Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяне некаторыя падначваюць — што вы, маўляў, дапамагаеце Лукашэнку выкруціцца, — Някляеў


Уладзімер Някляеў на акцыі супраць расейскай авіябазы 4 кастрычніка
Уладзімер Някляеў на акцыі супраць расейскай авіябазы 4 кастрычніка

Анатоль Лябедзька, Алесь Марачкін, Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч і Алесь Таўстыка атрымалі позвы ў Цэнтральны суд Менску на 9 кастрычніка. Аляксея Янукевіча выклікаюць у Цэнтральны РУУС.

Іх вінавацяць у правядзеньні 4 кастрычніка ў Менску несанкцыянаванага сходу супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх вайсковых базаў.

Паводле Ўладзімера Някляева, усіх, хто выступаў на мітынгу, выклікаюць у розны час.

«Мяне некаторыя з маіх блізкіх знаёмых падначваюць, што вы, маўляў, дапамагаеце Лукашэнку выкруціцца з сытуацыі. Маўляў, вы правялі гэтыя пратэстныя акцыі і далі яму магчымасьць сказаць Пуціну: слухай, Уладзімер Уладзімеравіч, я б і падпісаў, але тут у мяне ўсчалося бачыш што. Гэта ўсё лухта».

Учора Аляксандар Лукашэнка заявіў, што размовы пра разьмяшчэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося і што сёньня база Беларусі не патрэбная. А ўкінутую расейскім бокам інфармацыю ў СМІ ён назваў правакацыяй.

Уладзімер Някляеў адзначае, што праблема ляжыць у некалькіх плоскасьцях:

«Па-першае, ні Лукашэнка, ні наагул рэжым не чакаў такой актыўнасьці грамадзян Беларусі ў супрацьстаяньні гэтай ідэі — разьмясьціць у нас вайсковую расейскую базу. Бо ўсе інтуітыўна адчуваюць, што тут небясьпека. Дзе зброя — там заўсёды небясьпека, там могуць пачаць страляць. Гэтая акцыя аб’яднала цалкам усю апазыцыю. Усе практычна падпісаліся пад агульнай заявай супраць разьмяшчэньня вайсковай базы. Амаль што кожная структура, і наша „За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі“, зьбірае подпісы супраць гэтага, і грамадзяне падпісваюцца як ніколі актыўна. Прынятая пастанова на народным сходзе. Карацей, ствараецца няўтульная сытуацыя для рэжыму і пэрсанальна для Лукашэнкі ўнутры краіны. Таму ён вырашыў зьмікшаваць гэтае пытаньне напярэдадні выбараў, бо людзей пагналі на выбары, а з гэтай базай могуць быць нечаканкі.

Другое — гэта стасункі з ЭЗ. Калі ты абяцаеш тут нешта дэмакратызаваць, то пасябраваць з ЭЗ, маючы расейскую базу, якая можа нанесьці ракетны ўдар па Эўропе, ніяк не выпадае. Таму ён, зрабіўшы гэтую заяву, забівае двух палітычных зайцоў.

Расея, Пуцін лічаць, што яны дастаткова ўжо заплацілі за ўсё. А Лукашэнка лічыць, што тыя прэфэрэнцыі былі за ранейшыя паслугі, а цяпер паслуга значна большая

Але ўсё гэта дымавая завеса. Галоўнае пытаньне ляжыць у матэрыяльнай сфэры. Вядома, што ў Сочы была вельмі рэзкая размова Лукашэнкі з Пуціным пра вайсковую базу. І ў аснове ўсяго гэтага ляжыць гандаль — гэта звыклая пазыцыя Лукашэнкі. Расея, Пуцін лічаць, што яны дастаткова ўжо заплацілі за ўсё. Па розных ацэнках, да сотняў мільярдаў даляраў затрачаныя на тое, каб падтрымліваць Лукашэнку ў якасьці саюзьніка расейскага рэжыму. А Лукашэнка лічыць, што тыя прэфэрэнцыі былі за ранейшыя паслугі, а цяпер паслуга значна большая. Вось тут нестыкоўка, якая бліжэйшым часам будзе вырашацца ў закулісьсі.

Па-трэцяе, колькі Лукашэнку ні казалі пра магчымасьць дыялёгу ўнутры грамадзтва, што ёсьць сілы, якія інакш глядзяць на далейшы лёс Беларусі, трэба пачаць зь імі размову, — але гучыць: не. Што ён заяўляе? Відавочны посьпех апазыцыі ў пытаньні вайсковай базы ён ператварае ў такі самы фарс, як і выбары. Вось стаўленьне да апазыцыі, да грамадзтва. Да тых, хто за яго панясе галасы. Вы панесяце іх хлусу і манюку, чалавеку, які вас не паважае. Вы панесяце іх не за тое, каб у Беларусі стала лепш, а каб закансэрвавалася гэтая сытуацыя, якая існуе ўжо больш за 20 гадоў. Калі вы гэтага хочаце, то ідзіце галасуйце».

Уладзімер Някляеў мяркуе, што ўдзельнікаў пратэстаў супраць расейскай вайсковай базы суд пакарае штрафамі. Аднак на гэта можа паўплываць фармат акцыі 10 кастрычніка.

«Першы дзень датэрміновых выбараў паказаў, што рэжым, не зважаючы ні на што, рашуча ідзе на фальсыфікацыю. Бо ўсё, што галасуецца на папярэднім галасаваньні, фальсыфікуецца на сто адсоткаў. Усе галасы на папярэднім галасаваньні пойдуць на карысьць Лукашэнку. Як паказаў першы дзень датэрміновага галасаваньня, раней найвышэйшы адсотак быў 3%, а цяпер — 4,5%. Калі яны пашырылі адміністрацыйны рэсурс, прымушаюць перціся на датэрміновае галасаваньне, — мы пашырылі фармат гэтай акцыі, дадаўшы шэсьце. Ні ў якім разе яно не плянуецца агрэсіўным. Гэта свабоднае вольнае шэсьце вольных людзей па родным горадзе. Але яны могуць занепакоіцца, успомніць страхі 2010 году і, магчыма, прыдумаюць нешта іншае ў пляне пакараньня завадатарам пратэстнай акцыі 10 кастрычніка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG