Паводле жыхароў вёскі Вайшкуны, у якой пастаўскі прыход Мікалая Цудатворцы «Жыватворная крыніца» будуе праваслаўны храм, грамадзкіх слуханьняў і абмеркаваньняў будоўлі не было. Правядзеньне такіх мерапрыемстваў прадугледжана заканадаўствам, тым больш што з возерам Балдук зьвязаная відавочная экалягічная праблема.
Гэтае возера ўнікальнае, але ўмяшаньне ў ягоную экасыстэму можа загубіць вадаём. У Балдуку надта доўгі водаабмен — каля 30 год, і гэтая акалічнасьць вымагае, каб наведваньне яго турыстамі было абмежавана. Вядома, ніякія абмежаваньні ня будуць дзейнічаць, калі на беразе паўстануць і праваслаўны храм, і праваслаўны летнік, на будоўлю якога ўжо таксама атрыманы дазвол.
Мясцовыя жыхары зьвярнуліся ў суд, напісаўшы, што Пастаўскі райвыканкам ня выканаў неабходных умоваў — не арганізаваў грамадзкія слуханьні, і меркаваньні праціўнікаў будоўлі ніхто не пачуў. Віцебскі абласны суд вырашыў, што судовы працэс будзе праходзіць у Глыбокім. Маўляў, каб разгляд быў аб’ектыўны.
Працэс распачаўся 6 лістапада, яго вёў глыбоцкі судзьдзя Андрэй Тарасевіч. Пастаўскі райвыканкам прадстаўляў супрацоўнік-юрыст Сяргей Кісялёў. Ён не адмаўляў, што арганізаваць слуханьні трэба, але заявіў, што пазоў да Пастаўскага райвыканкаму — не па адрасе. Маўляў, мясцовыя ўлады, якія абавязаныя арганізоўваць такія імпрэзы, — гэта Лынтупскі сельсавет, у які тэрытарыяльна ўваходзяць вёскі Вайшкуны і Станчыкі. Трэба пытацца зь іх. Або — зь Віцебскага аблвыканкаму, які даў дазвол на будоўлю без грамадзкіх слуханьняў. Рашэньне па гэтай справе будзе агучана 11 лістапада, у наступную сераду.
Нягледзячы на пратэсты мясцовага насельніцтва — дарэчы, спрэс каталіцкага веравызнаньня — будоўля праваслаўнай царквы ўжо пачалася. Мясцовыя жыхары-каталікі так і не зразумелі, якім чынам іхныя вёскі трапілі на тэрыторыю праваслаўнага прыходу пастаўскай царквы Сьвяціцеля Мікалая Цудатворцы, да якой больш за 40 км.
Анатоль Лоўкіс, уласьнік хаты ў Вайшкунах і адзін з прадстаўнікоў ініцыятывы «Балдук», апавёў:
«Дарогу празь вёску ўжо праклалі, цяпер па ёй езьдзіць тэхніка. Будоўля абгароджана плотам, ён зьверху абцягнуты непразрыстай сеткай — каб не разгледзелі, што робіцца за ім. А за ім ужо паставілі два крыжы, драўляны і жалезны, і перасаджваюць сосны — з тэрыторыі будоўлі за плот. Перасаджваюць абы-як, дрэвы наўрад ці прыжывуцца. Што будзе з возерам Балдук, якое так прывабіла праваслаўны прыход, проста цяжка сабе ўявіць...»
Эколягі з арганізацыі «Экадом», якія дапамагаюць мясцовым жыхарам у іхнім памкненьні захаваць возера, маюць самыя кепскія прагнозы. Возера Балдук з павелічэньнем колькасьці наведнікаў будзе немінуча засьмечвацца. Навукоўцы з Акадэміі навук дасьледавалі стан вадаёма і рэкамэндавалі адміністрацыі парку «Нарачанскія азёры» абмежаваць колькасьць турыстаў на паўднёвым беразе Балдука — каб пускалі людзей толькі па выходных і ня больш як 30 чалавек у дзень. Аднак па возеры праходзіць мяжа паміж абласьцямі, яго паўночны бераг — гэта ўжо тэрыторыя Віцебшчыны. І тут чыноўнікі далі дазвол на вялікую будоўлю, нягледзячы нават на парушэньні заканадаўства і экалягічную пагрозу для ўнікальнага вадаёма.