча. Жанчына характарызавала свайго брата выключна станоўча.

А вось у судзе прагучалі зьвесткі, што Дзьмітры Лукашэвіч неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за хуліганства. Што яшчэ пра яго паведамілі?

Дзьмітры Лукашэвіч у судзе
Дзьмітры Лукашэвіч у судзе

На момант інцыдэнту Лукашэвічу было каля 30 гадоў. Да арышту ён працаваў у прыватным прадпрыемстве, рамантаваў абсталяваньне, а раней некалькі гадоў быў настаўнікам у 29 сярэдняй школе — выкладаў фізкультуру. Сёньня карэспандэнт Свабоды пазваніў у 29 школу, каб даведацца, ці памятаюць там настаўніка Дзьмітрыя Лукашэвіча. «Сярэднюю школу перафармавалі ў пачатковую, склад настаўнікаў абнавіўся, такога ня памятаем», — адказалі ў прыёмнай дырэктара.

Што вядома пра жыцьцё Міхаіла Пішчэўскага?

Паводле ягонай сястры Тацяны, Міхаіл скончыў у Менску 83-ю сярэднюю школу, потым 52-гі будаўнічы каледж, дзе атрымаў прафэсію будаўніка-муляра. Браў удзел у шмат якіх менскіх будоўлях, але сястра не змагла сказаць, у якіх дакладна. Апошнія гады Міхаіл актыўна займаўся будаўнічым бізнэсам, сам праектаваў прыватныя дамы, зьбіраўся стварыць уласную будаўнічую фірму. Шмат вандраваў па сьвеце. Апошнюю турыстычную паездку, у Тайлянд, Міхаіл Пішчэўскі зрабіў у сакавіку 2014 году, за два месяцы да сустрэчы зь Дзьмітрыем Лукашэвічам.

Міхаіл Пішчэўскі
Міхаіл Пішчэўскі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG