Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня трэба пілаваць крыжы


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Хто і дзе ў нас пачаў ставіць побач крыжы, каталіцкі і праваслаўны — ня ведаю. У мяне такое ўражаньне, што пачалося гэта ў Лідзкім раёне.

Хоць магу і памыляцца. Ва ўсякім разе зьява хутка распаўсюдзілася: вёска, а на ўезьдзе гэтыя два крыжы, часта звараныя з мэталічных труб, аднолькавага памеру. Мірна і памяркоўна. І калі раптам канфлікт здарыўся, як было ў Белавескім пасёлку Камянецкага раёну, – то гэта сапраўды надзвычайны выпадак.

Але калі паразважаць спакойна – што выходзіць, якая выснова? Што далікатна трэба рабіць. Ясна, каталікі заўсёды больш трымаліся традыцыі. Памятаю, калі езьдзіў у Лябёдку Іваноўскіх у Шчучынскім раёне, гэта была першая палова 1980-х, то вялікія драўляныя крыжы ўжо тады стаялі. Прычым можна было ўбачыць і сьвежы, і з шэрага ад дажджоў дрэва, які паставілі даўно. Напэўна ж мясцовая савецкая ўлада і там змагалася з «перажыткамі», але крыжы, тым ня менш, людзі наважваліся ставіць.

Прачытаў некалі ў адной з раёнак пра «ідылічны» выпадак. Аб тым, як у той жа першай палове 1980-х у вышэйзгаданым Камянецкім раёне пабудавалі новы ўзорны аграпасёлак Белавескі. І заманулася начальству нейк асабліва адзначыцца. Аўтар раёнкі з захапленьнем пісаў, што было вырашана ў аграпасёлак «мясцовых ня браць», а засяліць яго пасланцамі іншых саюзных рэспублік, стварыць у Белавескай пушчы такі міні-СССР. Заўвага: у Камянецкім раёне беларусы складаюць амаль 85 адсоткаў. Вось табе маеш! Гэта ж трэба да такога абсурду дадумацца: выпісваць зь Сярэдняй Азіі і з Каўказу тамтэйшых жыхароў, а беларусаў перавесьці ў людзей другога гатунку!

Прызнаюся: цяжка ўтрымацца ад сарказму — пабудаваць карцела свой калгасны СССР у Белавескай пушчы, пагарджаючы пры гэтым беларусам, а ён ім у пушчы іхні «савецкі рай» і скасаваў…

Зноў жа, ня ведаю: ці паўплывалі тыя пляны начальства наконт насельніцтва Белавескага пасёлка як «сям’і савецкіх народаў» на цяперашнюю сытуацыю ў ім, на настроі. Бацюшка гаворыць, што большасьць, дзевяноста адсоткаў жыхароў праваслаўныя, таму адпаведны крыж паставілі на ўезьдзе. Канечне, той сьмелы чалавек, які самавольна ўкапаў побач каталіцкі, вінаваты ў канфліктнай сытуацыі. Такія ўчынкі трэба ўзгадняць.

Будзем шчырыя: ёсьць нямала вёсак, перад якімі толькі каталіцкі крыж, а бывае — толькі праваслаўны. Але калі мова ідзе пра пасёлак зь вялікім насельніцтвам, то больш разумна будзе паставіць два крыжы. І ня трэба вылічваць: хто тут пераважае. Хіба ў працэнтах справа? Хіба тыя дзевяноста адсоткаў сапраўды ў царкву ходзяць? Ня веру. Месца ў царкве не хапіла б!

І вось тут якраз выплывае роля мясцовай (той жа пасялковай) улады. Канечне, гэта не азначае, што начальства сваімі рукамі павінна тыя крыжы стаўляць, але ўдзельнічаць у гэтым абавязана. А ня толькі прысылаць сваіх людзей зь піламі, як здаралася часам раней. Вось канкрэтныя прыклады: Ліда, Беліца, Горадня. У Лідзе на месцы сьмерці ксяндза Адама Фалькоўскага (ад рук царскіх карнікаў) людзі ставілі крыж (у другой палове 1990-х), а начальства пілавала. І аднойчы нарэшце паразумнела: у 2010-м дазволіла ўшанаваць памяць сьвятара мэмарыяльным каменем. У Беліцы Лідзкага раёну асьвечаны крыж уначы сьпілавалі. Не спадабаўся. У Горадні крыж ставілі на месцы ўзарванага храма, славутай Фары Вітаўта. У цёмны час абавязкова прыяжджалі людзі зь піламі. У мінулым годзе начальства само паставіла на гэтым месцы мэмарыял.

Так, ува ўсіх выпадках людзі ставілі крыжы без дазволу, не атрымаўшы яго або ведаючы, што не атрымаюць. Але ў любым разе паставіць крыж – больш разумны ўчынак, чым яго сьпілаваць. Як бачым, усё ж начальства, хоць вельмі марудна, але сяк-так выціскае зь сябе бальшавіка, які ламаў крыжы, руйнаваў храмы, паліў на вогнішчы абразы.

Раскажу яшчэ пра адзін нядаўні выпадак. У пасёлку Маладзёжны каля Ліды каталікі аднымі зь першых атрымалі дазвол на пабудову касьцёлу, напачатку 1990-х. Ён сучаснага абрысу, паглядны. Праваслаўныя змаглі пабудаваць царкву толькі праз дваццаць гадоў, на другім канцы пасёлка. Клясычнага ўзору, але архітэктурна зграбную. І паставілі насупраць яе крыж. І адразу побач зьявіўся таксама каталіцкі. Увага: ён быў большы і вышэйшы за праваслаўны, больш шыкоўны. Гэта міжволі зьдзіўляла. Напэўна такімі пытаньнямі займаецца касьцельная рада, прыхаджане. Але чаму тады ксёндз не зьвярнуў іхнай увагі на тое, што так рабіць нельга? Што было б, каб праваслаўныя пайшлі і паставілі насупраць касьцёлу свой крыж побач з каталіцкім і каб ён яго пераважаў? Пытаньне бадай рытарычнае.

Прайшло некалькі гадоў: каталіцкі крыж насупраць царквы замянілі, ён стаў адпавядаць праваслаўнаму памерамі і выглядам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG