На фоне росту беспрацоўя попыт на працоўную сілу ў Беларусі дасягнуў мінімальнага за апошнія 10 гадоў паказчыка, сведчаць зьвесткі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
На 1 сьнежня 2015 году ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне знаходзіліся зьвесткі аб наяўнасьці 29,3 тысячы вакансій, тады як у канцы 2014-га — 33,6 тысячы, 2013-га — 50,5 тысячы, 2012-га — 62 тысячы.
Цяперашні попыт на працоўную сілу — самы нізкі з 2004 году. Нават у 2009-м, на фоне ўсясьветнага эканамічнага крызісу, калі ў Беларусі назіраўся спад прамысловай вытворчасьці, узровень заяўленых вакансій быў вышэйшы — іх колькасьць складала 34,5 тысячы, паведамляе БелаПАН.
На гэтым фоне ў 2015 годзе ў краіне акрэсьлілася тэндэнцыя росту беспрацоўных. Паводле зьвестак Міністэрства працы і сацабароны, на 1 сьнежня ў Беларусі колькасьць беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку, склала 43,2 тысячы чалавек. Для параўнаньня: у канцы 2014 году гэты паказчык складаў 24,2 тысячы чалавек, у канцы 2013 года — 21 тысячу. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, сёньня ў Беларусі максымальная з 2007 году колькасьць беспрацоўных.
Зьніжэньне колькасьці вакансіяў і рост беспрацоўя сталі вынікам эканамічнага спаду, які назіраўся ў Беларусі летась. Паводле афіцыйных зьвестак, за студзень — лістапад ВУП Беларусі знізіўся на 3,9%, прамысловая вытворчасьць скарацілася на 7,1%.
Намесьнік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгі Грыц лічыць, што на выпадак беспрацоўя неабходна ствараць страхавыя фонды:
«Каб праводзіць банкруцтва, патрэбныя фонды, што будуць аказваць падтрымку супрацоўнікам прадпрыемстваў, якія застаюцца бяз працы. Размова ідзе пра стварэньне страхавых фондаў, якія маглі б стаць „падушкай бясьпекі“ для работнікаў, калі адносна іх прадпрыемстваў будзе праводзіцца працэдура банкруцтва», — растлумачыў Грыц.