З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну прайшло роўна 1000 дзён. За час баявых дзеяньняў загінулі тысячы мірных жыхароў Украіны, амаль траціна жыхароў краіны вымушана пакінулі свае дамы, сотні школ, бальніц і іншай грамадзянскай інфраструктуры разбураныя абстрэламі.
«Настоящее время» сабрала галоўныя лічбы вайны Расеі ва Ўкраіне. Пераказваем асноўнае.
Сьмерці і раненьні мірных жыхароў
З пачатку поўнамаштабнай вайны насельніцтва Ўкраіны скарацілася прыкладна на 8 мільёнаў чалавек, мяркуюць у Фондзе ААН у галіне народанасельніцтва. Гэта зьвязана і з падзеньнем нараджальнасьці, і з выездам украінцаў з краіны, а таксама з гібельлю людзей на вайне.
Сама меней 12 162 мірныя жыхары Ўкраіны былі забітыя ў выніку ўзброенага ўварваньня Расеі. Сярод іх прынамсі 659 дзяцей. Яшчэ 26 919 цывільных былі параненыя, у тым ліку 1 747 дзяцей. Гэта толькі тыя зьвесткі, якія ў ААН змаглі вэрыфікаваць. Рэальныя лічбы могуць быць у разы вышэйшыя.
Больш за ўсё сьмерцяў і раненьняў прыпала на пачатак уварваньня ў сакавіку 2022 году. Зь ліпеня 2024 году колькасьць раненьняў мірных жыхароў зноў пачала расьці.
Траціна жыхароў Украіны пакінулі свае дамы
Паводле ацэнак Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, амаль траціна ўсіх жыхароў Украіны былі вымушаныя пакінуць свае дамы з прычыны поўнамаштабнага ўварваньня Расеі.
Яшчэ да 24 лютага 2022 году ва Ўкраіне былі зарэгістраваныя амаль 1,5 млн унутрана перамешчаных асобаў з акупаваных тэрыторыяў Крыму, Данецкай і Луганскай абласьцей. Паводле зьвестак Міністэрства сацыяльнай палітыкі Ўкраіны, з 2022 году колькасьць вымушаных перасяленцаў перавысіла 4,6 мільёна, амаль мільён зь іх — дзеці.
Яшчэ больш людзей былі вымушаныя ўцякаць з краіны. Паводле зьвестак Эўрапейскага статыстычнага агенцтва і Ўпраўленьня вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, у краінах Эўропы на верасень 2024 году пражывалі каля 5 мільёнаў грамадзян Украіны, яшчэ каля 500 тысяч чалавек — па-за межамі Эўропы.
Паводле зьвестак ААН, яшчэ каля 1,2 млн украінцаў знаходзяцца на тэрыторыі Расеі і Беларусі. Многія зь іх прайшлі праз так званую працэдуру «фільтрацыі». Яе былі абавязаныя праходзіць усе людзі, якія добраахвотна, вымушана ці прымусова выяжджалі на тэрыторыю Расеі — напрыклад, падчас блякады Марыюпалю.
Паводле зьвестак украінскага Цэнтру грамадзянскіх свабодаў, Міжнароднага Чырвонага Крыжа, украінскіх уладаў і шматлікіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, тысячы цывільных украінцаў знаходзяцца ў сьледчых ізалятарах Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны. Іх абвінавачваюць, напрыклад, у тэрарызьме за дапамогу Ўзброеным сілам Украіны (УСУ), прыналежнасьць у мінулым да праваахоўнікаў ці службу ва ўкраінскім войску.
Злачынствы расейскіх вайскоўцаў
За 1000 дзён вайны Генпракуратура Ўкраіны завяла амаль 170 тысяч спраў аб ваенных злачынствах і злачынствах супраць нацыянальнай бясьпекі і звычаяў вайны, да якіх адносяцца, напрыклад, жорсткае абыходжаньне з палоннымі і мірнымі жыхарамі, ужываньне зброі, забароненай міжнародным правам. У сувязі з вайной ва Ўкраіне завялі 81 справу аб прапагандзе і 282 справы аб дывэрсіях.
Таксама Генпракуратура Ўкраіны вядзе каля 350 крымінальных спраў, зьвязаных з сэксуалізаваным гвалтам з боку расейскіх вайскоўцаў. Гэта толькі тыя выпадкі, у якіх тыя, хто перажыў сэксуальны гвалт, вырашылі прайсьці праз судовы працэс.
Праваабаронцы і сьледчыя кажуць, што насамрэч выпадкаў — у разы больш, але ахвяры гвалту або не гатовыя праходзіць праз суд, або зусім не паведамляюць пра гвалт у дзяржаўныя органы. Як расказвалі «Настоящему времени» праваабаронцы з арганізацыі «SEMA Украіна» і ў Генпракуратуры Ўкраіны, гвалт працягваецца на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях, і людзі там ня могуць даць паказаньні. Таксама невядома, колькі чалавек маглі зьведаць сэксуалізаваны гвалт на акупаваных Расеяй тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей з пачатку вайны ў 2014 годзе.
Супрацоўнікі Маніторынгавай місіі ААН і АБСЭ таксама паведамляюць, што 68% украінскіх вайскоўцаў, якія былі ў расейскім палоне, распавялі, што ў дачыненьні да іх ужываўся сэксуалізаваны гвалт.
Пашырэньне акупаванай тэрыторыі Ўкраіны
Да поўнамаштабнага ўварваньня плошча ўкраінскіх земляў, захопленых Расеяй, паводле зьвестак Кіева, складала каля 7% ад усёй тэрыторыі краіны (Аўтаномная рэспубліка Крым, часткі Данецкай і Луганскай абласьцей).
Колькасьць украінскіх земляў, захопленых Расеяй у сакавіку 2022 году, пасьля пачатку ўварваньня, застаецца самай вялікай за 1000 дзён вайны: да 27% плошчы Ўкраіны. У пачатку красавіка таго ж году УСУ вызвалілі ад акупацыі Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую вобласьці.
Да 24 траўня 2022 году Расея акупавала пятую частку Ўкраіны — каля 20,7% краіны. Гэтая плошча параўнальная з агульнай тэрыторыяй, напрыклад, Баўгарыі і Вугоршчыны разам узятых. У верасьні УСУ дэакупавалі амаль усю Харкаўскую вобласьць, у лістападзе вызвалілі Херсон і часткі Мікалаеўскай вобласьці на правым беразе Дняпра.
Пасьля летняга контрнаступу УСУ ў 2023 годзе Ўкраіне ўдалося вызваліць амаль палову акупаваных Расеяй тэрыторыяў. За 2023 год расейскія вайскоўцы захапілі яшчэ каля 0,1% украінскай тэрыторыі — на працягу году вайна, па словах камандуючага УСУ, перайшла ў фазу пазыцыйнай.
Баі працягваюцца на ўсходзе і поўдні Ўкраіны. Паводле падлікаў OSINT-праекту WarMapper, на кастрычнік 2024 году Расея працягвае кантраляваць больш за 61% Данецкай вобласьці, 72% — Запароскай, 98% — Луганскай, 71% — Херсонскай, каля 2% Харкаўскай і менш за 1% Мікалаеўскай абласьцей. Пры гэтым Расея акупавала найбольш багатыя карыснымі выкапнямі тэрыторыі Ўкраіны: там знаходзяцца 11% нафтавых радовішчаў, 20% радовішчаў прыроднага газу, 42% радовішчаў мэталаў і 33% радовішчаў рэдказямельных і іншых крытычных мінэралаў, у тым ліку літый.
Каля 30% тэрыторыі Ўкраіны застаюцца замінаванымі. На яе разьмінаваньне спатрэбяцца дзясяткі гадоў.
