Справаздачу ўладаў Беларусі ў камітэце ААН разгледзяць у чэрвені 2016 году.
Апублікаваныя (у перакладзе на расейскую мову) пытаньні Камітэту па правах чалавека ААН да Беларусі ў межах разгляду пятага пэрыядычнага дакладу аб выкананьні палажэньняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
«Гэта, у прынцыпе, квінтэсэнцыя асноўных праблемаў у галіне правоў чалавека, якія на сёньняшні дзень мае Беларусь. Фактычна тут пытаньні па ўсім каталёгу правоў, якія ўтрымліваюцца ў Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Сама працэдура справаздачнасьці ўраду па выкананьні пакту была і раней, але форма абноўленая. Спачатку няўрадавыя арганізацыі фармулявалі сьпіс пытаньняў, якія б яны хацелі, каб КПЧ задаў ураду і пачуў адказы на гэтыя пытаньні. Гэта быў якраз вынік кааліцыйнай працы беларускіх праваабарончых арганізацыяў, і „Вясны“ ў тым ліку. Шмат што з таго, пра што мы пісалі ў КПЧ, было сфармулявана ў выглядзе гэтых пытаньняў.
Тут вы можаце ўбачыць пытаньні наконт палітычна матываваных гвалтоўных зьнікненьняў, сьмяротнага пакараньня, свабоды сходаў і асацыяцыяў, выказваньня думак, распаўсюду інфармацыі і г.д. І зараз урад мусіць на іх адказаць.
Сам разгляд справаздачы будзе ў чэрвені 2016 году, і паводле гэтай працэдуры мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў, у сваю чаргу, маем права пракамэнтаваць адказы ўраду на гэтыя пытаньні. Што мы і зьбіраемся зрабіць. Такім чынам мы ствараем праваабарончы парадак дня для ўраду, і на гэтыя ўсе пытаньні яны мусяць адказаць», — заявіў Свабодзе намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
Цалкам дакумэнт можна прачытаць тут.