Аляксандар Лукашэнка заявіў, што размовы пра разьмяшчэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося і што сёньня база Беларусі не патрэбная. А ўкінутую расейскім бокам інфармацыю ў СМІ ён назваў правакацыяй.
Камэнтуючы гэтыя заявы, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды:
«Я думаю, што пасьля нашага пікету Лукашэнка пасьмялеў. Трэба было выказвацца раней, час быў. Гэтая дыскусія ў грамадзтве ўжо пайшла. Калі б у Лукашэнкі была ясная, зразумелая пазыцыя, то яе трэба было адразу выкласьці. Трэба было адрэагаваць на заявы, якія прагучалі з вуснаў Мядзьведзева і расейскіх вайскоўцаў.
Па-другое, у жніўні Лукашэнка казаў пра імавернасьць базы, таму нельга рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Але ў любым выпадку трэба заняць ясную пазыцыю. І трэба сказаць, што нам не патрэбныя ня толькі новыя, але і старыя, чужыя вайсковыя базы.
І я чакаў бы ад Лукашэнкі, ад МЗС, што калі яны атрымаюць мажлівасьць выйсьці на трыбуну кшталту Асамблеі ААН, то агучаць, што нам патрэбны новы дакумэнт з гарантыямі бясьпекі для Беларусі. Бо на пачатку 90-х мы выканалі свае абавязкі, мы вывелі з тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю, а не атрымалі гэтых гарантыяў.
Трэба ўлічыць досьвед Украіны. Нам трэба сёньня рыхтаваць праект новага Будапэшцкага мэмарандуму, з новым зьместам, зь ясна прапісанымі абавязкамі міжнароднай супольнасьці, і за гэта змагацца. А не за нейкую новую расейскую базу. І не абмяжоўвацца заявай, што нам гэтая база не патрэбная. А нам трэба атрымліваць ад тых, хто нам павінен гарантаваць гэтую бясьпеку, каб яны падпісалі новы дакумэнт. Але ня проста дэклярацыю, ня проста паперку».