Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі скароцяць фінансаваньне дзяржаўных тэатраў


Гомельскі тэатар лялек. Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Гомельскі тэатар лялек. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка 18 лістапада падпісаў указ № 422, які рэгулюе фінансаваньне дзейнасьці дзяржаўных тэатраў Беларусі. Згодна зь ім, фінансаваньне тэатраў дзяржавай з 2025 году скароцяць на 10%.

З 1 студзеня 2025 году стварэньне новых пастановак, правядзеньне гастроляў, аплата камунальных паслуг, эксплюатацыйных расходаў і выплата заработнай платы работнікам тэатраў будуць ажыцьцяўляцца «на парытэтнай аснове (50/50) са сродкаў бюджэту і ўласных даходаў тэатраў».

З пачатку 2024 году ўказам Лукашэнкі фінансаваньне тэатраў са сродкаў бюджэту і ўласных сродкаў ажыцьцяўлялі ў прапорцыях 60/40, зь якіх 60% — дзяржаўнае фінансаваньне.

Дадатковую дзяржаўную падтрымку тэатрам, згодна з указам, будуць аказваць толькі на пэрыяд правядзеньня рамонтных работ «шляхам наданьня ім у бязвыплатнае карыстаньне іншых памяшканьняў» і аплачваючы за кошт бюджэту камунальныя паслугі і транспарт. Раней бягучы і капітальны рамонт тэатру, набыцьцё абсталяваньня і іншых асноўных сродкаў ажыцьцяўлялася «ў поўным аб’ёме за кошт бюджэтных сродкаў».

Указ скіраваны на тое, каб «дамагчыся больш эфэктыўнага выкарыстаньня сродкаў бюджэту», гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі. Таксама ён нібыта мае «станоўча паўплываць на ўдасканаленьне рэпэртуарнай палітыкі і актывізацыю творчай актыўнасьці».

Аляксандар Лукашэнка яшчэ ў 2024 годзе на нарадзе з кіраўніцтвам ураду заявіў, што сума сродкаў, якія выдзяляюць зь бюджэту, на падтрымку тэатраў не павінна быць большай, чым гэтыя культурныя ўстановы самі зарабляюць. Тады старшыня Камітэту дзяржкантролю Васіль Герасімаў канстатаваў, што тэатры фізычна не заробяць столькі, колькі трэба на сталыя выдаткі, нават з улікам роўнай гэтаму даходу дзяржпадтрымкі.

У 2020 годзе шэраг дзеячоў культуры падтрымалі пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў. Пасьля гэтага ў беларускіх тэатрах пачалася хваля палітычных звальненьняў, якая працягваецца і дагэтуль. Многія супрацоўнікі тэатраў звольніліся на знак пратэсту, былі вымушаныя пакінуць краіну. Адзін з найбольш паказальных прыкладаў — трупа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Янкі Купалы, большасьць якой падтрымала прыхільнікаў пераменаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG