Вымушаны выходны замест працоўнага панядзелка жыхары паўвострава сустрэнуць ва ўмовах «надзвычайнай сытуацыі».
Прызначаны Масквой кіраўнік Крыму Сяргей Аксёнаў абвясьціў панядзелак 23 лістапада непрацоўным днём з-за надзвычайнай сытуацыі на тэрыторыі анэксаванага Расеяй паўвострава. Пастанова ня тычыцца толькі дзяржаўных грамадзянскіх і муніцыпальных служачых. Пра гэта паведаміў «Інтэрфакс».
Дзьве лініі электраперадачы — Мэлітопаль — Джанкой і Кахоўская — Тытан ў Херсонскай вобласьці Ўкраіны, па якіх у Крым пастаўлялася электраэнэргія, былі пашкоджаныя ў мінулую пятніцу.
У ноч на нядзелю ўпала апора на ЛЭП Кахоўская — Джанкой і прыціснула да зямлі дрот іншай ЛЭП на ўчастку Кахоўская — Астроўская. Паведамляецца, што апора была падарваная актывістамі блякады Крыму ва Ўкраіне.
У Севастопалі прыпыненая праца дзіцячых садкоў і пачатковых школ. Горад часова адмовіўся ад эксплюатацыі тралейбусаў, паколькі яны спажываюць «шмат электраэнэргіі», паведаміў «Інтэрфаксу» прэс-сакратар губэрнатара. Паводле яго слоў, горад забясьпечаны электраэнэргіяй толькі на 40 адсоткаў.
Керч — цалкам без сьвятла, у горадзе чэргі па паліва, хлеб і сьвечкі. Адключана ацяпленьне, абмежаваная падача вады, дрэнна працуе тэлефонная і мабільная сувязь. Улады просяць жыхароў гораду не панікаваць. Аб гэтым паведамляецца на сайце «Крым.Реалии».