Разбурэньне інфраструктуры і культурных аб’ектаў
Паводле зьвестак Сусьветнай арганізацыі здароўя, з пачатку вайны расейскае войска зьдзейсьніла як мінімум 2134 атакі на мэдыцынскія аб’екты, уключаючы бальніцы, машыны хуткай дапамогі і мэдпэрсанал. У выніку гэтых атак загінулі сама меней 197 чалавек, яшчэ 670 атрымалі раненьні. Агулам да кастрычніка 2024 году ва Ўкраіне 587 мэдыцынскіх установаў пашкоджаныя абстрэламі, 75 зь іх цалкам разбураныя, вынікае са справаздачы ААН.
Паводле ацэнак Мінадукацыі і навукі Ўкраіны, сама меней 3798 навучальных аб’ектаў былі пашкоджаныя з лютага 2022 году — школы, унівэрсытэты, каледжы і дзіцячыя сады; 365 зь іх цалкам зьнішчаныя. Паводле альтэрнатыўнай ацэнкі ААН, цалкам зьнішчаныя 324 навучальныя ўстановы, пашкоджаныя — 1 172. У выніку сама меней чатыры мільёны дзяцей па ўсёй Украіне ня могуць вучыцца ў нармальных умовах.
Сама меней 457 аб’ектаў культурнай спадчыны Ўкраіны былі разбураныя з пачатку вайны: цэрквы, тэатры, музэі, бібліятэкі, помнікі і мноства іншых каштоўных аб’ектаў. Большасьць зь іх знаходзілася ў Данецкай і Харкаўскай абласьцях. Паводле альтэрнатыўных падлікаў Кіеўскай школы эканомікі, расейскія вайскоўцы разбурылі 2109 культурных аб’ектаў, 368 зь іх цалкам зьнішчаныя.
Страты расейскага і ўкраінскага войска
Ні Расея, ні Ўкраіна афіцыйна не раскрываюць свае страты, але ёсьць праекты, якія верыфікуюць інфармацыю пра загінулых вайскоўцаў паводле адкрытых крыніцаў. Ніводны з гэтых сьпісаў нельга назваць поўным, бо далёка не пра кожную сьмерць становіцца вядома публічна і своечасова.
У верасьні 2024 году журналісты The Wall Street Journal пісалі, што агульная колькасьць забітых і параненых вайскоўцаў падчас расейска-ўкраінскай вайны дасягнула мільёна чалавек, спасылаючыся на зьвесткі крыніц у заходняй выведцы.
Паводле зьвестак выданьня, з пачатку поўнамаштабнай вайны Узброеныя сілы Ўкраіны страцілі 80 тысяч вайскоўцаў, а колькасьць параненых склала 400 тысяч. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абверг гэтыя зьвесткі. Паводле яго, страты ўкраінскага войска «значна меншыя». Расейскае войска, паводле The Wall Street Journal, страціла зь лютага 2022 году 200 тысяч вайскоўцаў, параненых з боку Расеі прыкладна столькі ж, колькі ва Ўкраіне.
Паводле ацэнак журналістаў «Медиазоны» і «ВВС», якія вядуць сваю базу стратаў расейскага войска, на 15 лістапада 2024 году з пачатку вайны загінулі сама меней 78 329 вайскоўцаў. Паводле альтэрнатыўнай ацэнкі «Медузы» і «Медиазоны», загінулых можа быць да 120 тысяч (каб атрымаць гэтую альтэрнатыўную лічбу, журналісты ацанілі залішнюю сьмяротнасьць сярод мужчын на аснове рэестру спадчынных спраў). Сярод загінулых найбольш добраахвотнікаў і зьняволеных. А каля 12% — мабілізаваныя, сьведчаць падлікі журналістаў.
Ва Ўкраіне інфармацыю пра загінулых вайскоўцаў з адкрытых крыніц, сярод іншых, зьбірае праект «Кніга памяці загінулых за Ўкраіну». Праект аналізуе апублікаваныя ўказы прэзыдэнта аб пасьмяротным узнагароджаньні, нэкралёгі ў СМІ і сацсетках, публікацыі рэгіянальных уладаў. У лістападзе 2023 году «Кніга памяці» пайменна ўстанавіла 24,5 тысячы загінулых украінскіх вайскоўцаў з пачатку вайны. Адзін са стваральнікаў праекту Яраслаў Цінчанка адзначаў, што нават калі гэты сьпіс няпоўны, у ім сапраўды ёсьць каля 70% імёнаў.
У лютым 2024 году Зяленскі ўпершыню агучыў афіцыйную лічбу загінулых: паводле яго ацэнак, страты УСУ за два гады вайны склалі 31 тысячу чалавек.
Абмены палоннымі
За 1000 дзён вайны Ўкраіна і Расея зьдзейсьнілі амаль 60 абменаў палоннымі. Публічна часьцей зьвесткамі пра абмены дзяліліся ўкраінскія ўлады. Паводле падлікаў, 60% абменаў (35 зь вядомых 58) адбыліся ў 2022 годзе. З другой паловы 2023 году яны амаль спыніліся, у студзені 2024 году прайшоў самы масавы абмен: 230 украінскіх вайскоўцаў на 245 расейскіх.
5 чэрвеня 2024 году Ўладзімір Пуцін заяўляў, што ва ўкраінскім палоне застаюцца 1348 расейскіх вайскоўцаў, а ў Расеі — 6465 палонных вайскоўцаў УСУ. Абмены актывізаваліся пасьля наступу УСУ ў Курскай вобласьці.
Да восені 2024 году Ўкраіна паведамляла пра вяртаньне дадому 3767 чалавек. Сярод іх сама меней 162 цывільных (уключаючы 40 жанчын) і 211 жанчын-вайскоўцаў, падлічыла «Настоящее время».
Расеі, паводле афіцыйных зьвестак, удалося вярнуць сама меней 1994 чалавек. Паводле падлікаў «Настоящего времени», з пачатку поўнамаштабнай вайны Ўкраіна аддала як мінімум 2761 расейскіх вайскоўцаў і 117 мірных жыхароў (у іх ліку ўкраінскі алігарх, кум Пуціна Віктар Медзьвядчук).
Больш за ўсё цывільных (амаль 80%) Расея і Ўкраіна абмянялі ў 2022 годзе: тады прайшлі як мінімум 17 абменаў з 23. Паводле ўкраінскіх праваабаронцаў, у расейскім палоне ўтрымліваюць сама меней чатыры тысячы мірных жыхароў.
Абодва бакі настойваюць на тым, што абыходзяцца з палоннымі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі. Аднак у ліпені 2022 году ў выніку выбуху ў пасёлку Аленаўка так званай «ДНР» загінулі сама меней 53 украінскія палонныя, якіх трымалі ў калёніі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch прыйшла да высновы, што расейскія вайскоўцы з пачатку сьнежня 2023 году, верагодна, забілі сама меней 15 украінскіх вайскоўцаў, якія спрабавалі здацца ў палон, і яшчэ прынамсі 6 вайскоўцаў, якія здаліся ў палон.
Маніторынгавая місія ААН па правах чалавека ва Ўкраіне ў 2023 годзе заяўляла, што абодва бакі маюць дачыненьне да жорсткага абыходжаньня з палоннымі.
Ваенныя дзеяньні на тэрыторыі Расеі
У жніўні 2024 году ваенныя дзеяньні перайшлі на тэрыторыю Расеі. Вайскоўцы УСУ захапілі частку тэрыторыі Курскай вобласьці і працягваюць утрымліваць яе да сёньняшняга дня. Паводле зьвестак WarMapper, украінскія войскі кантралююць больш за 2% расейскага рэгіёну.
Паводле губэрнатара Курскай вобласьці Аляксея Сьмірнова, свае дамы пакінулі больш за 150 тысяч чалавек. Упаўнаважаная па правах чалавека Расеі Тацяна Маскалькова са спасылкай на МНС паведамляла, што надзвычайныя службы эвакуавалі з тэрыторыі Курскай вобласьці каля 112 тысяч чалавек.
Абстрэлы расейскіх рэгіёнаў
З 2023 году пад абстрэлы ўсё часьцей сталі трапляць і расейскія гарады. Найбольш пацярпелі прымежныя тэрыторыі.
Поўнай статыстыкі загінулых і пацярпелых на расейскай тэрыторыі з боку расейскіх уладаў няма, але паводле зьвестак, якія змаглі сабраць і праверыць журналісты «7×7», з пачатку поўнамаштабнай вайны ў Расеі загінулі сама меней 370 чалавек (у сьпіс уваходзяць толькі ахвяры на міжнародна прызнаных тэрыторыях Расеі). Рэальная колькасьць ахвяраў можа быць вышэйшая, паводле альтэрнатыўных падлікаў белгарадзкага выданьня Fonar.tv, толькі ў адной Белгарадзкай вобласьці загінулі 277 чалавек.
Большасьць загінулых, якіх журналістам удалося вэрыфікаваць, — у Белгарадзкай вобласьці, на другім месцы па колькасьці ахвяраў — Курская вобласьць.
Расейскія ўлады называюць лічбы, блізкія да падлікаў журналістаў. Так у сярэдзіне кастрычніка 2024 году ўпаўнаважаная па правах чалавека Тацяна Маскалькова заявіла, што ў Белгарадзкай, Бранскай і Курскай абласьцях з пачатку вайны загінулі 398 мірных жыхароў, яшчэ 1157 атрымалі раненьні. У красавіку амбасадар па асаблівых даручэньнях МЗС Расеі Радзівон Мірошнік казаў, што за першыя тры месяцы 2024 году з прычыны нападаў бесьпілётнікаў у Расеі быў забіты 201 чалавек і 721 атрымалі раненьні.
Праз пастаянныя абстрэлы ў прымежных тэрыторыях пацярпела і расейская інфраструктура. Колькі менавіта будынкаў разбурана на тэрыторыі Расеі, невядома. У чэрвені 2023 году «Новая газета. Европа» палічыла, што пацярпелі сама меней 2 204 грамадзянскія, інфраструктурныя і прамысловыя аб’екты.
Расейскія ўлады прыводзяць іншыя лічбы. Толькі ў адной Белгарадзкай вобласьці да траўня 2023 году, паводле зьвестак муніцыпалітэтаў, ад абстрэлаў пацярпелі 3644 жылыя памяшканьні. Да лістапада 2024 году гэтая лічба павялічылася да 38 тысяч, казаў губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў. У Курскай вобласьці да студзеня 2024 году, паводле намесьнік губэрнатара вобласьці, разбуранымі аказаліся больш за 800 дамоў.
Культурныя аб’екты, як сьцьвярджаюць расейскія ўлады, таксама рэгулярна зазнаюць напады дронаў. У Белгарадзкай вобласьці, напрыклад, ад абстрэлаў пацярпелі больш за 170 аб’ектаў, сярод іх — сама меней адзін храм. У Курскай вобласьці да кастрычніка 2024 году абстрэлы закранулі сама меней 18 аб’ектаў культуры і 40 навучальных установаў.
Пры гэтым разбурэньні, пра якія кажуць расейскія ўлады, — не заўсёды вынік нападаў УСУ. У ліпені 2024 году The Washington Post пісала, што расейская авіяцыя з красавіка 2023 па красавік 2024 году сама выпусьціла на Белгарадзкую вобласьць сама меней за 38 кіраваных авіябомбаў. За месяц да гэтага The Insider падлічыў, што з пачатку 2024 году няштатныя падзеньні расейскіх авіябомбаў адбываліся ў Белгарадзкай вобласьці мінімум 39 разоў.
Форум