Журы прэміі, у склад якога сёлета ўваходзяць Ігар Бабкоў, Анджэй Бжэзецкі, Сяргей Дубавец, Малгажата Ноцунь, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута, абрала трынаццаць наступных кніг:
- Андрэй Адамовіч. Таўсьціла і лешч. — Вільня: "Логвінаў".
- Валянцін Акудовіч. Прачнуцца ранкам у сваёй краіне. — Вільня: "Логвінаў".
- Сяргей Балахонаў. Інфанта і аднарог. — Вільня: "Логвінаў".
- Альгерд Бахарэвіч. Белая муха, забойца мужчын. — Менск: "Галіяфы".
- Аляксандр I. Бацкель. Яблыневы маёнтак. — Вільня: "Логвінаў".
- Адам Глобус. Гісторыі пра Менск і яго ваколіцы. — Вільня: "Логвінаў".
- Зьміцер Дзядзенка. Гісторыі ў прыцемках. — Менск: "Кнігазбор".
- Алесь Пашкевіч. Рух. — Менск: "Кнігазбор".
- Марыя Роўда. Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі. — Менск: "Кнігазбор".
- Рома Сьвечнікаў. Рома едзе. Кніга 2. Вільня: "Логвінаў"/34mag.net
- Таня Скарынкіна. Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі. — Вільня: "Логвінаў".
- Кірыл Стаселька. Дзіцячы маніфест. — Менск: "Галіяфы".
- Макс Шчур. Завяршыць гештальт. — Тэрнопаль: "Крок".
Сёлета ў лонг-ліст трапіла 13 кніг, хаця раней іх абіралася 12.
«У гэтым годзе мы зьмянілі схему галасаваньня, — тлумачыць Свабодзе выканаўчы дырэктар Беларускага ПЭН-цэнтру Павал Анціпаў. — Раней галасаваньне вырашалася чыста матэматыкай: хто набраў большую колькасьць галасоў, той і праходзіў у лонг-ліст. Гэтым разам увялі працэдуру кансэнсусу, больш чалавечага такога стаўленьня да ляўрэатаў. Журы, як вынік, даволі горача абмяркоўвае ўсе кнігі, і ўсе павінны быць згодныя, што ў лонг-лістце тыя кнігі, якія павінны туды трапіць. Таму калі абмяркоўваўся тузін, туды ніяк ня ўлазілі ўсе кнігі, якія журы там бачыла. Правілы не агаворваюць дакладную лічбу лонг-ліста, таму было вырашана ўключыць 13 кніжак, каб захаваць кансэнсус».
Надалей з лонг-ліста будзе абраны шорт-ліст (меркавана, 6 кніг).
Як паведамляе беларускі ПЭН-цэнтар, вызначылася ўзнагарода для аўтара кнігі, якая зойме трэцяе месца. Інстытут імя Гётэ ў Мінску прапаноўвае трэцяму ляўрэату двухтыднёвы творчы адпачынак у Бэрлінскім літаратурным калёквіюме ў сьнежні 2016 года. Аўтар кнігі, якая зойме другое месца, будзе ўзнагароджаны стыпэндыяй у Доме творчасьці пісьменьнікаў (г. Вісьбю, Готлянд, Швэцыя), першае — чэкам ад IdeaBank.
У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута — з беларускага боку; Анджэй Бжэзецкі і Малгажата Ноцунь — з польскага боку. Ганаровы старшыня журы — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік.
Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 году. Папярэднія пераможцы: Павал Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько з кнігай «Час зьбіраць косьці» (2015).