Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жарсьці вакол авіябазы


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Нарэшце, пасьля доўгага маўчаньня, Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт расейскай авіябазы.

Як звычайна, ва ўсім абвінаваціў апазыцыю. («Я назіраю апошнім часам крыкі нашай апазыцыі наконт разьмяшчэньня расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі».) Хоць потым прызнаў, што гэта менавіта расейцы ўкідваюць інфармацыю ў мэдыі на гэтую тэму.

Заява Лукашэнкі была даволі адназначная. «Нам ня трэба база сёньня... Навошта мне сёньня завозіць сюды самалёты і лётчыкаў іншых дзяржаў? А свае што будуць рабіць?» — казаў ён. Мог бы выказацца больш цьмяна — маўляў, яшчэ нічога ня ясна, ідуць перамовы, усё будзе залежаць ад сытуацыі і інш. Вядома, што беларускі кіраўнік — гаспадар свайго слова: захацеў — даў, захацеў — забраў назад. Тым ня менш, калі база ўсё ж зьявіцца, то гэта будзе пэўная страта твару і ўдар па іміджы. У тым сэнсе, што слабак, Пуцін яго скруціў.

Калі база ўсё ж зьявіцца, то гэта будзе пэўная страта твару і ўдар па іміджы.

Але ўсё ж Лукашэнка сказаў ня ўсю праўду, трохі схітраваў. Вось ён кажа: «Я нічога пра гэта ня ведаю. Чалавек, які павінен прымаць гэтае рашэньне, — я пра гэта нічога ня ведаю... У мяне наконт гэтага ні з кім не было размовы». А вось прэм’ер Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў месяц таму ў Горадні на паседжаньні Эўразійскай міжурадавай рады апавядаў, што дамоўленасьць па гэтым пытаньні была дасягнута яшчэ ў 2009 годзе, калі ён быў прэзыдэнтам РФ. У 2013 годзе адмыслова дзеля абмеркаваньня тэмы разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы ў Менск прыяжджаў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу. Ён публічна камэнтаваў вынікі сваіх сустрэч з Лукашэнкам. Прычым гаварыў у тым сэнсе, што пра ўсё дамовіліся. Нарэшце, зусім нядаўна праект пагадненьня паміж Беларусьсю і РФ аб стварэньні авіябазы зьявіўся на расейскім афіцыйным сайце адразу пасьля перамоваў Лукашэнкі з Пуціным у Сочы. Таму заява пра тое, што «наконт гэтага ні з кім не было размовы», выглядае няшчырай.

Пра прычыны, дзеля якіх Лукашэнка выступае супраць расейскай авіябазы, ужо даводзілася пісаць. Хіба варта дадаць, што пасьля пачатку ваеннай апэрацыі Расеі супраць «Ісламскай дзяржавы Іраку і Леванту» небясьпека быць уцягнутай у чужую вайну і рэалізацыю імпэрскіх амбіцыяў РФ яшчэ больш узрасла.

Апошнім часам Расея настойліва «троліць» афіцыйны Менск, прычым нейкім дзіўным чынам.

Варта зьвярнуць увагу, што апошнім часам Расея настойліва «троліць» афіцыйны Менск, прычым нейкім дзіўным чынам. Акрамя інфармацыйнай атакі на тэму авіябазы, былі і іншыя спробы ціску.

Тры тыдні таму кіраўнік падкантрольнага Маскве Эўразійскага фонду стабільнасьці і разьвіцьця (ЭФСР) Дзьмітры Панкін выступіў з заявай, што Беларусі выдзелены першы транш крэдыту, заяўку на атрыманьне якога беларускія ўлады падалі даўно. Але Нацыянальны банк абверг гэтую інфармацыю. І тады на сайце ЭФСР зьявіўся новы варыянт інтэрвію Дзьмітрыя Панкіна, дзе інфармацыі пра выдзелены першы транш ужо няма.

29 верасьня расейскае афіцыйнае агэнцтва «РИА Новости» паведаміла, што па выніках пасяджэньня Савету міністраў Саюзнай дзяржавы ў Маскве Расея і Беларусь дамовіліся пра адтэрміноўку беларускіх плацяжоў па дзейных крэдытных лініях да 2016 году. 2 кастрычніка Міністэрства фінансаў Беларусі абвергла згаданую інфармацыю і паведаміла, што гэтае пытаньне на пасяджэньні саюзнага Саўміну, якое адбылося 29 верасьня ў Маскве, не разглядалася.

З улікам таго, што ў краіне адбываецца прэзыдэнцкая кампанія, у Маскве палічылі, што Лукашэнка цяпер уразьлівы і зь ім можна размаўляць з пазыцыі сілы.

Калі б гэта быў адзіны выпадак, то яго можна было б разглядаць як выпадковасьць. Але паколькі такія ўкіды ідуць адзін за адным, то відавочна, што адбываецца інфармацыйная атака. Гэтыя паведамленьні пра нібыта расейскае фінансавае шчыраваньне на карысьць Беларусі можна разглядаць як аванс за авіябазу. Паколькі эканамічны стан Беларусі дрэнны, патрэбныя крэдыты. І з улікам таго, што ў краіне адбываецца прэзыдэнцкая кампанія, у Маскве палічылі, што Лукашэнка цяпер уразьлівы і зь ім можна размаўляць з пазыцыі сілы. Але выйшла ня вельмі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG