Аляксандар Лукашэнка заявіў, што размовы пра разьмяшчэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося і што сёньня база Беларусі не патрэбная. А ўкінутую расейскім бокам інфармацыю ў СМІ ён назваў правакацыяй.
Былы кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Мікалай Статкевіч сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што Лукашэнка пачынае чарговы торг.
«Гаворка пра гэта вялася. Нават я ў турме пра гэта чытаў, пра заявы расейскіх вайскоўцаў. Прыяжджаў нават міністар абароны Расеі ледзь ня дзеля таго, каб абраць месца пад гэтую базу. То бок размовы вяліся. Так што спадар Лукашэнка хлусіць, калі заяўляе, што ніколі пра гэта гаворка не вялася.
Чаму ён цяпер робіць выгляд, што пра гэта не гаварылася? Па-першае, таму што цяпер выбары. Хоць яны гэтыя галасы і ня лічаць, але ён не хацеў выклікаць у людзей больш нэгатыву. Каб людзі ня мелі дадатковай прычыны выходзіць на акцыі пратэсту.
Па-другое, ён мае спадзяваньне атрымаць прызнаньне выбараў з боку Захаду, таму не хацеў бы цяпер палохаць Захад.
Па-трэцяе, калі гэты чалавек нешта прадае, ён заўсёды падымае кошты. Значыць, незалежнасьці ўзьнікла пагроза, яна выстаўлена на продаж. Проста гэта такі спосаб торгу. Зараз выбары пройдуць, і потым высьветліцца, што гаворка вялася, што рашэньне прымаецца. І невядома толькі дакладна, што ён за гэта возьме».
Паводле Статкевіча, грамадзтва ўстрывожана плянамі разьмяшчэньня расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі, і «гэта не дадае папулярнасьці спадару Лукашэнку».