Аляксандар Лукашэнка заявіў, што размовы пра разьмяшчэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося і што сёньня база Беларусі не патрэбная. А ўкінутую расейскім бокам інфармацыю ў СМІ ён назваў правакацыяй.
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі так пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды гэтыя заявы:
«Тое, што гэтае пытаньне ніколі не абмяркоўвалася зь беларускім кіраўніцтвам, тут Лукашэнка крывіць душой. Бо ўсё пачалося з таго, што пару гадоў таму расейскі міністар абароны Шайгу прылятаў у Менск. І пасьля сустрэч на самым высокім узроўні менавіта ўпершыню публічна заявіў, што будзе авіябаза. Ня так даўно расейскі прэм’ер Мядзьведзеў ў Горадню прылятаў і таксама закранаў гэта пытаньне. Супакоіў нібыта, што яно будзе вырашана ў камфортныя для беларускага боку тэрміны. Але насамрэч Масква разумее, што гэта наогул для Лукашэнкі дыскамфортнае пытаньне. Бо і насельніцтва насьцярожана ставіцца, і апазыцыя, натуральна, адразу з задавальненьнем гэту пройгрышную для дзейнага кіраўніка тэму перад выбарамі падхапіла. Нават Тацяна Караткевіч, якую ўважаюць за такую мяккую апанэнтку Лукашэнкі, гэтае пытаньне даволі востра ставіць. Ня кажучы ўжо пра іншых прадстаўнікоў апазыцыі, якія ладзяць несанкцыянаваныя мітынгі. Відаць, гэта якраз і закранула Лукашэнку за жывое, таму ён змушаны адрэагаваць.
І тут усё ж паказальна, што ён кажа гэта з агаворкай. Перад выбарамі яму трэба адкінуць нявыгадныя для яго камэнтары, што ён ужо здаўся, узьняў рукі ўгару, што Пуцін яму рукі выкруціў, можа, за крэдыт, а можа, проста націснуў. Таму ён кажа, што сёньня нам гэтая база не патрэбна. Гэтае „сёньня“ паказвае, што ўсё ж такі Лукашэнка разумее абмежаванасьць рэсурсу для супраціву і, магчыма, пасьля выбараў, калі Масква цяпер не даціснула, то дацісьне. Хаця супраціўляцца і высьлізваць беларускі кіраўнік будзе да апошняга. Ня толькі таму, што гэта ідэя для насельніцтва непапулярная і што апазыцыя яе раскручвае. Нават і Захад можа праглынуць гэтую авіябазу. Пакрывіліся, але натаўцы гэта ўсё праглынулі б. Але Лукашэнка разумее, што такім чынам пусьціўшы авіябазу, ён сам заглыне кручок. Бо ён бачыць, як з базы ў Крыме пачалася вайна супраць Украіны. Ён разумее, што з гэтым кручком ён не тузанецца потым да канца жыцьця. І таму ён будзе ўпірацца рогам да апошняга».