Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Той вольніцы, якая была ў прадпрымальнікаў у 90-х, больш ня будзе, — дэпутат


Пустыя рынкі, 5 студзеня
Пустыя рынкі, 5 студзеня

Свабода зьвярнулася да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з просьбай пракамэнтаваць пратэсты прадпрымальнікаў супраць указу нумар 222.

З Новага году праца бальшыні гандлёвых цэнтраў і рынкаў у Беларусі паралізаваная. Індывідуальныя прадпрымальнікі лічаць, што прычынай гэтага стаў прэзыдэнцкі ўказ № 222. Гэты дакумэнт не дае магчымасьці гандляваць нехарчовымі таварамі без дакумэнтаў аб іх паходжаньні. Прадпрымальнікі заяўляюць, што з-за гэтага бяз сродкаў да існаваньня застанецца да 500 тысяч чалавек — сем`і прадпрымальнікаў і тыя, хто залежыць ад іх.

Валеры Барадзеня: Мець міні-афшор у дзяржаве няправільна

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Менскай-Васняцоўскай акрузе, кандыдат эканамічных навук Валеры Барадзеня сказаў Свабодзе, што сытуацыя з прадпрымальнікамі вельмі адпавядае беларускаму мэнталітэту:

«Не за год-два да сёньня стала вядома, што правілы гульні зьменяцца. Трэба спытаць тых прадпрымальнікаў, якія пастваралі прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, паадчынялі сеткі крамаў, працуюць на тых жа рынках у рамках прыватных унітарных альбо таварыстваў з абмежаванай адказнасьцю. Гэта ж зь іх боку была падача пра роўныя ўмовы гаспадараньня. Гэта ж яны казалі паўсюль: аднолькавыя ўмовы — азбука рынкавай эканомікі.

Няўжо яны і цяпер думаюць, што ўсё будзе як у 90-я гады?

Калі прадпрымальнік працуе ня ў рангу ІП (індывідуальнага прадпрымальніка), то ён ня мае ніякіх ільготаў. А ІП у нас былі нейкай прывілеяванай кастай, якая магла мець больш выгодныя для сябе ўмовы.

І калі прадпрымальнік думае пра будучыню, мае сваю стратэгію на пару-тройку, пяць гадоў, то ён рыхтаваўся да сёньняшняй сытуацыі. А мець свайго роду міні-афшор у дзяржаве, калі ўсе буйныя гульцы прытрымліваюцца адных правілаў, а некаторыя — іншых, гэта, мабыць, няправільна. Размова ж ідзе пра выроўніваньне правоў для ўсіх.

Я бачыў Шумчанку на кангрэсе прадпрымальнікаў. Усё-ткі ён у пэўнай ступені ангажавана выступае. Чаму ён не прыцягнуў іншыя канфэдэрацыі прадпрымальнікаў? Іх жа шмат. Альбо тых прадпрымальнікаў, якія працуюць у вытворчасьці? Таму што яны яго не падтрымаюць.

Выходзіць так — тыя прадпрымальнікі, якія працуюць у сфэры гандлю, а ў мазгах „чырвонага чалавека“ гэта спэкулянты, кажуць, што ўсё будзе дрэнна. А што тычыцца лічбы ў 500 тысяч, то мне падаецца, што яна істотна завышаная. І ня ўсё так дрэнна, як Шумчанка і іншыя гэта „малююць“.

У нейкай ступені мне шкада гэтых людзей. Яны дзясяткі гадоў сядзелі на гэтых шэрых схемах. Няўжо яны і цяпер думаюць, што ўсё будзе як у 90-я гады? Ня будзе больш такой вольніцы. Усё ж удасканальваецца. Таму і трэба мець стратэгію, асабліва калі ты працуеш у бізнэсе».

Вольга Палітыка: трэба ісьці насустрач адзін аднаму

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў па Баранавіцкай акрузе Вольга Палітыка лічыць, што праблема прадпрымальнікаў — гэта і праблема ўладаў:

«Тэрмін пераходу на гандаль толькі сэртыфікаванымі таварамі з усімі суправаджальнымі дакумэнтамі ўжо не аднойчы пераносіўся. Таму, з аднаго боку, казаць, што ў нас не было дастаткова часу для прадпрымальнікаў, нельга. Але, з другога боку, калі чытаеш паведамленьні ў інтэрнэце, бачыш, што праблема ёсьць.

Чаму адны прадпрымальнікі павінны выконваць усе ўмовы, а іншыя патрабуюць для сябе нейкіх асаблівых умоваў?

Прадпрымальнікі прывозяць суправаджальныя дакумэнты з Расейскай Фэдэрацыі. Але ў нас яны сутыкаюцца зь іншай праблемай. Высьвятляецца, што гэтыя дакумэнты альбо не адпавядаюць патрабаваньням, альбо ўзьнікае яшчэ нешта. І вось гэтае пытаньне павінна вырашацца на роўні адпаведных дзяржаўных органаў. То бок тымі, хто займаецца стандартызацыяй і ў нас, і ў Расеі. Вось тут сапраўды трэба наводзіць парадак. Я думаю, нам трэба ісьці ў гэтым кірунку з аднолькавай хуткасьцю з партнэрамі па Мытным саюзе.

Адзін з варыянтаў выхаду з сытуацыі я бачу ў стварэньні гуртовых цэнтраў, куды б завозіліся тавары разам з усёй суправаджальнай дакумэнтацыяй.

У гэтай справе мне бачыцца яшчэ адзін аспэкт. Вось усе выступаюць за роўныя ўмовы для гаспадараньня. І гэта правільна. Але чаму прыватнікі, якія маюць стацыянарную краму, маюць і ўсе неабходныя суправаджальныя дакумэнты? Літаральна на ўсё — і на запалкі, і на шкарпэткі. А чаму тыя, хто гандлюе ў ралетах, іх ня маюць? Зразумела, поўная дакумэнтацыя — гэта дадатковыя затраты, зьмяншэньне прыбытку. Але чаму адны прадпрымальнікі павінны выконваць усе ўмовы, а іншыя патрабуюць для сябе нейкіх асаблівых умоваў? Няхай ва ўсіх будзе ўсё аднолькава. У тым ліку і адказнасьць.

Так, павінен быць рух насустрач. Нельга казаць, што зараз мы застрайкуем, усё зачынім, зарэгіструемся беспрацоўнымі. І тады рабіце з намі ўсё што хочаце.

Ёсьць мноства прыкладаў, калі прадпрымальнікі, якія пачыналі з, груба кажучы, купі-прадай, адкрывалі свой бізнэс, сваю вытворчасьць. Я наагул — за вытворчасьць. І лічу, што дзяржава найперш павінна падтрымліваць тых прадпрымальнікаў, хто пачынае нешта вырабляць, ствараць новыя працоўныя месцы. Я за адказнасьць абодвух бакоў. З аднаго боку, тых, хто прымае важныя рашэньні. Яны мусяць папярэдне ацэньваць іх узьдзеяньне — ці палепшаць гэтыя рашэньні сытуацыю ў галіне, бізнэсе, становішча людзей. А з другога боку, і бізнэс павінен быць сацыяльна адказны. Толькі разам нешта можна зрабіць. Канфрантацыя ніколі нічога добрага не прыносіла».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG