Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ — дзеці, ужо — злачынцы


Вялікі розгалас сярод аўдыторыі нашага радыё выклікала апошняя перадача «Свабода ў турмах», прысьвечаная тэме юнацкай ды дзіцячай злачыннасьці. Чаму ўсё часьцей за краты трапляюць падлеткі — хлопчыкі і дзяўчаткі школьнага ўзросту? І што чакае іх потым, пасьля таго як, прайшоўшы так званыя «турэмныя ўнівэрсытэты», яны выходзяць на волю — без адукацыі, без прафэсіі, часта — азлобленыя на грамадзтва, самотныя, без уласнага кутка.

Сёньняшні адмысловы выпуск праграмы «Свабода ў турмах» мы вырашылі прысьвяціць водгукам, якія прыйшлі на гэтую перадачу ў выглядзе камэнтароў на сайце Свабоды.

Наведнік сайта пад нікам Мінак, разважаючы над прычынамі зьявы, прапануе зазірнуць у гісторыю. Ён піша:

«На мяжы 19–20 стагодзьдзяў крымінолягі царскай Расеі, аналізуючы рост дзіцячай злачыннасьці, безнагляднасьць ды алькагалізацыю непаўналетніх, папярэджвалі эліты пра небясьпеку сацыяльнага бунту. Зыходзячы з агульнай маргіналізацыі грамадзтва ды сытуацыі зь дзецьмі, яны, па сутнасьці, спрагназавалі 1917 год. У 1908 годзе часопіс „Турэмны весьнік“, ізноў жа са спасылкай на вядомых прадстаўнікоў крымінальнага права, пісаў, што галоўныя прычыны злачынстваў малалетніх — гэта:

1) тое, што дарослыя ня дбаюць пра маральнае і разумовае выхаваньне дзяцей і ня сочаць за іхнімі паводзінамі;

2) галеча і незадавальненьне самых надзённых жыцьцёвых патрэбаў; і

3) разбэшчанасьць бальшыні бацькоў гэтых дзяцей.

Тады ў некаторых губэрнях Паўночна-Заходняга краю — Гарадзенскай, Віленскай, Ковенскай — узьніклі грамадзкія антыалькагольныя асьветніцкія рухі. Аднак глябальна так нічога не зьмянілася і дагэтуль, бо размова ідзе пра вялікія прыбыткі».

Зьмены за гэты час усё ж былі, паважаны слухач, і радыкальныя. (Хоць сёньня пра гэта ўжо мала хто памятае і ведае). У 1914 годзе, на пачатку вайны, царскі ўрад цалкам забараніў вытворчасьць і продаж алькаголю. Гарэлку і віно падавалі толькі ў рэстаранах. Некаторыя вынікі: сярэдняе спажываньне сьпіртнога на чалавека за кароткі час зьнізілася ў 10 разоў; доля псыхічна хворых алькаголікаў — з 20 працэнтаў усіх псыхічна хворых да менш як аднаго працэнта. Колькасьць самагубстваў зьнізілася ўдвая...

Праўда, сухі закон адмянілі бальшавікі — у 1923 годзе. Але і потым камуністам спатрэбілася яшчэ 40 гадоў, каб спаіць народ да таго ўзроўню, які быў у 1913-м годзе.

...Цяперашнім пакаленьням былых савецкіх людзей бліжэйшы досьвед барацьбы з п’янствам сярэдзіны і канца 80-х гадоў. Адметна, што, згадваючы той час, кіраўнікі цяперашняй беларускай улады (і найперш Лукашэнка) кажуць толькі пра нэгатыўныя праявы. Маўляў, вінаграднікі высякалі, самагоншчыкаў распладзілі, людзі пілі ўсялякую дрэнь...

Чамусьці ня згадваюць іншае: колькасьць алькаголікаў і сацыяльных сірот у СССР рэзка зьменшылася, працягласьць жыцьця мужчын упершыню за ўсю гісторыю царскай і савецкай імпэрыі вырасла адразу на тры гады, нараджальнасьць рэзка ўзрасла...

У сёньняшняй Беларусі, як вядома, зусім іншыя тэндэнцыі. Вось якімі назіраньнямі дзеляцца наведнікі сайта Свабоды. Карыстальнік пад нікам Стары піша:

«Зьдзіўляемся: адкуль жа бяруцца гэтыя арганізаваныя злачынныя групоўкі?

У мінулую суботу раніцай я быў непрыемна ўражаны: колькі дзяцей (нават не падлеткаў, менавіта дзяцей, школьнікаў малодшых і сярэдніх клясаў) кураць, соўгаючыся па дварах. Ды яшчэ з такім задавальненьнем, быццам адразу сталі дарослымі. І піва жлукцяць, як алкашы якія. Хоць гэта і не злачынства. Але злачынства — прадаваць цыгарэты і піва такім вось дзецям. Пра што гэтыя людзі думаюць? Толькі пра імгненную выгаду, не пра лёсы гэтых дзяцей».

Там, дзе ў падлеткавых кампаніях увесь час прысутнічаюць алькаголь ды тытунь, неўзабаве могуць зьявіцца і наркотыкі: так не без падстаў лічаць многія. Прычым мяжа паміж спажыўцом і прадаўцом атруты часта — размытая. Інтэрнэт-карыстальнік пад нікам В піша:

«Спажыўцы часта самі становяцца прадаўцамі, і ня толькі зрэдзь часу. Так што ня бачу вялікай розьніцы паміж наркаманам і барыгам».

З гэтым слухачом уступае ў размову іншы:

«А Вас не зьдзіўляе, колькі ж дарослых кураць? І піва жлукцяць, як алкашы нейкія? Калі ў Вас ёсьць дзеці, Вы павінны былі заўважыць, як яны з раньняга ўзросту капіююць паводзіны бацькоў і іншых дарослых. Нармальныя людзі павінны б скарэктаваць свае паводзіны, разумеючы гэта! Аднак ня вельмі: шпацыруюць з вазкамі зь півам ды цыгарэтамі. Бухаюць, а вакол бегаюць дзеці... Што пасееш, тое і пажнеш».

Пра вырашальную ролю бацькоўскага прыкладу піша ў сваім камэнтары і Тацяна Ўладзіміраўна зь Лепеля:

«Ведаю не адну вонкава нібыта прыстойную сям’ю, чые дзеці трапілі ў турму. А бацькі ж імкнуліся забясьпечыць ім заможнае жыцьцё, не ўсьведамляючы часам, што бацькоўская ўвага нашмат больш важная за грошы. Якраз на гэта неставала часу. А дзяцей з маленства трэба вучыць спачуваньню, суперажываньню, гуманнасьці, веры ў Бога. Нам падаецца, што гэтаму мы і вучым.

Насамрэч трэба зьвяртаць увагу на кожнае сваё слова пры дзецях. У дзяцей вельмі разьвітае так званае падслухоўваючае ўспрыманьне. Пляткарым мы, непачціва выказваемся пра некага — яны ўсё гэта ўспрымаюць, паўтараюць і робяць высновы».

Выснова бясспрэчная: прыклад дзецям даюць дарослыя. Але хто перавыхавае тых дарослых, якія, зайшоўшы ў краму, рушаць найперш не па малако і хлеб для дзяцей, а па гарэлку і цыгарэты для сябе любімых, залежных ад уласных хваравітых схільнасьцяў?

Гонячыся за лёгкімі грашыма і зрабіўшы алькаголь і тытунь агульнадаступнымі, дзяржава ў хуткім часе натуральна сутыкнулася з наступствамі такой палітыкі: рэзкім ростам колькасьці сірот пры жывых бацьках, маштабным алькагалізмам і спадарожнікамі беспрабуднага п’янства — злачыннасьцю ды беспрацоўем.

Адметна, якім спосабам беларуская ўлада змагаецца з праблемай. Бацькоў, якія праз сваё п’янства страцілі бацькоўскія правы, абклалі алімэнтамі на карысьць дзіцячых дамоў. А беспрацоўных, многіх зь якіх выгналі з працы за тое ж п’янства — падаткам на дармаедзтва. Хоць зразумела, што спагнаць хоць якія грошы з хранічных алькаголікаў, як правіла, немагчыма.

Злачынствы, за якія моладзь трапляе за краты, найчасьцей так ці інакш зьвязаныя з алькаголем і наркотыкамі. Асабліва шпаркімі тэмпамі расьце колькасьць падлеткаў, асуджаных паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу за распаўсюд наркотыкаў: толькі летась — у чатыры разы. Тое, што адказнасьць за такія злачынствы ў Беларусі зроблена больш жорсткай і надыходзіць цяпер з 14-гадовага ўзросту, яшчэ больш павялічыць гэтую лічбу.

Камэнтары наведнікаў сайта Свабоды да гэтай тэмы. Слухач пад нікам Ананім:

«Жыву ў спальным раёне. З майго вакна відаць ціхую вуліцу. Побач — будоўля. Часта бачу: зьбіраюцца пацаны ў чорных капюшонах. Яўна купляюць адзін у аднаго наркату. Празь нейкі час хуценька разьбягаюцца.

Што адметна: недалёка — апорны пункт міліцыі. Што, „мянты“ пра распаўсюднікаў нічога ня ведаюць? Ня веру!

У суседнім доме нядаўна быў рамонт, дык там будаўнікі знайшлі схованку з наркотыкамі ў ліфтавай шахце.

А ў турму кінулі, канечне ж, не арганізатараў злачыннага бізнэсу, а хранічных хворых, якім жыць засталося, можа, на адну зацяжку...»

Такое ж меркаваньне пра ролю міліцыі ў гэтай зьяве — у чытача пад нікам Мясцовы. Ён піша:

«Наркотыкі — кармушка для мянтоў на ўсіх узроўнях. І гэтым многае тлумачыцца».

Яшчэ адно ананімнае меркаваньне — на тэму будучыні вязьняў, якія, адбыўшы пакараньне, выходзяць на волю:

«Наша дзяржава зайшла ў тупік. Што рабіць з гэтымі „зэкамі“ — ніхто ня ведае. Ясна толькі, што, пасядзеўшы там, яны выходзяць абсалютна страчанымі і нават небясьпечнымі для грамадзтва. Выключэньне — адзінкі. На добры лад, гэтыя адзінкі і павінны былі б стаць станоўчым прыкладам для тых, хто махнуў на сябе рукой. Але ж яны звычайна маўчаць у анучку... А таму, можа, зачыняць гэтых злачынцаў і зусім не выпускаць адтуль?»

Наступнае меркаваньне наконт асуджаных за наркотыкі — інтэрнэт-карыстальніка пад нікам N:

«І які толк ад гэтай рэзэрвацыі наркотаў? Мазгі яны сваімі спайсамі ўжо да 18-гадовага ўзросту выпалілі канчаткова. Рукамі нічога рабіць не навучыліся — акрамя як у вену калоць. Магу яшчэ сабе ўявіць іх у ролі мастакоў ды паэтаў — нешта дэкадэнцкае, авангардысцкае... Але што там, у калёніі, для іх мастацкія майстэрні створаць ці гурткі паэзіі?».

Некаторыя лічаць, што пакараньне за наркотыкі павінна быць яшчэ больш жорсткае. Чытач пад нікам Выхавальнік піша:

«Па вялікім рахунку, настаў час казаць пра ўвядзеньне ў дзяржаве больш жорсткіх законаў, незалежна ад узросту, за зьдзяйсьненьне любых злачынстваў, а ня толькі такіх цяжкіх, як згвалтаваньне і забойства».

Прэтэнзіі да распрацоўшчыкаў новага, больш жорсткага антынаркатычнага закону выказвае чытачка пад нікам Жанчына:

«Ад расповедаў мацярок робіцца страшна. Як можна кідаць на такія тэрміны ў зоны 18-гадовых, прычым па адным і тым жа артыкуле? Кантынгент жа ўвесь час абнаўляецца, яны пастаянна ў сваёй тэме! І рана ці позна, але гэтыя хлопцы выйдуць адтуль — праўда, ужо 30-гадовымі. Каго мы ў выніку атрымаем?

Вось цікава, тыя людзі, якія прагаласавалі за новы закон — яны хоць раз былі ў турме, хаця б на кароткай экскурсіі? Чым яны кіраваліся, уводзячы такое?»

Меркаваньні, якія выказваюць у сваіх допісах слухачы, мы папрасілі пракамэнтаваць аднаго са стваральнікаў гэтага закону — дэпутата Палаты прадстаўнікоў, намесьніка старшыні пастаяннай камісіі, якая займаецца адпаведнай праблематыкай — Вадзіма Дзевятоўскага:

«Па наркотыках сёньня сытуацыя складаная. Вельмі трагічныя лёсы. Мы бачым, як дзеці выкідваюцца з вокнаў пад узьдзеяньнем наркотыкаў. Зламаныя лёсы, скалечаныя душы, дэградацыя. А тыя ж праваабаронцы кажуць: ну навошта такія суровыя пакараньні за распаўсюд наркотыкаў?

Справядлівае ці несправядлівае пакараньне? Тут трэба кожны выпадак разглядаць асобна. Я заўсёды заклікаў і заклікаю: калі ёсьць нейкія напрацоўкі, калі грамадзтва (ці асобныя людзі) лічаць, што трэба зьмякчыць ці зрабіць больш жорсткім пакараньне — давайце абмяркоўваць. Нельга заплюшчваць вочы на відавочныя рэчы.

Адседзеўшы ў турме, ці выйдзе падлетак, выправіўшыся? Мне здаецца, тут трэба і да грамадзтва зьвярнуцца, і да сродкаў масавай інфармацыі — казаць пра наступствы. Я спадзяюся, гэта будзе фактарам стрымліваньня. Адна справа — калі ты ўхіляўся ад крымінальнай адказнасьці, спасылаючыся на тое, што непаўналетні. Некаторыя хлопцы, якія, прабачце, без мазгоў, якіх абвялі вакол пальца, не задумваліся пра наступствы, пра тое, што яны могуць прадаваць атруту, якая паламае чалавеку жыцьцё.

Але калі ў грамадзтве будзе інфармацыя, розгалас, і падлетак будзе ўсьведамляць, што адседзіць рэальны тэрмін, што ў яго будуць праблемы з законам, тады, магчыма, ён пабаіцца і ня будзе ўцягнуты ў гэта.

Гэта — не застрашваньне. Ну а як яшчэ чалавека стрымаць? У цэлым наша грамадзтва талерантнае, міралюбівае. Але ёсьць людзі, для якіх, калі ня будзе папераджальных захадаў, ня будзе стопара. Ніхто не зьбіраецца застрашваць, запалохваць, але калі падлетак будзе інфармаваны, што яго чакае рэальны тэрмін, магчыма, адумаецца: гэта будзе фактарам стрымліваньня.

Калі гэтага фактару стрымліваньня ня будзе — яго тады наагул нічога не стрымае, бо ў яго, магчыма, зусім іншыя каштоўнасьці і няма арыенціраў у жыцьці».

Гэта быў адказ дэпутата Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Дзевятоўскага на папрокі і нараканьні тых, хто лічыць адказнасьць за распаўсюд наркотыкаў празьмерна жорсткай.

У шмат якіх водгуках на перадачу, калі заходзіць размова пра адказнасьць, гучаць развагі пра ролю сям’і і школы ў гэтай справе. Меркаваньне чытачкі пад нікам Валянціна:

«Шмат можна пачуць пра тое, што вінаватыя няпоўныя сем’і. А я лічу: бяз розьніцы, двое бацькоў ці нехта адзін. Сьвядомасьць падлетка канчаткова фармуецца ў 14–15 год. А да гэтага школа і сям’я павінны быць адзінымі ў выхаваньні дзіцяці — 50 на 50. Потым суадносіны трохі зьменяцца: 60% — сям’я і 40% — школа.

Вось гэтыя 40% школа павінна адпрацаваць напоўніцу, каб даць грамадзтву нармальнага чалавека. Ад школьнага псыхоляга многае залежыць. Дзіця ў школе — зусім іншы чалавек, чым у сям’і. Там паўней раскрываецца яго сутнасьць».

Катэгарычную выснову робіць чытачка пад нікам kabeta:

«У дзіцячай злачыннасьці вінаватая найперш дзяржава зь яе зьдзеклівым стаўленьнем да інстытуту сям’і».

І яшчэ адно меркаваньне ананімнага чытача —

«Вінаватыя тут ня толькі сем’і. І школа, і дзяржава нясуць адказнасьць, паколькі палову актыўнага дня дзеці праводзяць менавіта ў школе. Усё, што ўбяруць там, адбіваецца на псыхіцы дзіцяці. І гэта ня толькі стаўленьне настаўніка да дзіцяці, але і адносіны паміж вучнямі. Пэдкалектывы часта паддобрываюцца да сем’яў так званых „крутых“, а ў выніку ў беднякоў узьнікаюць розныя комплексы. Знаю аднаго падлетка зь беднай сям’і, якога пасадзілі за тое, што скраў мабільнік. А школа нават і не паспрабавала адстаяць хлапчука...»

Гэтую размову пра адказнасьць сям’і і школы падсумоўвае ў сваім камэнтары, зробленым на просьбу Свабоды, дзіцячы псыхоляг Сьвятлана Дзядова:

«Цяпер, як ні круці, галоўнае ў выхаваньні — гэта сям’я, як вызначае заканадаўства. Як бы там ні было, дзяцей выхоўвае сям’я. І самае галоўнае — тое, што дае сям’я дзіцяці. Любыя грамадзкія структуры ідуць на дадатак. Хоць гэта і немалаважны дадатак.

Калі казаць пра падлеткаў, тут ёсьць узроставыя асаблівасьці: жаданьне процістаяць і школе, і сям’і, і там адбываецца шмат розных працэсаў. І ўсё адно грамадзтва, калі дзеці ўсё ж такі выхоўваюцца ў сям’і, будзе больш уплывовым, чым сям’я.

Яшчэ шмат залежыць ад таго, куды трапляе дзіця зь сям’і, і школа школе таксама будзе ня роўная. І дзіця сапраўды можа паводзіць сябе па-рознаму дома, у школе, на вуліцы. І гэта шмат у чым будзе залежаць ад таго, калі падлетак ня можа сябе ў нечым праявіць дома, ня можа так паводзіць сябе дома, ён зможа паводзіць сябе гэтак у іншым месцы.

Ці павінна школа выхоўваць? Напэўна, калі ёсьць сям’я, школа не павінна замяняць бацькоў. Добра, калі асноўныя арыенціры ў школы і сям’і будуць блізкія, калі не зусім аднолькавыя, то хаця б ісьці ў адну лінію. У той жа час усё, што знаходзіцца вакол нас, на нас узьдзейнічае: прынцыпы, якія існуюць у той жа школе, якія там маральныя, вартасныя якасьці, да чаго варта імкнуцца — гэта таксама дзіця бярэ. Таму, калі ня ставіцца адназначнай задачай выхаваньне ў школе (што, можа, і не павінна стаяць), яно ўсё адно таксама задае тон. На дзяцей, асабліва ў падлеткавым узросьце, узьдзейнічае асабісты прыклад кожнага настаўніка. Ці гэты прыклад разьбівае ўяўленьне падлетка, ці падтрымлівае ўяўленьні, ці дапамагае і паказвае новы кірунак, які можна выкарыстаць ці ня выкарыстаць, падабраць пад сябе, узяць як прыклад, ці проста пашырыць сьветапогляд нейкі — як можа быць.

Калі адназначна сказаць, то, напэўна, усё ж такі сям’я дае болей».

Гэта было меркаваньне дзіцячага псыхоляга Сьвятланы Дзядовай, якая пракамэнтавала допісы чытачоў Свабоды на тэму адказнасьці сям’і і школы за тыя сытуацыі, калі падлеткі трапляюць на лаву падсудных за распаўсюд і ўжываньне наркотыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG