У канцы 1940-х гадоў школьнікі ў Заходняй Беларусі друкавалі ўлёткі з надпісам «Сьмерць Сталіну» і агітацыяй не плаціць падаткі. Плянавалі ўзарваць прапагандысцкую тыпаграфію. Кіраўніка моладзевага падпольля расстралялі ў лесе, рэшту саслалі ў лягеры. Гэта трэцяя публікацыя Свабоды з цыклю «Пратэсты пры таталітарызьме».
Расстрэл у лесе
Двух хлопцаў падвялі да выкапанай ямы. Зачыталі прысуд да расстрэлу аднаго зь іх. І адразу ж — пастанову аб памілаваньні. Потым — прысуд да расстрэлу другога. Але рашэньне аб памілаваньні не абвяшчалі, хоць яно было. Хлопец яшчэ ў турме адмовіўся ад такой ласкі. Грымнуў стрэл, і юнак упаў. Салдаты хутка закапалі яму.
Усё гэта адбылося ва ўрочышчы Красны Беражок каля Вілейкі ў ноч на 28 кастрычніка 1950 году. Забітым хлопцам быў Расьціслаў Лапіцкі — 22-гадовы юнак зь Вілейскага павету. Ён арганізаваў антыкамуністычны падпольны вучнёўскі рух на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне і кіраваў ім. Успаміны пра сьмерць Лапіцкага і падзеі таго вечара захаваў ягоны паплечнік Факунда Несьцяровіч, які выжыў каля той ямы.
Бацька-сьвятар, уплыў брата, голад
Расьціслаў Лапіцкі нарадзіўся ў 1928 годзе на Вілейшчыне ў шматдзетнай сям’і праваслаўнага сьвятара Аляксандра Лапіцкага. Падчас Другой усясьветнай вайны сям’я пераехала ў вёску Кабыльнік (цяпер Нарач. — РС) на Мядзельшчыне, дзе бацька атрымаў прыход. Там Расьціслаў вучыўся ў сямігодцы.
Праз старэйшага брата Алега, сэмінарыста Віленскай духоўнай сэмінарыі, Расьціслаў далучыўся да падпольнай Віленскай патрыятычнай арганізацыі. Неўзабаве арганізацыю разграмілі. 16-гадовага Расьціслава асудзілі на 3 гады зьняволеньня, Алега — на 10 гадоў. Праз год падлетак вызваліўся з турмы дзякуючы амністыі.
Пасьля сьмерці бацькі ў 1946 годзе сям’я Лапіцкіх пераехала бліжэй да Мядзела, у вёску Мікасецк. Там Расьціслаў спрабаваў знайсьці заробак пры царкве, хадзіў у Мядзельскую дзесяцігодку. Хлопец вылучаўся антыкамуністычнымі і патрыятычнымі настроямі. Былая вучаніца школы Захарэвіч успамінала выказваньне Лапіцкага:
«Калі ты ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе маскаль — спалі хату; калі хлеб з гэтай нівы пойдзе маскалю — зьнішчы яе».
Свае антысавецкія перакананьні юнак агучваў таксама на ўроках. Аднойчы на занятках Расьціслаў дэманстрацыйна адмовіўся пісаць сачыненьне паводле раману Аляксандра Фадзеева «Маладая гвардыя». Заявіў, што ў беларусаў ёсьць свая «Маладая гвардыя», толькі яна за Беларусь, пісаў у кнізе пра Лапіцкага гісторык Міхась Чарняўскі.
У 1949 годзе сям’я праз голад і нястачу пешкі пайшла шукаць лепшага жыцьця за 80 кілямэтраў у Смаргоні. З сабой яны вялі карову. Там хлопец пайшоў у дзясятую клясу школы. І ў Мядзеле, і ў Смаргонях Лапіцкі зьбіраў вучнёўскую моладзь у антыбальшавіцкую падпольную арганізацыю. Вёў агітацыю на перапынках у школе, на вечарынах, у клюбе, дзе граў на піяніне, каб зарабіць грошы.
«Памяць пра польскія часы»
Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі расказаў Свабодзе, што час пасьля Другой усясьветнай вайны істотна адрозьніваўся на захадзе і ўсходзе Беларусі, бо і ў папярэдні пэрыяд людзі жылі па-рознаму.
«У Заходняй Беларусі саветызацыя адбывалася досыць кароткі час: з 1939 па 1941 год. Вельмі адчувальнай была памяць пра польскія часы. Яна яшчэ захоўвалася ў 1990-я. Людзі прыгадвалі, як жылося пры польскіх часах, і параўноўвалі з савецкімі», — расказвае суразмоўца.
Заходняя Беларусь уключала заходняе Палесьсе з моцным украінскім уплывам, Горадзеншчыну, дзе дамінавала польская культура, і Паўночна-Заходнюю Беларусь, якая была цэнтрам для беларускага нацыянальнага руху, тлумачыць гісторык.
«Выходзіла „Наша ніва“; на падставе гутарак фармавалася беларуская літаратурная мова; былі найбольш уплывовыя беларускія фармаваньні, якія спрабавалі стварыць падчас нацысцкай акупацыі, як Саюз беларускай моладзі. Гэта ўсё менавіта гэтая частка Беларусі», — кажа Ластоўскі пра Паўночна-Заходнюю Беларусь, дзе жыў і дзейнічаў Расьціслаў Лапіцкі.
Антыкамуністычнае падпольле ўзьнікала і фармавалася менавіта там, дадае гісторык.
«Гэта цікавы рэгіён, дзе сутыкаліся каталіцкая і праваслаўная культуры, ніводная зь іх не дамінавала. Думаю, зьнішчэньне яго як адміністратыўнай адзінкі, калі яго падзялілі паміж Горадзенскай, Менскай і Віцебскай абласьцямі, невыпадковае. Ён мог бы стаць беларускім П’емонтам, той часткай, дзе мог разьвівацца беларускі незалежніцкі рух», — кажа Ластоўскі.
Калектывізацыя як падстава для супраціву
Галоўнай прычынай антыкамуністычных настрояў гісторык называе калектывізацыю, якая пачалася ў Заходняй Беларусі ў 1939–1941 гадах, але разгарнулася толькі пасьля вайны.
«Гэта тое, што кранала за сутнасьць мясцовых людзей. Мясцовае насельніцтва было сялянскае. Там не было буйных прамысловых прадпрыемстваў. Досыць архаічнае грамадзтва, заснаванае на валоданьні зямлёю», — адзначае гісторык.
Аляксей Ластоўскі паходзіць з Пастаўшчыны. Пра калектывізацыю ведае таксама са словаў бацькі 1933 году нараджэньня. Дзед Аляксея вымушаны быў аддаць усю сваю зямлю. У выніку сяляне ўспрымалі савецкую ўладу як варожую, якая пазбавіла іх сямейнага здабытку. Таму сялянскія слаі сталі апірышчам антысавецкага супраціву, тлумачыць гісторык.
«Разумнейшым быў мой дзед. Ён зразумеў, што тут нічога ня сьвеціць. Трэба аддаваць без супраціву зямлю. Бо інакш цябе абвесьцяць ворагам, арыштуюць, вышлюць, зьнішчаць тваю гаспадарку, тваю сям’ю. Дзед такім чынам выратаваў сябе і родных», — расказвае суразмоўца.
Яшчэ адной прычынай для антыкамуністычных настрояў у Заходняй Беларусі гісторык называе рэпрэсіі, якія пачаліся падчас «першых саветаў» у 1939–1941 гадах і працягнуліся пасьля вайны.
Прадчуваньне новай вайны
Пасьля Другой усясьветнай вайны ў паветры лунала ідэя, што неўзабаве пачнецца новая вайна паміж дзяржавамі-хаўрусьнікамі, якія перамаглі, кажа суразмоўца.
«Адразу пачынаецца канфлікт паміж былымі хаўрусьнікамі-пераможцамі. Чэрчыль робіць сваю славутую прамову пра „жалезную заслону“. І становіцца зразумела, што ёсьць сур’ёзныя супярэчнасьці. Многія, хто быў незадаволены Савецкім Саюзам, ці нават тыя, хто супрацоўнічаў з нацыстамі, пачынаюць рабіць стаўку на тое, што пачнецца новая вайна», — кажа Ластоўскі.
Гісторык дадае, што амэрыканскія спэцслужбы вялі падрыхтоўчыя апэрацыі, працавалі з сацыялістычнымі асяродзьдзямі, якія зьехалі з Савецкага Саюзу, вэрбавалі агентаў сярод беларусаў, якія выехалі: шукалі тых, хто мог бы паляцець у Савецкі Саюз, арганізаваць выведку і рэальную дывэрсійную дзейнасьць.
Новае вайны некаторыя жыхары БССР чакалі як адзінае магчымасьці ўратавацца ад усталяваньня савецкага ладу.
«Гэта было трывожнае чаканьне», — кажа гісторык.
Пароль, заходняе радыё, антысталінскія ўлёткі
Расьціслаў Лапіцкі сабраў каля двух дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат, многія зь іх былі непаўналетнія. Большасьць зь іх былі вучнямі, частка — маладыя мужчыны з бліжэйшых да Мядзела вёсак. Паралельна стваралася падобнае падпольле на Смаргоншчыне пад кіраўніцтвам Рычарда Юшкевіча. Маладзёны сустракаліся на кватэрах адно ў аднаго. Мелі свой пароль. На прывітаньне «Безь віны вінаватыя» трэба было адказаць: «Ліш бы не сьвінаватыя!».
Яны зрабілі радыёпрымач, слухалі заходнія радыёстанцыі, распаўсюджвалі сярод насельніцтва палітычныя навіны, якія нельга было прачытаць у савецкіх газэтах.
У аднаго з удзельнікаў арганізацыі Юзафа Качэргі была друкавальная машынка, якую ягоная цётка выйграла ў лятарэі ў Францыі. На ёй друкавалі лацінскім шрыфтам антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі, раскідалі іх па навакольных вёсках. Тэксты Лапіцкі складаў па-беларуску. Першыя ўлёткі надрукавалі ўвесну 1949 году. Ёсьць вэрсія, што Лапіцкі таксама вынес друкавальную машынку і капіявальную паперу з клюбу, дзе падпрацоўваў.
Да 5 сьнежня 1949 году, Дня Канстытуцыі СССР, маладыя людзі надрукавалі антыкамуністычныя ўлёткі, якія заклікалі людзей не плаціць падаткі, не ўступаць у калгасы, са зброяй у руках супраціўляцца рэжыму. Кожная ўлётка заканчвалася словамі: «Сьмерць Сталіну!». Ноччу іх раскідалі па горадзе, расклеілі на грамадзкіх будынках, у тым ліку на райкаме партыі і сядзібе НКВД.
Падпольшчыкі плянавалі і больш актыўныя дзеяньні. Рыхтаваліся ўзарваць будынак раённай прапагандысцкай друкарні. Пазьней пры ператрусах у іх знайшлі агнястрэльную зброю і выбуховыя матэрыялы.
Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі камэнтуе, што падпольле на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне было адным з самых маштабных моладзевых супраціваў таго часу.
Засады, катаваньні, суд
Пасьля акцыі супраць «сталінскай Канстытуцыі» сярод мясцовага начальства ўсчаўся пярэпалах, пісаў у кнізе пра Расьціслава Лапіцкага Міхась Чарняўскі. У Смаргонях зьявілася шмат супрацоўнікаў Міністэрства грамадзкай бясьпекі, вайскоўцаў. Пачалі шукаць удзельнікаў акцыі. Тыя ж слаба захоўвалі кансьпірацыю.
У лістападзе 1949 году арыштавалі Расьціслава Лапіцкага. Аднак не дабіліся прызнаньня і часова адпусьцілі. У арганізацыі вырашылі, што кіраўнік мусіць перайсьці на нелегальнае становішча і пакінуць Смаргоні. Лапіцкі пасьля гэтага пераяжджаў па рэгіёне і хаваўся ў хатах знаёмых. Ён моцна захварэў. Знаёмыя прапаноўвалі вывезьці яго таемна за мяжу, але ён ужо ня мог выехаць праз стан здароўя.
У лютым 1950 году ноччу прадстаўнікі НКВД зладзілі засаду ў хаце аднаго з удзельнікаў падпольля. Так арыштавалі частку падпольшчыкаў. Сябра мядзельскай арганізацыі Генадзь Нафрановіч зь Юшкавічаў пры спробе яго затрымаць застрэліўся.
Юнакоў і дзяўчат трымалі ў сутарэньнях маладачанскай і вілейскай турмаў. На допытах катавалі: заганялі іголкі пад пазногці, выбівалі зубы, ламалі рэбры, садзілі на ножкі зэдліка, трымалі пад кроплямі халоднай вады да страты прытомнасьці, пагражалі электрычным крэслам. Захаваліся ўспаміны аднаго з арыштаваных вучняў, які бачыў, як па турэмным калідоры вялі Лапіцкага, «зьбітага так, што ня мог сам ісьці, выглядаў на старога дзеда», — пісаў Чарняўскі.
17–20 ліпеня 1950 году ў Маладэчне адбыўся суд вайсковага трыбуналу Беларускай вайсковай акругі. Асудзілі 19 чалавек, зь іх 7 жанчын. Дваім — Расьціславу Лапіцкаму і Факунду Несьцяровічу — прысудзілі расстрэл. Факунду потым памілавалі і выслалі ў канцлягеры.
Большасьці падпольшчыкаў далі па 25 гадоў лягераў, у тым ліку і Юзафу Качэргу, на друкарцы якога пісалі ўлёткі, некаторыя атрымалі па 8–10 гадоў зьняволеньня. Прысуд асуджаныя адбывалі ў канцлягерах Сыбіры і Казахстану, на лесапавале, будаўнічых работах, у шахтах, на рудніках. Пасьля сьмерці Сталіна іх вызвалілі ў сярэдзіне 1950-х. Некаторыя засталіся ў СССР, хтосьці выехаў у Польшчу, Літву, Украіну.
Факунда Несьцяровіч адбываў прысуд у лягеры ў Варкуце. Яго вызвалілі ў канцы 1950-х гадоў. Ён выехаў з бацькамі ў Польшчу. Там скончыў будаўнічы інстытут, працаваў, ажаніўся зь перасяленкай зь Мядзельшчыны. Памёр ва ўзросьце 58 гадоў падчас службы ў касьцёле праз хворае сэрца. Пахаваны ў Баляслаўцы ў Польшчы.
Юзаф Качэрга прайшоў праз катаваньні падчас сьледзтва. Пакараньне адбываў у Казахстане. Рэпрэсавалі таксама ягоных сваякоў: бацьку асудзілі, сястру звольнілі з працы. Пасьля сьмерці Сталіна яго і бацьку вызвалілі. Юзаф пераехаў жыць у Шчэцін у Польшчу. Зьвестак пра ягоную сьмерць няма. Цяпер яму мае быць 94 гады.
«Вайна адразу шмат што зьмяняе ў грамадзтве»
Гісторык Аляксей Ластоўскі тлумачыць, што новае вайны паміж СССР і краінамі Захаду перасталі чакаць пасьля разьвязаньня бэрлінскага канфлікту.
«Калі дасягнулі дамоўленасьцяў пра падзел Нямеччыны, стала зразумела, што вайны ня будзе, што яна набудзе характар „халоднай вайны“. Супрацьстаяньня блёкаў, але без адкрытага збройнага канфлікту. Тое самае адбывалася ва Ўкраіне, Літве, дзе дзейнічалі антысавецкія падпольлі. Станавілася зразумелым, што гэтае змаганьне адчайнае і безнадзейнае, што зьменаў адбыцца ня можа», — камэнтуе гісторык.
Ён мяркуе, што моладзевы супраціў падчас таталітарызму стаў магчымым праз тое, што толькі што скончылася вайна. А таксама празь дзейнасьць беларускіх нацыянальных асяродкаў.
«Вайна адразу шмат што зьмяняе ў грамадзтве, зьмяняе каштоўнасьць чалавечага жыцьця, гатовасьць ахвяраваць жыцьцём. Зьяўляецца шмат зброі ў людзей. Вайна дала магчымасьць разгарнуцца беларускім нацыяналістычным асяродкам сярод моладзі... Для іх тым больш быў непрымальны савецкі лад, бо ён супярэчыў тым ідэям, да якіх яны мелі дачыненьне, пад уплывам якіх яны былі зусім нядаўна», — кажа Ластоўскі.
Ён падсумоўвае, што антысавецкі супраціў больш выразна існаваў адразу пасьля Другой усясьветнай вайны.
Крыжы на месцы расстрэлу
У незалежнай Беларусі спрабавалі захаваць памяць пра ўдзельнікаў пасьляваеннага мядзельска-смаргонскага падпольля. 1 верасьня 2009 году ва ўрочышчы Красны Беражок грамадзкія актывісты зь Вілейкі ўсталявалі крыжы на меркаваным месцы расстрэлу Расьціслава Лапіцкага.
Гэта былі Аляксей Сюдак, Уладзімер Малярчук і Аляксандар Наркевіч. На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства» і прысудзілі штрафы па 20–30 базавых велічыняў. Крыжы неаднаразова зьнішчалі невядомыя, іх раз за разам аднаўлялі.
Як беларусы пратэставалі ў часы СССР
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году беларускія ўлады выціснулі з краіны ці адправілі за краты вялікую колькасьць тых грамадзян, хто адкрыта выказваў сваю незадаволенасьць іх дзеяньнямі і палітычным рэжымам.
Публічныя пратэсты зьвяліся да адзінкавых адчайных акцый. Зьяўляюцца новыя іх формы ў выглядзе праяваў салідарнасьці з роднымі рэпрэсаваных ці паглыбленьня ў вывучэньне беларускай мовы і гісторыі.
Свабода пачынае цыкль публікацый, прысьвечаных таму, як беларусы пратэставалі ў часы СССР. Першая зь іх — пра марш гіпі ў Горадні, які адбыўся ў жніўні 1971 году, другая — пра спалены разам з судзьдзёй суд у Слуцку ў 1967 годзе.
Форум