Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў пра прэмію Гедройця: «Праца журы і не павінна быць празрыстай»


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

4 гады таму, 3 сакавіка 2012 году, ва Ўсясьветны дзень пісьменьніка, у Беларусі ўпершыню адбылася ўрачыстая цырымонія ўганараваньня беларускіх празаікаў і эсэістаў літаратурнай прэміяй Ежы Гедройця. Сёлета прэмія мелася б уручацца ўжо пяты раз.

Паводле ўмоваў, апублікаваных на афіцыйным сайце прэміі, «арганізатарамі конкурсу зьяўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут».

Радыё Свабода дала магчымасьць выказацца прадстаўнікам амбасады Польшчы ў Беларусі, Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Старшыні ПЭН-цэнтру і СБП, а таксама вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў уваходзяць у Камітэт прэміі, які вызначае склад журы.

На пытаньні Свабоды гэтым разам адказвае Ўладзімер Арлоў.

— Спадар Арлоў, вы 4 гады былі сябрам журы прэміі Гедройця, цяпер зьяўляецеся сябрам Камітэта па журы. Так што самы дасьведчаны чалавек. Самую першую прэмію пяць гадоў уручалі 3 сакавіка, летась — 1 чэрвеня, а сёлета не сфармаванае нават журы. У чым справа?

Я думаю, усе гэтыя жарсьці, якія распальваюцца вакол лёсу прэміі, лепш замяніць, калі гаворка ідзе пра пісьменьнікаў, літаратурнай працай — каб трапіць у лік намінантаў на прэмію Гедройця за 2016 год.

— Ня бачу ніякіх падставаў для хваляваньня за лёс прэміі Гедройця ў гэтым годзе. Па-першае, фундатары пацьвердзілі, што прэмія будзе, і памер яе ні на эўра не паменшыўся.

Па-другое, у 2015 годзе выйшла шмат цікавых празаічных кніг, і аўтары будуць сур’ёзна канкураваць паміж сабой.

Па-трэцяе, у гэтым месяцы — сакавіку — будзе вядомы і склад журы, і сьпіс кніг, вылучаных на прэмію.

Па-чацьвёртае, няма ніякай трагедыі, калі ўрачыстая цырымонія ўганараваньня адбудзецца нават у верасьні.

Я хачу таксама сказаць, што пэсыміст — гэта дрэнна інфармаваны аптыміст. Дык вось, такім аптымістам нагадаю, што неўзабаве ў нас адбудзецца ўручэньне прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў трох намінацыях, сёлета ўпершыню будзе ўручаная новая прэмія — імя Цёткі — за лепшую дзіцячую кнігу году. Ня буду раскрываць усе карты, але сёлета ў нас павінна зьявіцца новая, ня толькі важкая, але і вельмі важная для літаратурнага працэсу прэмія.

Ну а галоўнай літаратурнай прэміяй і надалей застаецца прэмія імя Ежы Гедройця, таму зычу плённай працы журы — а гэта праца ў самыя бліжэйшыя дні распачнецца. І, я думаю, усе гэтыя жарсьці, якія распальваюцца вакол лёсу прэміі, лепш замяніць, калі гаворка ідзе пра пісьменьнікаў, літаратурнай працай — каб трапіць у лік намінантаў на прэмію Гедройця за 2016 год.

— Спадар Уладзімер, а ваш камітэт абмяркоўваў, хто сёлета будзе ў журы? Бо з астатнімі сябрамі камітэту мы гулялі ў «адгадайку» — я называла прозьвішчы, а яны казалі, каго дакладна ня будзе...

І наагул, ваша меркаваньне — ці павінна журы быць пастаянным, ці павінна мяняцца? Якія крытэры падбору кандыдатур?

Склад журы павінен мяняцца. Я лічу, што гэта ня проста лягічна, але і непазьбежна.

— Наш камітэт абмяркоўваў кандыдатуры журы. Я магу сказаць толькі адно: хутка сьпіс журы зьявіцца. Пачакайце, даведаецеся — і гэта будзе самым вычарпальным адказам на ваша пытаньне. Зараз пра кандыдатуры нічога не скажу.

А склад журы павінен мяняцца. Я лічу, што гэта ня проста лягічна, але і непазьбежна. Пачакайце — зьявіцца сьпіс, і ён дасьць адказ на ваша пытаньне.

— Я чула шмат меркаваньняў даволі аўтарытэтных людзей, што прэмію прыватызаваў ПЭН-цэнтар. І што няма празрыстасьці...

— Я не зусім разумею: што значыць — няма празрыстасьці? Праца любога журы і не павінна быць празрыстай. Гэта праца журы. І потым вынікі працы — спачатку ў выглядзе так званага long list — доўгага сьпісу, потым short list — кароткага сьпісу — ні ад каго не хаваліся, яны былі агульным здабыткам. У чым тут непразрыстасьць? Калі хтосьці думае, што іх будуць запрашаць на паседжаньні журы, то такой практыкі не існуе нідзе ў сьвеце. І калі ўжо на тое пайшло, то самая непразрыстая праца, як мне падаецца, і ня толькі мне — гэта праца Нобэлеўскага камітэта, які не друкуе нават сьпісы, ні доўгія, ні кароткія. Пры гэтым, вядома, ні ў якім разе я ня стаўлю пад сумнеў, а толькі вітаю леташнюю пастанову Нобэлеўскага камітэта аб прысуджэньні прэміі Сьвятлане Алексіевіч. Так што набярыцеся цярпеньня — хутка сьпіс журы будзе абвешчаны, зьявяцца і доўгі ліст, і кароткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG