Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія гандляры: «Няма пакупнікоў ні ў будні, ні ў выходныя...»


На гарадзенскім рынку «Паўднёвы»
На гарадзенскім рынку «Паўднёвы»

Гарадзенскія гандляры на рынках кажуць, што за апошнія дваццаць гадоў ня памятаюць такіх цяжкіх часоў і такога дэпрэсіўнага стану.

Рынак «Паўднёвы» — адзін з найбуйнейшых ня толькі ў Горадні, але і ва ўсёй Беларусі. Пераважная большасьць прадпрымальнікаў выходзяць на працу, але здараецца, што цэлымі днямі, а нават тыднямі нічога не прадаецца.

Пакупнікоў на рынку няма, хоць шапікі адчынены. Прадпрымальнікі, тулячыся ад холаду, нешта абмяркоўваюць між сабою або проста гуляюць у карты.

— Сытуацыя такая, што няма з чаго нават заплаціць падатак, — кажа мне стомленым голасам спадарыня Аліна. — Вунь многія суседзі пазачынялі шапікі: хто кінуў зусім прадпрымальніцтва, хто паехаў на заробкі за мяжу. Няма пакупнікоў ні ў будні, ні ў выходныя, нічога не прадаецца.

Ейны муж сумна дадае, што і тыя, хто падыходзіць паглядзець тавар, як правіла, нічога не купляюць.

— Людзі адразу пытаюцца, ці не прадаём за паўцаны. А тут ужо цэны і так даўно за паўцаны ад таго, за што купляўся тавар. Я ня ведаю, але больш за два месяцы мы так не пратрымаемся.

Іх суседка, спадарыня Тацяна, кажа, што на рынку дэпрэсія. Прадпрымальнікі выходзяць на працу, але могуць прастаяць пару тыдняў і ніводнай рэчы не прадаць.

— Вось такія цяпер часы. Я за ўсе 20 гадоў працы нечага падобнага ня памятаю. А падаткі трэба заплаціць на пачатку месяца, за арэнду таксама, яшчэ і сацыяльны падатак. А з чаго іх плаціць?

Спадар Іван гандлюе разам з жонкай мужчынскім верхнім адзеньнем. Кажа, што ў хату няма каму цяпер прыносіць грошай. Ягоная жонка, спадарыня Сьвятлана, спрабавала шукаць працу, але за тры месяцы нічога не знайшла.

— Нічога ня будзе да таго часу, пакуль ня стануць плаціць людзям заробкі на прадпрыемствах. Людзям хапае толькі на хлеб і камунальныя, а сюды ўжо амаль ніхто не прыходзіць. Дый з тымі сэртыфікатамі ў нас стан падвешаны, бо належных дакумэнтаў пераважная большасьць прадпрымальнікаў ня мае. Гэта проста цяпер увялі мараторый на праверкі. А калі пойдуць правяраць, то будзе бяда, штрафы пасыплюцца... Добра, што хоць дзяцей павывучвалі, а то як бы цяпер было гадаваць...

Спадарыня Галіна прадае хатнія дэкаратыўныя рэчы. Сумна ўсьміхаецца мне і кажа, што за цэлы месяц не прадала ніводнай рэпрадукцыі. Яшчэ летась, маўляў, хоць перад сьвятамі людзі нешта набывалі, а сёлета ніхто нават і не падыходзіць. А шапік яна адкрывае кожны дзень.

— Мне вось падаткі і арэнду трэба заплаціць звыш трох мільёнаў, а я нічога не зарабіла. У хаце сям’я, дзяцей у школу трэба выпраўляць. Спрабавала ўладкавацца настаўніцай музыкі — безвынікова. Працы знайсьці зусім немагчыма, мы тут нікому не патрэбныя. Дарэчы, і тавар у мяне ўвесь беларускі, і дакумэнты на ўсё ёсьць. Але ніхто нічога ня можа купіць. Адзінае, што ратуе, — лецішча. Летась нарыхтавала на зіму гуркоў, памідораў, іншых саленьняў, і вось цэлую зіму на гэтым пратрымаліся. Гэта калі такое было? І самае страшнае, што няма на што спадзявацца. Цяпер стала праблематычна нават на працу дабрацца, бо кожны дзень на маршрутку трэба аддаць 20 тысяч...

Спадар Аляксандар кажа, што самае крыўднае ў гэтай сытуацыі — што ніхто нават слова добрага ня скажа ў падтрымку, ня тое каб нешта купіць. Маўляў, людзі злыя, а ўладам да гандляроў таксама справы няма.

— Я ж пачынаў у 90-я, тады таксама няпроста было. Але тады дзяржава да нас павярнулася тварам, не чапалі, давалі займацца ўсім тым, хто што можа і ўмее, і неяк выкараскваліся. А цяпер пры гэтых законах ты наагул вінаваты нават у тым, што існуеш.

Ягоны сусед спадар Андрэй, які далучаецца да нашае размовы, шкадуе, што прадпрымальнікі разрозьненыя, няма салідарнасьці паміж людзьмі і ўсе ўсяго баяцца.

— Сёлета вось выбары будуць у парлямэнт. Але якія на іх спадзевы? Колькі іх ужо было, і... Паглядзіце, ніводзін дэпутат да нас не прыйшоў у гэтыя складаныя часы, не пагаварыў, нічога, нібыта нас няма наагул. Я дык болей і не пайду за іх галасаваць, бо таксама ня бачу ніякага сэнсу. Мы наагул тут усе разам ня ведаем, што рабіць далей. Пражываем кожны дзень, як Бог дае, а што далей будзе — невядома...

Зь ім пагаджаецца спадарыня Ірына. І дадае, што і прадпрымальнікаў, і краіну ў цэлым чакае каляпс, калі ў бліжэйшыя месяцы ня зьменіцца эканамічная сытуацыя.

— Я па адукацыі гісторык. Вось ужо тры месяцы шукала працу — безвынікова. Паўсюль на прадпрыемствах скарачэньні, новых працоўных месцаў ствараецца мізэр, заробкаў хапае на тое, каб толькі заплаціць за кватэру і потым на харчы, каб з голаду не памерці. Вось Танін сын — 25 гадоў, чацьверты месяц сядзіць бяз працы, паабіваў усе парогі — і нідзе нічога. Мой муж мае ўсе катэгорыі кіроўцы, а шафёрам нідзе ня можа знайсьці працы. Дый мы тут грошы ў гэты тавар уклалі, а дастаць іх назад ня можам.

Цікаўлюся ў прадпрымальнікаў — як адзначаюць цяпер сьвяты? Адзін жа Вялікдзень ужо быў, а другі вось-вось наступіць. Гэтае пытаньне выклікала ў людзей усьмешкі, адказваюць амаль у адзін голас:

— Абавязкова адзначаем, абавязкова. Зразумела, што цяпер больш сьціпла, чым раней, але ўсё роўна адзначаем, як і нашы бацькі адзначалі, хоць і жылі пры савецкай уладзе. Хаця, канечне, няма таго, што раньш было...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG