Самаабвешчаныя ўлады Крыму абвясьцілі панядзелак 23 лістапада непрацоўным днём з-за надзвычайнай сытуацыі на тэрыторыі анэксаванага Расеяй паўвострава, трэція суткі часткова пазбаўленага электраэнэргіі. У крымскіх гарадах — перабоі з водазабесьпячэньнем, каналізацыяй, сувязьзю, ацяпленьнем; на аўтазапраўках і ля банкаматаў — чэргі. 20 лістапада ў Херсонскай вобласьці Ўкраіны былі пашкоджаныя апоры ЛЭП, па якіх ажыцьцяўлялася энэргазабесьпячэньне Крыму. Сытуацыю пагоршыў канфлікт паміж паліцыяй Украіны і ўдзельнікамі акцыі «Грамадзянская блякада Крыму».
Самапрызначаны пракурор анэксаванага Расеяй Крыму Натальля Паклонская заявіла пра завядзеньне крымінальнай справы з-за спыненьня паставак электраэнэргіі з боку мацерыковай Украіны.
Кіраўнік Крыму Сяргей Аксёнаў назваў падрыў апор ЛЭП «тэрактам». Цяпер энэргасыстэма паўвострава працуе ў ізаляваным рэжыме, на тэрыторыі Крыму ўведзенае надзвычайнае становішча.
20 лістапада праваахоўныя органы Херсонскай вобласьці Ўкраіны паведамілі аб пашкоджаньні апор ліній электраперадач у двух вёсках рэгіёну. На месца выехала сьледча-апэратыўныя група і экспэрты. Была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу «Наўмыснае пашкоджаньне аб’ектаў электраэнэргетыкі». Паводле кіраўніка Херсонскай абласной адміністрацыі Андрэя Пуцілава, сьледзтва вызначыла падазраваных у падрыве электраапоры. У паведамленьні прэс-службы адміністрацыі адзначалася, што апоры былі ўзарваныя, «верагодна, процітанкавымі мінамі», кажа крымскі грамадзкі дзеяч, журналіст і блогер Лізавета Багуцкая, што пакінула паўвостраў неўзабаве пасьля яго анэксіі Расеяй:
«Цяпер ужо сьвятло месцамі ў Крыме зьявілася. Ідзе веернае адключэньне ў многіх раёнах, найбольш складаная сытуацыя ў Керчы. У Сэвастопалі абвешчана, што будуць веерныя адключэньні па прынцыпе „2 на 4“, гэта значыць 2 гадзіны сьвятло ёсьць, 4 гадзіны няма. У астатнім Крыме да аб’ектаў, якія зьвязаныя з жыцьцезабесьпячэньнем, падлучаныя генэратары. Наколькі іх хопіць, цяжка сказаць. Сяргей Аксёнаў кажа, што на 29 дзён, прафэсіяналы — што, хутчэй за ўсё на 29 гадзін. На бэнзазапраўках велізарныя чэргі, але сьвятло ёсьць. Туды за палівам зьяжджаюцца людзі, у якіх ёсьць свае генэратары. Падача вады таксама зь перабоямі, паколькі яе пампуюць электрычныя помпы. І газавыя катлы, што абслугоўваюць дамы, таксама працуюць зь перабоямі, і тыя ж запраўкі, паколькі яны таксама з электрычнымі помпамі. Практычна ўсё ў Крыме залежыць цалкам ад электрычнасьці. Такім чынам, Расея ніяк не падрыхтавалася да форс-мажорных абставінаў. Дзякуй Богу, што цяпер у Крыме цёпла, да 20 градусаў».
У нядзелю ўвечары кіраўніцтва Херсонскай вобласьці Ўкраіны абвясьціла, што мае намер зьвярнуцца ў Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны краіны з просьбай прадугледзець сродкі на ахову «крымскага энэргакалідора». Пасьля ўсіх інцыдэнтаў у інтэрвію сайту Радыё Свабода «Крым. Рэаліі» каардынатар акцыі па блякадзе Крыму Лянур Іслямаў заявіў пра намер блякаваць рамонт пашкоджаных апор ліній электраперадач:
«У гэтым будуць браць удзел крымска-татарскія актывісты, „Аўтамайдан“, батальён „Айдар“ і „Правы сэктар“. Штаб „Грамадзянскай блякады“ Крыму цяпер знаходзіцца тут, і мы будзем блякаваць рамонт на ўсіх чатырох лініях. Пакуль невядома, хто нясе адказнасьць за пашкоджаньне электраапоры. Напярэдадні падрыву актывісты, якія бяруць удзел у блякадзе паўвострава, заяўлялі, што „здымаюць дазоры“. Гэта мог зрабіць хто заўгодна. Гэта маглі зрабіць дывэрсанты, якія прыйшлі з Крыму, або дывэрсанты, якія тут знаходзяцца, гэта маглі зрабіць патрыёты Ўкраіны. Хто заўгодна, але мы да гэтага дачыненьня ня маем. Мы будзем блякаваць, таму што нам цікавы ўдзел у самім працэсе блякаваньня, а не ў працэсе падрыву», — сьцьвярджае Лянур Ісьлямаў. Таксама каардынатар акцыі па блякадзе Крыму падкрэсьліў, што, на яго думку, «ўкраінская дзяржава павінна была самастойна абмежаваць пастаўкі электраэнэргіі ў Крым».
У суботу, 21 лістапада, на месцы зьнесенай электраапоры ў сяле Чаплінка адбылася бойка паміж актывістамі, якія перашкаджалі пачатку рамонтных прац, і супрацоўнікамі праваахоўных органаў на чале з кіраўніком дэпартамэнту МУС па супрацьдзеяньні нарказлачыннасьці Ільлём Ківай. Пасьля перамоваў сілавікі зьнялі ачапленьне, а ўдзельнікі блякады далі магчымасьць супрацоўнікам «Укрэнэрга» правесьці зазямленьне. Іншыя рамонтныя работы былі адмененыя.
Намесьнік дырэктара крымска-татарскага тэлеканала ATR Айдэр Муждабаеў паведаміў Радыё Свабода, што журналістка тэлеканала Гульсум Халілава, якая асьвятляла гэта супрацьстаяньне, апынулася з траўмамі ў шпіталі, і заклікаў крымскіх татараў Кіева сабрацца на акцыю пратэсту ля будынка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны. У акцыі, на якую прыбылі лідэры крымска-татарскага народа Мустафа Джэмілёў і Рэфат Чубараў, удзельнічалі каля двухсот чалавек. Старшыня Мэджлісу крымска-татарскага народа Чубаров заявіў, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паабяцаў яму спыніць гандаль з акупаваным Расеяй Крымам. У сваю чаргу, Ільля Ківа, былы намесьнік начальніка міліцыі Херсонскай вобласьці, а цяпер кіраўнік дэпартамэнту МУС Украіны па супрацьдзеяньні нарказлачыннасьці, паведаміў, што падчас бойкі ў Чаплінке пацярпеў палкоўнік паліцыі.