Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прынялі закон аб сьпісаньні крэдытаў для ўдзельнікаў вайны з Украінай


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзярждума Расеі прыняла адразу ў другім і трэцім чытаньнях законапраект, які дазваляе сьпісваць пратэрмінаваныя крэдыты на суму да 10 мільёнаў расейскіх рублёў (каля 100 тысячы даляраў) для ўдзельнікаў расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Нормы будуць распаўсюджвацца на мабілізаваных, прызыўнікоў, вайскоўцаў, якія заключылі кантракт пасьля 1 сьнежня 2024 году на тэрмін звыш аднаго году, а таксама на іх мужа ці жонку. Згодна з законам, запазычанасьць у жадаючых скарыстацца льготай павінна быць да заключэньня кантраку ў расейскім войску, гэта значыць сьпісаць можна будзе толькі пратэрмінаваныя крэдыты, узятыя да 1 сьнежня 2024 году.

Акрамя таго, закон вызваляе ўдзельнікаў вайны ад выканальніцкага збору, які складае 7% ад запазычанасьці або спаганяемай маёмасьці.

Таксама закон павялічвае крэдытныя канікулы — з 30 да 180 дзён пасьля даты заканчэньня кантракту або даты спыненьня ўдзелу ў вайне. Але падаць заяву аб атрыманьні крэдытных канікулаў можна толькі да 31 сьнежня 2024 году.

Закон набывае сілу з 1 сьнежня 2024 году.

Нядаўна стала вядома, што ў Расеі вэрбаваньне добраахвотнікаў для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне вядзецца рэкорднымі тэмпамі. Пра гэта сьведчаць зьвесткі Цэнтрабанку пра крэдытныя канікулы вайскоўцам, на якія зьвярнула ўвагу «Медиазона».

Толькі зь ліпеня па верасень 2024 году банкі за тры месяцы аформілі 54,2 тысячы новых крэдытных канікулаў для ўдзельнікаў ўварваньня ва Ўкраіну (уключаючы кантрактнікаў і мабілізаваных) — амаль удвая больш, чым за аналягічны пэрыяд 2023 году. Летась банкі афармлялі менш за 30 тысяч крэдытных канікулаў у кожным квартале.

Закон аб наданьні крэдытных канікулаў па іпатэчных і спажывецкіх крэдытах і пазыках удзельнікам вайны ва Ўкраіне Пуцін падпісаў у кастрычніку 2022 году. З пачатку яго дзеяньня агулам было аформлена 411 тысяч крэдытных канікулаў.

  • Паводле падлікаў загінулых на фронце расейскіх вайскоўцаў, заснаваных на адкрытых зьвестак і публікацыях у СМІ, да сярэдзіны лістапада журналісты пацьвердзілі гібель сама меней 78 329 расейскіх вайскоўцаў. У верасьні-лістападзе тэмпы прыросту пацьверджанай колькасьці загінулых самыя высокія за час вайны: так, у верасьні журналісты кожны дзень фіксавалі паведамленьні аб гібелі 140 расейскіх вайскоўцаў, у кастрычніку — у сярэднім 152. У 2023 годзе сярэднія штодзённыя паказчыкі сьмяротнасьці вайскоўцаў складалі 90 чалавек.
  • Больш за ўсё на фронце цяпер гінуць добраахвотнікі, бо яны атрымліваюць мінімальную падрыхтоўку. Многія зь іх, як паведамляецца, гінуць або зьнікаюць бязь вестак на працягу 12-18 дзён пасьля падпісаньня кантракту, канстатуюць журналісты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG