Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка пра сьмерць Шарамета: палітычных наступстваў, як пасьля забойства Гангадзэ, ня будзе


Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

Забойства Паўла Шарамета ня будзе мець такіх істотных палітычных наступстваў, якія ў свой час мела забойства Георгія Гангадзе.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка.

Узгадваючы забойства ў 2000 годзе заснавальніка сайта «Ўкраінская праўда» Георгія Гангадзэ, якое прывяло да доўгатрывалага палітычнага крызісу ва Ўкраіне, Фясенка адзначае, што гібель Паўла Шарамета наўрад ці будзе мець такія наступствы.

«Такіх наступстваў, якія былі пасьля забойства Гангадзэ, ня будзе. Прычыны і матывы гэтага злачынства незразумелыя. Павал, у адрозьненьні ад Георгія Гангадзэ, ня быў уцягнуты ў нейкія рэзанансныя журналісцкія расьсьледаваньні, нейкія палітычныя і інфармацыйныя войны. У Гангадзэ быў у свой час прамы канфлікт зь сілавікамі, з уладай, што ў выніку скончылася яго выкраданьнем і трагічнай гібельлю. У выпадку ж Шарамета такога канфліктнага кантэксту не было. Павал заўсёды адрозьніваўся ўмеранай цэнтрысцкай пазыцыяй. Ён ня быў зьвязаны з карпаратыўнымі ці палітычнымі войнамі, наколькі я ведаю, у яго нават асабістых канфліктаў не было. Таму складана сказаць, каму выгоднай была б сьмерць Паўла. Вядома, можна меркаваць рознае — і беларускі сьлед, і расейскія спэцслужбы, як ужо некаторыя гавораць. Але зноў-такі, а для чаго? Чаму менавіта Павал? Адказаць на гэтае пытаньне ня так проста», — канстатуе кіеўскі экспэрт.

Значнай Фясенка лічыць вэрсію паводле якой забіць зьбіраліся ня Паўла Шарамета, а Алёну Прытула:

«Узарвалі машыну Алёны Прытула. Алёна — сузаснавальніца „Ўкраінскай праўды“. Магчыма, гэта быў замах на Алёну Прытула для таго, каб прыбраць яе, а потым паспрабаваць захапіць „Украінскую праўду“, якая зьяўляецца адным з найбольш уплывовых інфармацыйных рэсурсаў ва ўкраінскім сэгмэнце інтэрнэту».

Фясенка лічыць, што забойства Шарамета ня будзе мець наступстваў для грамадзка-палітычнага жыцьця ва Ўкраіне.

«Сьмерць Паўла — а я яго ведаў асабіста — гэта вялікая трагедыя для многіх людзей. Гэта вялікая страта для ўкраінскай, беларускай і, верагодна, расейскай журналістыкі. Гэта быў адважны, вельмі моцны і прафэсійны журналіст. Але я не чакаю нейкіх прамых палітычных наступстваў. Чагосьці падобнага да сытуацыі з Гангадзэ ня будзе. Іншая справа, што гэта трагічная сьмерць становіцца яшчэ адным папярэджаньнем пра існыя рызыкі палітычнага гвалту. На жаль, усё гэта наступствы вайны, супрацьстаяньня з Расеяй, наяўнасьці ў людзей зброі, актывізацыі радыкалаў, як прарасейскіх, так і нацыяналістычных», — падкрэсьлівае ўкраінскі палітоляг.

Фясенка таксама ня лічыць, што забойства Шарамета само па сабе можа апынуцца ўдарам па рэпутацыі ўкраінскай улады:

«Ні адна ўлада ў сьвеце ня можа забясьпечыць бясьпеку кожнага грамадзяніна. Мы па Францыі гэта бачым, дзе ўжо тры рэзанансныя тэракты адбыліся за апошнія паўгода. Але знайсьці забойцу, высьветліць, каму гэта было трэба і што — гэта, безумоўна, неабходна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG