Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суздальцаў: Масква на заявы Лукашэнкі адрэагуе спакойна, але не даруе


Андрэй Суздальцаў
Андрэй Суздальцаў

Заявы кіраўніка Беларусі наконт непажаданасьці разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы мы папрасілі пракамэнтаваць расейскага палітоляга, намесьніка дэкана факультэту сусьветнай эканомікі і сусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэя Суздальцава. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Суздальцаў: Заява Аляксандра Лукашэнкі зробленая за 4 дні да выбараў. Гэта апошняя гульня Ўладзімера Макея. Цяпер, дэманстратыўна адмаўляючыся ад расейскай базы, Лукашэнка робіць вялікі ўнёсак у прызнаньне вынікаў выбараў Захадам. Гэта вынік візыту ў Нью-Ёрк.

Лукашэнка спрабуе вярнуць дыскусію ў стан на 2014 год, калі размова пра базу толькі пачалася. Ён як бы не адмаўляецца ад вайсковага супрацоўніцтва, а спрабуе вярнуцца да размовы аб бясплатнай вайскова-тэхнічнай падтрымцы з боку Расеі.

Папярэднія дамоўленасьці безумоўна былі. Але калі стала зразумела, што Лукашэнка ад іх адыходзіць, пытаньні сталі ставіцца ў зьвязцы — база і падтрымка на выбарах, база і крэдыт. Інакш з Лукашэнкам не атрымліваецца размаўляць.

Цяпер Лукашэнка ўпэўнены, што выбары ён выйграў. З расейскім крэдытам пытаньне падвісае, але, магчыма, Лукашэнка падчас сустрэчы ў Нью-Ёрку са старшынёй МВФ Крысьцін Лягард дасягнуў нейкіх пагадненьняў і атрымаў нейкія абяцаньні.

У сьвятле заяваў Лукашэнкі Расея выглядае як імпэрская дзяржава, якая цісьне на няшчасную Беларусь. Ён гэтую вэрсію ўвесь час прадае Захаду — Расея на яго цісьне, таму Захад мусіць ісьці яму насустрач. Ён вельмі моцна падстаўляе Расею.

Расеі тая база і ня надта была патрэбная. Калінінградзкая групоўка абараняе Беларусь і бяз базы ў Беларусі. Але калі пачалося супрацьстаяньне з Захадам, калі Захад пачаў нарошчваць узбраеньні ў суседніх зь Беларусьсю краінах, Расеі база стала патрэбная.

На дэмарш Лукашэнкі Масква адрэагуе спакойна, але не даруе. Некаторыя магчымасьці Лукашэнкі на расейскім палітычным полі скароцяцца. Ягонае лобі тут амаль зьнікла. Ён спадзяецца, што сытуацыя ва Ўкраіне ізноў абвострыцца і крыўды Расеі будуць кампэнсаваныя ягонай роляй пляцоўкі для перамоваў. Але ў пытаньні атрыманьня крэдытаў, атрыманьня таннай нафты ў Расеі ў яго ўзьнікнуць пэўныя праблемы. Масква яму не даруе, бо яна цяпер у стане вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG